Ці рыхтуе прапаганда беларусаў да вайны?

Медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі ў гутарцы са «Св*бодай» аналізуе апошнія павевы і наратывы беларускай афіцыйнай прапаганды, ацэньвае ступень яе сінхранізацыі з крамлёўскай і адказвае на пытанне, да чаго рыхтуе прапаганда беларусаў.

photo_2022_12_06_17_58_55.jpg


— Ці змянілася афіцыйная прапаганда за апошнія тыдні, калі пачало актыўна абмяркоўвацца пытанне магчымай новай агрэсіі з тэрыторыі Беларусі на Украіну? Ці рыхтуе прапаганда беларусаў да вайны?

— Прапаганда выконвае заданні «зверху», не абавязкова ведаючы, у чым сапраўдная мэта гэтага «верху». Так што ў нашай сітуацыі размова можа ісці як пра падрыхтоўку сапраўднага нападу з беларускага плацдарма на Украіну, так і пра тое, што можа стварацца толькі ўражанне, што такі напад рыхтуецца. Таму адназначна высновы рабіць немагчыма.
Але і ў лістападзе, і ў снежні мы маглі заўважыць павелічэнне мілітарысцкай рыторыкі. Усё больш з'яўляецца матэрыялаў, дзе гаворыцца пра «абарону айчыны», пра тое, што «побач вайна, а ў Беларусі астравок стабільнасці», «мы не ўдзельнічаем у вайне, але калі нападуць, то мусім абараняцца», «NATO ўсё больш канцэнтруецца каля беларускіх межаў». Гэтыя наратывы і раней прысутнічалі, але зараз іх стала значна болей.
Я б асабліва адзначыў інтэрв'ю міністра абароны Віктара Хрэніна газеце «Беларусь сегодня» ад 30 лістапада. Там паказальна тое, што міністр выказваўся нават больш канструктыўна і асцярожна, чым аўтарка інтэрв'ю Людміла Гладкая, якая проста прымушала яго пагаджацца з тымі наратывамі, якія яна сама прапаноўвала. Гэта былі не проста «цяжкія пытанні», якія часам задаюць журналісты, каб падштурхнуць суразмоўцаў да пэўных адказаў — гэта была цэлая канцэпцыя. Хрэнін пры гэтым гаварыў пра канструктыўную пазіцыю заходніх вайскоўцаў, якія знаходзяцца ў кантакце з беларускімі, і гэтак далей. То бок атрымалася, што прапагандыстка была большым ястрабам за міністра абароны.
Калі ж гаварыць пра Лукашэнку, то ён робіць выказванні, разлічаныя на розную аўдыторыю — часам у адной прамове робіць супрацьлеглыя высновы. Але рыторыка пра вучэнні, пра канцэнтрацыю войскаў, пра падрыхтоўку Украіны да вайны — усё гэта перажоўваецца прапагандай вельмі актыўна.
— У 2022 годзе па беларускім тэлебачанні паказвалі ролікі, дзе беларускія вайскоўцы заяўлялі: «Мы нікуды не ідзём, мы застаёмся». Ці працягваюць іх паказваць, ці гэты мэсэдж ужо адменены?
— Той ролік быў запісаны ў адказ на відэа, запісанае ўкраінскім бокам, дзе ўкраінцы казалі, што не трэба беларускім вайскоўцам ісці ваяваць ва Украіну. Так што гэта была тады канкрэтная рэакцыя на канкрэтную падзею, і зараз тыя ролікі ўжо не паказваюць. Зараз прапаганда вядзе размову ў стылі: «Калі трэба, то мы будзем ваяваць. Калі на нас нападуць, то будзем ваяваць». Можна прыгадаць, што перад 24 лютага 2022 году беларуская прапаганда разам з расейскай казала, што Захад хлусіць, ніякага нападу на Украіну не будзе — але потым адразу пачалі казаць, што гэта быў прэвентыўны адказ на агрэсію Украіны.
Для прапаганды «пераабувацца» зусім не складана. Іншае пытанне — яны хацелі б сказаць людзям, да чаго іх рыхтаваць, але не заўсёды ведаюць, да чаго. Яны кажуць, што няма ніякай схаванай мабілізацыі, гэта проста пераўлік кадраў у ваенкаматах — але людзі бачаць, што тут нешта адбываецца, і гэта трывожна.
На фоне агульнай трывожнасці і вайны ў рэгіёне словы Лукашэнкі пра тое, што мы мусім абараняцца, выглядаюць больш пераканаўча — для тых людзей, якія давяраюць Лукашэнку і дзяржаўным мэдыя.


— Аднак з вашых слоў вынікае, што пакуль гэты пасыл дваісты? Пакуль нельга сказаць, што ўся прапаганда пераключылася на падрыхтоўку да вайны? Такога ж нават у СССР не было ў чэрвені 1941 году.
— Ёсць істотнае адрозненне. Тады, у чэрвені 1941-га, савецкая прапаганда ўсяляк даказвала, што ніякай вайны не будзе. Цяпер наадварот: расказваецца пра тое, што ёсць шмат правакацый і вайна можа быць. Разам з тым можна адзначыць, што падзенне ракеты на тэрыторыі Беларусі аказалася менш значным чыннікам, чым падзенне ракеты ў Польшчы. Тую гісторыю прапаганда выкарыстала напоўніцу, каб давесці, што сярод саюзнікаў Украіны могуць узнікнуць праблемы і яны сутыкнуцца лбамі.
А гісторыю з падзеннем ракеты ў Беларусі яны фактычна моцна не раскручвалі, быў вельмі зніжаны тон. Я думаю, прапагандыстаў тут стрымлівала пытанне адказнасці і магчымых наступстваў. Бо калі б яны наўпрост абрынуліся на Украіну, гэта магло б ператварыцца ў рэальную нагоду для абвастрэння сітуацыі.


— Мы бачым, як ГУБАЗІК хапае людзей за любыя праўкраінскія праявы, за колеры ўкраінскага сцяга, за словы падтрымкі Украіны ў сацыяльных сетках. Фармальна кажучы, гэта не з'яўляецца ніякім парушэннем ніякага заканадаўства, і Беларусь з Украінай не ваюе. Наколькі расейскі наратыў, што ўкраінцы ворагі, перадаецца зараз беларускай прапагандзе?
— Мы ў праекце Медіа-IQ яшчэ ўвосень 2021 году адзначылі, што беларуская прапаганда пачала ўжываць «альтэрнатыўныя» намінацыі: замест «украінская ўлада» — «украінская хунта», замест «узброеныя сілы» — «украфашысты», «нацыяналісты» і гэтак далей. Калі прапаганда атрымала такую адмашку — гэта відавочна паказвае, на чыім баку прыхільнасці кіроўнага рэжыму. А ГУБАЗІК, як галоўны палітычны карны орган, проста выконвае сваю карную функцыю.
Але я б усё ж развёў дзейнасць карных органаў з прапагандай. Мы бачым па сацыялагічных апытаннях, што беларусы ніяк не захапляюцца вайной ва Украіне, не сталі масава падтрымліваць расейскую агрэсію. Так што мы бачым, што прапаганда тут не дасягае сваіх мэтаў. Разам з тым нельга сказаць, што яна цалкам неэфектыўная. Гэта, можа, і не працуе на падтрымку расейскай агрэсіі — але працуе на дэматывацыю людзей, якія супраць вайны. Калі людзі чытаюць тыя гісторыі, што адбываюцца ў сценах ГУБАЗІКа, то гэта застрашвае людзей, яны могуць не наважыцца на выказванне сваіх думак.
— Ці можна сказаць, што сёння беларуская прапаганда цалкам перайшла на рэйкі расейскай, ці яна захоўвае нейкую сваю адметнасць? Альбо яна проста стала рэгіянальнай часткай крамлёўскай прапаганды?
— Адметнасці захаваліся. Так, адбылася пэўная сінхранізацыя з расейскай прапагандай, але засталіся і асобныя інтарэсы. Акцэнт робіцца на тым, што «мы ў вайне не ўдзельнічаем, мы робім розныя гуманныя рэчы». Яны вырашаюць розныя задачы.
Беларускай аўдыторыі імкнуцца не назаляць тым, што ў краіне прысутнічаюць расейскія войскі, поўным табу з'яўляецца той факт, што Беларусь стала плацдармам для нападу на Украіну ў лютым. Прапаганда нават не ўзгадвае тую думку, што з тэрыторыі Беларусі можа быць зноў ажыццёўлена агрэсія супраць Украіны. Іхны наратыў: «На Беларусь могуць напасці, нам трэба бараніцца».