І цябе палічылі, і мяне палічылі

У Беларусі стартаваў перапіс насельніцтва. Зараз кожны грамадзянін павінен паведаміць пра сябе пэўныя звесткі. Прыкладам, на што ён жыве, ці ёсць ў яго камп’ютэр, якую мову ён вывучыў першай, і гэтак далей... Але нічога, акрамя смеху і сораму за тое, у якой краіне мы жывем і як складзеныя гэтыя апытанкі, персанальна ў мяне не ўзнікае.

Спачатку крыху статыстыкі. Паводле дадзеных Белстата, у краіне створана 648 перапісных, 6326 інструктарскіх і 31846 падліковых участкаў. Задзейнічана каля 48 тысяч перапісчыкаў і абслугоўваючага персаналу.



95151403b0db4f75bfd8da0b393af853.jpg

У Беларусі стартаваў перапіс насельніцтва. Зараз кожны грамадзянін павінен паведаміць пра сябе пэўныя звесткі. Прыкладам, на што ён жыве, ці ёсць ў яго камп’ютэр, якую мову ён вывучыў першай, і гэтак далей... Але нічога, акрамя смеху і сораму за тое, у якой краіне мы жывем і як складзеныя гэтыя апытанкі, персанальна ў мяне не ўзнікае.
Спачатку крыху статыстыкі. Паводле дадзеных Белстата, у краіне створана 648 перапісных, 6326 інструктарскіх і 31846 падліковых участкаў. Задзейнічана каля 48 тысяч перапісчыкаў і абслугоўваючага персаналу.
Перапісу падлягаюць беларускія і замежныя грамадзяне, якія пастаянна пражываюць у краіне, асобы без грамадзянства, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, а таксама грамадзяне, якія пастаянна пражываюць, але часова адсутнічаюць у сувязі з выездам за мяжу ў камандзіроўку, на працу, на вучобу тэрмінам да аднаго года, замежныя грамадзяне, якія прыбылі ў Беларусь на працу і вучобу тэрмінам на адзін год і больш.
Вось тут і першае «тры разы «ха-ха». Кшталту барадатага вайсковага анекдота: «Тыя, хто адсутнічаюць, падыміце рукі». Як можна перапісаць тых, хто «часова адсутнічае ў сувязі з выездам за мяжу ў камандзіроўку, на працу, на вучобу тэрмінам да аднаго года»? Другое «ха-ха»: чаму перапісу падлягаюць «замежныя грамадзяне, якія прыбылі ў Беларусь на працу і вучобу тэрмінам на адзін год і больш»? Хіба яны грамадзяне Беларусі? Хіба яны плануюць такімі стаць? Хіба яны плануюць тут застацца? Такім чынам можна значна падвысіць колькасць насельніцтва Беларусі, а потым гучна рапартаваць аб «істотным паляпшэнні дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне»!
Трэці раз «ха-ха». На гэты раз нават «гы-гы». «Не падлягаюць перапісу асобы, якія выехалі за мяжу ў камандзіроўку, на вучобу, на працу тэрмінам на адзін год і больш», — паведамляе Белстат. Вось гэта крута насамрэч! Спачатку дзяржава (Белстат, гэта ж дзяржаўная ўстанова, слушна?) выкідвае за межы краіны Еўрапейскі гуманітарны універсітэт, пазбаўляе права на адукацыю ліцэістаў Гуманітарнага ліцэю, выганяе з навучання шматлікіх грамадзян Беларусі, якія потым едуць па «праграме Каліноўскага» вучыцца ў Польшчу, Чэхію, Літву... А потым яшчэ і не лічыць іх за сваіх грамадзян? А як быць з тымі, хто з’ехаў з Беларусі па студэнцкім абмене — у тыя ж Злучаныя Штаты?
«Урадам распрацавана палажэнне аб парадку аховы персанальных даных, якое гарантуе канфідэнцыйнасць інфармацыі на ўсіх этапах перапісу. Персанальныя даныя падлягаюць ахове на працягу 75 гадоў», — паведамляе Белстат. Калі я паглядзеў на гэтае паведамленне, увогуле паўгадзіны не мог з падлогі падняцца, бо смех быў проста істэрычны. «Ахове на працягу 75 гадоў» у той час, калі праводзіцца павальная дактыласкапія насельніцтва? Калі перапісчыкі ходзяць па дамах «асабліва нядобранадзейных» з міліцыянтамі? Калі ў анкеты ўключаны пункты аб «крыніцах сродкаў існавання» і «занятасці»? Калі я дажыву да ста гадоў, мне вельмі хацелася б паглядзець на чалавека, які зацікавіцца, чым я займаўся і на што жыў 75 год таму.
Карацей, нездарма казалі: «Ёсць хлусня, ёсць вялікая хлусня, і ёсць статыстыка». Толькі пытанне, каму патрэбная такая статыстыка?
На правядзенне перапісу накіравана каля 21 мільярд рублёў, з іх 7 мільярдаў пойдуць на аплату працы перапісчыкаў. Кожны з іх атрымае ў якасці ўзнагароджання суму ў памеры чатырох базавых велічынь (140 тыс. рублёў). А астатнія — каму?
І ўвогуле, шмат ужо разоў казалі, што ў перыяд крызісу трэба «замарозіць» стратныя праекты, каб зэканоміць грошы. А тут яшчэ і Масква падціскае.
Кіраўнік «Газпрама» Аляксей Мілер заявіў, што цэны на газ для Беларусі будуць павышаныя ў адпаведнасці з кантрактам. «Ёсць кантракт, у адпаведнасці з якім прадугледжана паэтапнае павышэнне цаны на газ для Беларусі, і трэба выконваць кантракт, трэба працаваць у адпаведнасці з кантрактам... Беларускі бок паставіў подпіс пад гэтым кантрактам. Беларускі бок павінен выконваць свае абавязацельствы», — сказаў кіраўнік «Газпрама».
«Газпрам» таксама патрабуе, каб да канца года Беларусь ліквідавала запазычанасць за газ. 7 верасня на сустрэчы з прэзідэнтам Дзмітрыем Мядзведзевым кіраўнік «Газпрама» Аляксей Мілер паведаміў, што запазычанасць Беларусі — каля 200 мільёнаў долараў — сфарміравалася ў пачатку 2009 года. Паводле слоў Мілера, часткова яна была пагашана ў жніўні, але ўсё яшчэ застаецца «вельмі значнай».
І ў гэтых абставінах мы выкідваем грошы на паперкі? Хаця, здаецца, урад знайшоў выйсце. У Беларусі распрацаваны варыянты энергазабеспячэння народнай гаспадаркі і насельніцтва ва ўмовах магчымага скарачэння паставак. Пра гэта паведаміў намеснік міністра эканомікі Анатоль Філонаў 14 кастрычніка на пасяджэнні прэзідыума Савета міністраў, дзе абмяркоўваўся ход падрыхтоўкі народнай гаспадаркі краіны да працы ў восеньска-зімовы перыяд.
Паводле слоў Філонава, Міністэрства энергетыкі з удзелам канцэрна «Белнафтахім» і іншых зацікаўленых ведамстваў «распрацавала варыянты палівазабеспячэння і рэжымаў энергазабеспячэння народнай гаспадаркі і насельніцтва ў ацяпляльны перыяд ва ўмовах магчымага зніжэння паставак энерганосьбітаў у рэспубліку, а таксама ў выпадках магчымага ўзнікнення аварыйных сітуацый і рэзкіх пахаладанняў». Намеснік міністра таксама паведаміў, што па ўзгадненні з аблвыканкамамі і Мінгарвыканкамам зацверджаны графікі абмежаванняў і адключэння спажыўцоў ад газавых, электрычных і цеплавых сетак у выпадку ўзнікнення аварыйных сітуацый.
Такім чынам, зразумелая логіка ўрада. Мы будзем ратавацца ва ўмовах «абмежаванняў і адключэння спажыўцоў ад газавых, электрычных і цеплавых сетак» адным чынам — паліць у сябе ў хаце тым, што ёсць: бланкамі перапісу насельніцтва, якія няшмат каму патрэбныя. Ці не так?