Дабрабыт праз спагнанні

Тое, што адбываецца ў Беларусі, не дае сумаваць ні журналістам, ні шaраговым грамадзянам. Не паспелі прагучаць заявы галоўнага палітыка краіны пра заклапочанасць падзеннем амерыканскай ды еўрапейскай грашовых адзінак, як долар і еўра ўзляцелі на нязведаныя раней вышыні. А тым часам улады хочуць спагнаць з апазіцыйнай партыі грошы за быццам бы пашкоджаны офіс.



07dbd9a180c7cc69cada7b982c5ae82c.jpg

Тое, што адбываецца ў Беларусі, не дае сумаваць ні журналістам, ні шaраговым грамадзянам. Не паспелі прагучаць заявы галоўнага палітыка краіны пра заклапочанасць падзеннем амерыканскай ды еўрапейскай грашовых адзінак, як долар і еўра ўзляцелі на нязведаныя раней вышыні. А тым часам улады хочуць спагнаць з апазіцыйнай партыі грошы за быццам бы пашкоджаны офіс.
Мінулая серада стала рэкорднай, што да курсу заходніх валют да беларускага рубля. Нават нягледзячы інтэрвенцыю Нацыянальнага банка ў памеры 22 мільёнаў долараў падчас другой (дадатковай) сесіі Беларускай валютна-фондавай біржы, курс долара склаў 8710 рублёў, што на 110 рублёў перавысіла курс самых першых таргоў на другой сесіі БВФБ 14 верасня, а курс еўра ўзняўся да 12010 беларускіх рублёў. Расійскі ж рубель пацягнуў у сераду на 276 беларускіх.
Як з гэтай нагоды не ўзгадаць нядаўнія заявы кіраўніка дзяржавы, калі на некалькіх дадатковых сесіях БВФБ замежныя валюты дзіўным чынам гублялі ў вазе, пра яго заклапочанасць лёсам еўра і долара! Маўляў, Ермаковай (кіраўніцы Нацбанку) і Мясніковічу (прэм’ер-міністру) яшчэ трэба папрацаваць, каб долар не абрынуўся! Ага, зараз! Напрацавалі…
На пяцігадзіннай прэс-канферэнцыі для расійскіх рэгіянальных журналістаў 7 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што ў нашай краіне былі цяжкасці, але зараз сітуацыя стабілізавалася. І вось не прайшло і тыдня — атрымайце, панове! Эканоміка чарговым разам пацвердзіла, што гучным заявам ды дырэктывам яна не падпарадкоўваецца. На думку вядомых эканамістаў, гэта яшчэ не мяжа. Кіраўнік Аналітычнага цэнтра “Стратэгія Леанід Заіка прагназуе, што пры захаванні такога трэнду, асабліва пасля павышэння на 28% тарыфнай стаўкі першага разраду, курс долара да канца бягучага года можа скласці каля 11 тысяч беларускіх рублёў. А былы кіраўнік Нацбанку Станіслаў Багданкевіч лічыць, што пры правядзенні далей цяперашняй эканамічнай палітыкі ўрадам і рэгулятарам курс долара можа дасягнуць і 12 тысяч рублёў. Вось цікава, колькі ў пераліку на валюту будуць складаць заробкі, пенсіі і стыпендыі нават пасля іх абяцанага павелічэння?
Там часам, 12 кастрычніка ў новы офіс Партыі БНФ на вуліцы Крапоткіна наведаўся ўчастковы інспектар Савецкага РУУС і запатрабаваў тлумачэнняў наконт скаргі ЖРЭА, якая вырашыла спагнаць з апазіцыянераў 19 мільёнаў рублёў. Паводле эксплуатацыйнікаў, Партыя БНФ пры высяленні са свайго папярэдняга офісу на Машэрава, 8 наўмысна пашкодзіла маёмасць. Як заявіў участковы, такая сума можа падпадаць пад дзеянне артыкула Крымінальнага кодэкса Беларусі і можа пацягнуць распачацце крымінальнай справы. Маўляў, у каштарысе ЖРЭА гаворыцца пра дэмантаваныя дзверы, пашкоджаныя сцены, вокны, свяцільнікі і гэтак далей.
Па словах старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, сума ў 19 мільёнаў рублёў “нерэальная і фантастычная. Янукевіч сцвярджае, што ніякай шкоды памяшканню не наносілася, наадварот, сядзіба захоўвалася ў вельмі добрым стане. Арандатары неаднойчы праводзілі рамонт, усталявалі імпартную сантэхніку. Такім чынам, на думку палітыка, ЖРЭА спрабуе атрымаць дадатковыя сродкі. Толькі вось хочацца прыгадаць і тое, колькі разоў невядомыя вандалы псавалі дзверы, білі шыбы падчас знаходжання Партыі БНФ у офісе на Машэрава, 8. І нешта не прыгадваецца, каб ці то ЖРЭА, ці то міліцыя знайшлі зламыснікаў і каб нехта кампенсаваў партыйцам выдаткі на рамонт пасля такіх нападаў. То бок, фінансавая плынь, нават самая малая, мусіць быць толькі ў адным накірунку — дзяржаўным.
А вось больш буйную фінансавую плынь, хоць і не наўпроставую, можна будзе чакаць з боку Расіі, якая выказала гатоўнасць прафінансаваць 90% работ па кантракту будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі на Астравеччыне. Пра гэта 13 кастрычніка журналістам паведаміў намеснік міністра энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк. У дадзеным выпадку гаворка ідзе пра расійскі дзяржаўны экспартны крэдыт. Па словах Міхадзюка, “крэдытнае пагадненне знаходзіцца ў высокай ступені гатоўнасці. “Засталіся толькі невялікія кансультацыі па асобных момантах на ўзроўні экспертаў, і пагадненне будзе накіравана на ўнутрыдзяржаўныя працэдуры як у Расіі, так і ў Беларусі, бо гэта міжурадавае пагадненне, — адзначыў намеснік міністра энергетыкі.
Паводле чыноўніка, у аб’ём кантрактных абавязацельстваў з расійскага боку ўваходзіць будаўніцтва неабходнай інфраструктуры для АЭС. Дарэчы, як прызнаў ён, будаўніцтва жылля не ўваходзіць у аб’ём абавязацельстваў расійскага боку.
І вось тут узнікае пытанне: ці знойдуцца грошы на гэтае будаўніцтва ў беларускага боку? Гэта ў той час, калі банкі спыняюць ільготнае крэдытаванне жыллёвага будаўніцтва, а яго тэмпы зніжаюцца па зразумелых прычынах.
Разам з тым, будаўніцтва атамнай станцыі ў Гродзенскай вобласці можа зрабіць яшчэ больш напружанымі стасункі паміж Беларуссю і нашымі суседзямі з Еўрасаюза. Напрыклад, Вільнюс лічыць выбар пляцоўкі для размяшчэння Беларускай АЭС палітычна матываваным. “Мы вельмі б прасілі беларускія ўлады не ўводзіць у зман не толькі беларускі народ, але і ўсю сусветную супольнасць, — заявіў журналістам 12 кастрычніка пасол Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас. — Выбар пляцоўкі не дасць ніякіх перспектыў супрацоўніцтва ў энергетычнай сферы з Літвой.
Дыпламат нагадаў, што 11 кастрычніка першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў Беларусі Віталь Кулік заявіў беларускім журналістам, што пазіцыя Літвы, якая выступае супраць будаўніцтва АЭС у Гродзенскай вобласці, ёсць палітычна матываванай. Кулік таксама заявіў, што Беларусь правяла з Літвой усе працэдуры па абмеркаванню справаздачы аб Ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА) будучай АЭС. “Заява першага віцэ-міністра Куліка Літва лічыць заведама не адпавядаючай ніякім стандартам дыпламатычных норм і заведама лжывай, бо Літва шматкроць заяўляла, што так званыя грамадскія слуханні ў Вільнюсе лічацца не адбытымі. Ніякіх кансультацый, мы лічым, таксама не адбылося, — падкрэсліў Эдмінас Багдонас. З яго слоў, Літва накіравала скаргу ў МАГАТЭ аб тым, што “справаздачы аб АУНА не было. Па словах літоўскага пасла, “і ў Жэневе, і ў Брусэлі Беларусь будзе павінна адказаць на многія і многія пытанні.
Пасля выпадаў на адрас Польшчы з боку кіраўніка беларускай дзяржавы абвастрэнне адносін з Літвой можа стаць сімвалічным, бо менавіта літоўскае кіраўніцтва, нават у асобе прэзідэнта гэтай краіны, працяглы час выступала адвакатам беларускіх уладаў на міжнароднай арэне. Цяпер афіцыйны Мінск можа наступіць на “атамныя граблі і канчаткова пазбавіцца сваіх абаронцаў у лагеры краін-удзельніц Еўрапейскага саюза.