Паводле афіцыйных дадзеных, гандлёвы дэфіцыт за 11 месяцаў мінулага года склаў 4,8 мільярда долараў, а імпартаёмістасць айчыннага ВУП — 75%. І Аляксандр Лукашэнка нядаўна
запатрабаваў ад прэм’ера Міхаіла Мясніковіча рашучых дзеянняў па абмежаванні імпарту.
У выніку быў хутка распрацаваны і прыняты план замены імпартных тавараў таварамі айчыннай вытворчасці. За кожны від тавару будзе адказваць ведамства, прызначанае ўрадам.
Для канкрэтыкі прывядзём дадзеныя з плану ўраду. Міністэрству прамысловасці даручана забяспечыць пастаўку 10 000 імпартазамяшчальных прасаў, 7 000 фенаў, 400 тысяч энергазберагальных люмінесцэнтных
лямпаў, 7 тысяч парасонаў, 20 тысяч гадзіннікаў і 1 тысячы фрэзерных грабель.
Белнафтахім мусіць паклапаціцца пра імпартазамяшчэнне 7 тысяч кошыкаў для бялізны, 7 тысяч скрыняў для цацак і сінтэтычных пральных сродкаў.
Мінінфармацыі адказвае за імпартазамяшчэнне пазлаў (тысяча штук). Мінфін — за пастаўку тэчак-рэгістратараў (10 тысяч штук) і паперы для факса (50 тысяч штук). Беллегпрам забяспечыць выпуск
10 тысяч пагонных метраў зашпількі “маланка, 250 дзіцячых універсальных калясак, 1,5 тысячы шапак з натуральнага футра, а таксама тканін, адзення, трыкатажу і інш.
У гэтым спісе падгузнікі, парфума, гігіенічныя пракладкі, скутэры, настольныя гульні, яйкі полыя (адназначны фаварыт ва ўсіх, хто чытае дакумент), яны ж аналаг “кіндэр-сюрпрыза,
шматслаёвыя батончыкі, дзіцячыя гіпаалергенныя сухія сумесі, шакаладныя дражэ, жавальныя цукеркі ды інш.
У дакуменце агаворана, што “спажывецкія характарыстыкі названых тавараў павінны забяспечваць іх канкурэнтаздольнасць, адпавядаць лепшым сусветным аналагам з улікам прапаноў
Мінгандлю.
У 2007 годзе ўжо была прынятая Пастанова савету Міністраў №28 “Аб некаторых пытаннях вытворчасці і пастаўкі на ўнутраны рынак імпартазамяшчальных спажывецкіх тавараў. Адпаведныя
заданні атрымалі ці не ўсе міністэрствы і ведамствы. Пры гэтым у дакуменце падкрэслівалася, што “асвойваемыя тавары павінны адпавядаць лепшым імпартным аналагам па спажывецкіх уласцівасцях,
тэхнічных характарыстыках, выконваемых функцыях, дызайне, упакоўцы і цэнавым фактары. У спісе на імпартазамяшчэнне, у прыватнасці, называліся аўтамабілі легкавыя (2 тысячы штук), барбекю
перасоўныя (500 штук), гантэлі (1000 штук), кампактныя фотакамеры (15 тысяч штук), рыдлёўкі (8 тысяч штук), МР-3 плэеры (10 тысяч штук), кандыцыянеры, нажніцы і многае іншае.
Ні ў якім разе не аспрэчваючы той факт, што трэба развіваць працоўныя месцы, вытворчасць у краіне, усё ж трэба паставіць пад сумнеў гэтыя праграмы — іх эфектыўнасць, мэтазгоднасць і ўвогуле
рацыянальнасць. Найперш трэба адзначыць, што шэраг тавараў, якія маглі б канкураваць з імпартнымі аналагамі, беларускія вытворцы так і не навучыліся рабіць, хаця і ўзяліся за справу. Напрыклад,
нажніцы для краўцоў у краме вам параяць набыць кітайскія — кошт аднолькавы, а якасць лепшая. Пральныя сродкі, прадметы гігіены таксама саступаюць па сваёй якасці, тэму можна працягваць. А
выпадак з “імпартазамяшчэннем манітораў — калі пад налепкай “Інтэграл выявіўся лагатып Acer — увогуле мусіць увайсці ў гісторыю айчыннай
эканомікі.
“Імпартазамяшчальныя кубікі, з якіх трэба складаць карцінкі, падарылі нам на новы год 10 хвілін цішыні. Малюнкі сталіся незбіраемымі (часткі малюнка не было, а частка дублявалася), а дзіця
не чакала такой “засады і аслупянела перакладвала элементы. З нецярпеннем чакаем пазлаў! — пішуць на адным з беларускіх інтэрнэт-форумаў.
Адміністратыўныя меры барацьбы супраць імпарту прыводзяць да непрыхаванага пратэкцыянізму і лабіравання інтарэсаў дзяржаўных прадпрыемстваў з боку органаў дзяржаўнага кіравання. У выніку якасць
імпартазамяшчальнай прадукцыі, яе кошт істотна саступаюць замежным канкурэнтам. І ўвогуле, імпартазамяшчэнне ў Беларусі найчасцей выглядае як з тым маніторам “Інтэграл —
сыравіну, камплектуючыя закупілі за мяжой, нешта дазбіралі тут і налепку пераклеілі.
Ці думалі ўвогуле аўтары гэтай праграмы пра эканамічную выгоду ад вытворчасці “250 дзіцячых універсальных калясак? Каб адкрыць такое канкурэнтаздольнае прадпрыемства, трэба
закупіць адпаведнае абсталяванне, набыць сучасную тэхналогію, матэрыялы і мець аб’ём вытворчасці ў дзясяткі тысяч, а не ў 250 штук.
Увогуле, калі ўрэшце даць свабоду бізнэсу, стварыць нармальныя ўмовы і рэальную падатковую сістэму, то ахвочых выпускаць шакаладныя дражэ і сукенкі будзе чарга. Беларусы — прадпрымальныя
людзі і з галавою на плячах!
Але пакуль будуць дырэктыўныя планы на паперы і падобныя разнарадкі, то хіба што можна параіць пад маркай праграмы імпартазамяшчэння выпускаць долары — ідэальны варыянт!
Даеш беларускі долар!
- Грамадства
- 13-01-2012
Паводле афіцыйных дадзеных, гандлёвы дэфіцыт за 11 месяцаў мінулага года склаў 4,8 мільярда долараў, а імпартаёмістасць айчыннага ВУП — 75%. І Аляксандр Лукашэнка нядаўна
запатрабаваў ад прэм’ера Міхаіла Мясніковіча рашучых дзеянняў па абмежаванні імпарту.
У выніку быў хутка распрацаваны і прыняты план замены імпартных тавараў таварамі айчыннай вытворчасці. За кожны від тавару будзе адказваць ведамства, прызначанае ўрадам.
Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!
Больш цікавага на «Новым Часе»: