Ідэалагічная вайна ўваходзіць у новую фазу

Чаму заўсёды перад значнымі палітычнымі падзеямі я ўзгадваю знакамітую фразу з рамана братоў Стругацкіх «Стажоры»: «Ідэалагічная вайна на Бамбергу ўваходзіць у новую фазу»? Напэўна, таму, што выбары — хутчэй барацьба за свядомасць людзей, за іх душы, а не толькі за «галасы электарату». Хто будзе найбольш пераканаўчы, хто здолее адваяваць свае галасы — той і пераможа. «Стабільнасць крыштальнага сасуда або рэформы», — такі зараз выбар.



3b5020bb891119b9f5130f1fea9bd773.jpg

Чаму заўсёды перад значнымі палітычнымі падзеямі я ўзгадваю знакамітую фразу з рамана братоў Стругацкіх «Стажоры»: «Ідэалагічная вайна на Бамбергу ўваходзіць у новую фазу»? Напэўна, таму, што выбары — хутчэй барацьба за свядомасць людзей, за іх душы, а не толькі за «галасы электарату». Хто будзе найбольш пераканаўчы, хто здолее адваяваць свае галасы — той і пераможа. «Стабільнасць крыштальнага сасуда або рэформы», — такі зараз выбар.
Выбары прэзідэнта Беларусі пройдуць 19 снежня 2010 года. Адпаведная пастанова прынятая 14 верасня Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу на пася­джэнні пазачарговай, пятай, сесіі. За прагаласавалі аднагалосна ўсе 108 дэпутатаў. Пытанне пра разгляд даты выбараў у Беларусі было ўнесена ў парадак дня пасяджэння сесіі ніжняй палаты парламента саветам палаты за некалькі хвілін да пачатку пленарнага пасяджэння.
Пасля абвяшчэння парламентам даты выбараў пра намер удзельнічаць у выбарчай кампаніі заявілі шэраг беларускіх палітыкаў, у прыватнасці старшыня ЛДП Сяргей Гайдукевіч, лідэр грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў, лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі, намеснік старшыні Беларускай партыі «Зялёныя» Юрый Глушакоў, намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук, эканаміст Віктар Цярэшчанка.
Рашэнне пра фармат удзелу ў выбарах лідэра руху «За Свабоду» Аляксандра Мілінкевіча будзе абнародавана да канца тыдня.
Зразумела, не абыдзецца на гэтых выбарах і без дзейнага лідэра краіны — Аляксандра Лукашэнкі. Нягледзячы на тое, што некаторыя з патэнцыйных прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта не лічаць ягоны ўдзел у выбарах магчымым.
«Лукашэнка не мае ні маральнага, ні юрыдычнага права вылучаць сваю кандыдатуру на прэзідэнцкіх выбарах», — заявіў намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Палітык не бачыць юрыдычных падстаў лічыць легітымнымі рашэнні рэферэндуму 2004 года, якія дазваляюць абірацца прэзідэнтам адной асобе неабмежаваную колькасць разоў. «Шаснаццаць гадоў палітыкі гандлю нацыянальнымі інтарэсамі, якой кіруецца Лукашэнка, паставілі краіну ў літаральным сэнсе на мяжу існавання, — лічыць Кастусёў. — Яе працяг будзе азначаць вялікую рызыку страты беларускім народам дзяржаўнасці і пераўтварэнне нашай краіны ў прадмет каланіяльнай экспансіі».
Такім чынам, гэта першы ідэалагічны выклік Аляксандру Лукашэнку. Аднак наўрад ці ён будзе адзіным.
Тым больш, зараз беларуская ўлада знаходзіцца пад пільнай увагай Масквы. Яшчэ не паспелі заціхнуць усялякія «Хросныя бацькі» і адгалоскі атакі на расійскае пасольства ў Мінску, як прагучаў новы інфармацыйны выбух. Ананімны супрацоўнік расійскіх спецслужб паведаміў, што Пуцін настолькі раззлаваўся на Аляксандра Лукашэнку, што «заказаў» яго невядомым кілерам.
Аналітыкі адзначаюць, што замовы і замахі — звычайная тэма для прэзідэнта Лукашэнкі. Гэта стала ўжо звычкай, а не сенсацыяй. З 1994 года, з моманту «нападу пад Лёзна», нас пужалі ці то ўкраінскімі, ці то грузінскімі баевікамі, былы старшыня КДБ Сцяпан Сухарэнка «выкрыў» спробу атруціць мінскі водаправод дохлым пацуком у 2006-м. Нічога з гэтага не здзейснілася.
Няма сумневаў, што, каб Пуцін сапраўды раззлаваўся на Лукашэнку і загадаў бы яго «прыбраць», то Аляксандр Рыгоравіч не пражыў бы і тыдня. Тым больш, што беларускія спецслужбы вельмі шчыльна «нашпігаваныя» расіянамі. Так што гэта інфармацыйнае ўкідванне, верагодна, было зроблена з беларускага боку. А вось як да яго паставіцца Пуцін — гэта вялікае пытанне. Бо яго наўпрост абвінавацілі ў арганізацыі заказнога забойства, а такія абвінавачванні патрабуюць адказу.
Наўрад ці сваю пазіцыю адносна беларускіх выбараў зменіць і Еўропа. Еўрасаюз спадзяецца, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць у адпаведнасці з еўрапейскімі і міжнароднымі стандартамі дэмакратычных выбараў. Пра гэта заявіла Мая Качыянчыч, прэс-сакратар вярхоўнага прадстаўніка ЕС па знешніх сувязях Кэтрын Эштан. Качыянчыч адзначыла, што БДІПЧ АБСЕ дало Беларусі шэраг рэкамендацый у гэтай сферы. Як спадзяецца ЕС, яны «будуць рэалізаваны перад выбарамі», бо закліканы забяспечыць роўныя ўмовы для ўсіх кандыдатаў.
То бок, Еўропа спадзяецца на выкананне патрабаванняў АБСЕ адносна правядзення празрыстых і дэмакратычных выбараў, якіх у Беларусі практычна ніколі не было. Спа­дзявацца на тое, што яны адбудуцца зараз, таксама не выпадае. Такім чынам, Беларусь апынулася ў аблозе і з Захаду, і з Усходу. Што будзе рабіць у гэтым выпадку ўлада — невядома, пэўна, нават ёй самой.
Тым не менш, не ўсё спакойна і ўнутры Беларусі. Генеральная пракуратура правярае версію аб забойстве і інсцэніроўцы самагубства журналіста Алега Бябеніна, паведаміў намеснік генеральнага пракурора Андрэй Швед 13 верасня на прэс-канферэнцыі для вузкага кола журналістаў. Фрагменты яго заявы былі паказаныя ў праграмах навін беларускіх тэлеканалаў.
«Намі правяраецца некалькі версій, — сказаў Швед. — Першая версія — гэта самагубства журналіста. Другая версія, адпаведна, — забойства і інсцэніроўка самагубства. Па выніках праведзеных праверачных і іншых мерапрыемстваў на сёння няма ніякіх даных, якія б ставілі пад сумненне асноўную версію: самагубства журналіста».
На гэтую акалічнасць, паводле слоў Шведа, указвае шэраг аб’ектыўных даных, матэрыялаў, апытанняў асоб і іншых акалічнасцяў, якія «даследуюцца і будуць правярацца ў далейшым». «Акрамя таго, і другая версія, звязаная з магчымым забойствам і інсцэніроўкай самагубства, намі, як я ўжо сказаў, з рахункаў не здымаецца. Мы працуем у поўным аб’ёме», — сказаў прадстаўнік Генпракуратуры. «Заяўляю: ніводная інфармацыя, якая з’яўляецца ў так званых апазіцыйных СМІ, звязаная з акалічнасцямі гібелі журналіста, на сённяшні дзень аб’ектыўна не пацвярджаецца», — заявіў Швед.
Такім чынам, пракуратура не выключае, што смерць Бябеніна — гэта забойства. Але, як паведамлялася раней, следчыя дзеянні не завершаныя. І якім будзе вынік экспертыз і следства, даведаемся прыкладна праз месяц.