Грамадства чытаючых пенсіянераў

Пра патрэбы беларусаў у духоўным набытку і кошт кнігі ў пераводзе на кілбасу «НЧ» распавёў дырэктар выдавецтва «Беларускі кнігазбор» Генадзь ВІНЯРСКІ:

— Мінулы год для эканомікі краіны і дабрабыту яе грамадзян быў абвальным. Як гэтыя катаклізмы адбіліся на выдавецкай дзейнасці?



fe04e05fbe48920b8ba90bea2ddfe60b.jpg

Пра патрэбы беларусаў у духоўным набытку і кошт кнігі ў пераводзе на кілбасу «НЧ» распавёў дырэктар выдавецтва «Беларускі кнігазбор» Генадзь ВІНЯРСКІ:
— Мінулы год для эканомікі краіны і дабрабыту яе грамадзян быў абвальным. Як гэтыя катаклізмы адбіліся на выдавецкай дзейнасці?
— Калі ацэньваць наша выдавецтва, то мы, наадварот, летась спрацавалі лепш. У нас стабільная тэндэнцыя — цягам года выпускаем 70–100 найменняў кніг. Але летась мы выдалі больш кніг на замову, а не серыйных. А сёлета як замоўцы знойдуцца, так і будзем працаваць. Хаця агульная эканамічная сітуацыя паўзе ўніз, грошай у людзей стала менш — найперш выдаткоўваюцца сродкі на аплату камунальных паслуг, на ежу. А на духоўнае ўжо як атрымаецца.
Прыватныя асобы, якія звяртаюцца да нас, выдаюць кнігі ці за ўласныя сродкі, ці з дапамогай спонсараў. Дык у гэтай сітуацыі і спонсараў стала менш, бо ніхто цяпер не раскідвацца грашамі — эканомяць, неяк імкнуцца заробак працаўнікам павялічыць. Сабекошт кнігі, натуральна, падвысіўся. У сакавіку 2011 года мы выдалі кнігу Вінцука Адважнага з нашай серыі, яе сабекошт быў 25 тысяч, кошт продажу — каля 30 тысяч. Думаю, цяпер сабекошт такой кнігі каля сямідзесяці тысяч, а ў продажы яна з’явіцца па цане блізу ста тысяч рублёў. І людзі, найперш маральна, некаторы час не будуць гатовыя да гэтага.
Канешне, той, хто сапраўды цікавіцца кнігай, будзе яе набываць у любым выпадку. І мы б хацелі знайсці нейкага фундатара, каб зменшыць выдаткі нашых чытачоў. Тым больш, што наш патэнцыйны чытач — пенсіянер, студэнт, супрацоўнік устаноў адукацыі, культуры. Гэтыя людзі не маюць высокага прыбытку. Мне падаецца, што з дапамогай ахвярадаўцаў можна было б зрабіць, каб кніга ў цвёрдай вокладцы каштавала блізу пяцідзесяці тысяч рублёў. Часам мы нават гаворым пакупнікам, што кніга каштуе як батон кілбасы ці кілаграм сыру. Гэта нямнога, калі ўлічыць, колькі часу трэба, каб яе напісаць і выдаць! Мы не прыніжаем такім чынам вартасць кнігі, але спрабуем данесці людзям, што цана насамрэч не высокая. Канешне, ёсць кнігі-аднадзёнкі — бульварныя раманы, якія выходзяць на таннай паперы, вялікімі накладамі і таму каштуюць менш.
Калі ж гаварыць пра беларускамоўную кнігу, то не трэба забывацца і пра тое, што ў Беларусі ідзе татальная палітыка русіфікацыі, з’явіўся інтэрнэт — хаця б я і не стаў перабольшваць яго ролю, жыццё сціснулася, і многа часу ад нас вымагае праца, штодзённыя клопаты... Усё гэта скарачае колькасць чытачоў. Дарэчы, менавіта пенсіянеры, бо маюць многа вольнага часу, і сталі самай чытаючай часткай нашага грамадства.
— Вы працуеце ў выдавецкай справе ад сярэдзіны 1990-х гадоў, распавядзіце, як змяніліся наклады кніг, густы чытачоў?
— Наклады кніг тады даходзілі да дзесяці тысяч экзэмпляраў. Цяпер жа, калі атрымаецца прадаць пяцьсот-семсот асобнікаў — вельмі добра. І кнігарні сталі ў разы менш прадаваць. Аптымальныя наклады для зборнікаў паэзіі, сучаснай прозы — двесьце-трыста экзэмпляраў. Калі прыцягнуць рэсурс бібліятэк, што звычайна робіцца на перыферыі, то наклад можна павялічыць. Раней такія беларускія энтузіясты, як Уладзімір Арлоў, Зміцер Бартосік аб’едуць усю краіну і без праблем прададуць кнігі. Зараз накладныя расходы такіх праездаў перавышаюць выгоду ад продажу кніг, ды і з клубам мясцовым, навучальнай установай няпроста дамовіцца на арганізацыю творчага вечара. Я б адзначыў і той факт, што раней кнігарні былі самастойнымі суб’ектамі з уласнымі банкаўскімі рахункамі. Пастаўляеш ім кнігі — і атрымліваеш разлік. А цяпер амаль усе кнігарні належаць сістэме Белкнігі, цяжэй пастаўкі рабіць па прызначэнню. Заўважу, на паліцах кнігарняў восемдзесят працэнтаў займаюць расійскія выданні.
— Як мяркуеце, ці стае беларускай літаратуры сваіх цікавых аўтараў і твораў?
— Прыкладна семдзесят адсоткаў тых людзей, што прыходзяць у нашае выдавецтва, прыносяць якасную літаратуру. Але любой літаратуры трэба рабіць прамоцыю — аўтара прадставіць чытачу, урыўкі з кнігі апублікаваць. Чалавек мусіць мець уяўленне, што за кнігу ён набывае. У савецкі час нават па тэлебачанню распавядалі пра навінкі кніжнага рынку, была развітая сістэма літаратурнай крытыкі, плённа працавала бюро прапаганды мастацкай літаратуры пра Саюзе пісьменнікаў. Цяпер хіба што маладыя аўтары самі сябе неяк піяраць, саюзы пісьменнікаў як бы там ні было, сталі па розныя бакі ідэалогіі.
Я мяркую, што маладой плыні паэтаў варта карыстацца сучаснымі тэхналогіямі для прасоўвання сваіх твораў — начытваць вершы і прадаваць аўдыёверсіі. Гэта надае каларыту, заўжды цікава пачуць аўтарскі голас, інтанацыю. Увогуле, ёсць прыклады, калі пісьменнікі, дзякуючы свайму імпэту і актыўнасці, прадаюць і тысячу экзэмпляраў. Кнігу трэба не толькі напісаць і выдаць, а яшчэ і ўмець данесці да спажыўца.
— Калі прыходзіш у кнігарню, то палічкі з беларускамоўнай дзіцячай літаратурай маленькія. Усе кнігі спрэс рускамоўныя. Пустуе ніша дзіцячай беларускай літаратуры?
— Так, рынак хутчэй пусты, чым поўны. Зусім нядаўна пачалі з’яўляцца цікавыя казкі. Раней чамусьці нашы аўтары да вершаваных твораў для дзяцей схіляліся, ды гэтая форма даволі складаная маленькаму чалавеку для ўспрыняцця. Для дзіцяці кніжка, як і цукерка, — мусіць быць прыгожай, з яркай вокладкай, вялікімі ілюстрацыямі. Некаторыя беларускія выданні сапраўды гэтаму афармленню адпавядаюць. Яшчэ важна, каб аўтар зразумеў псіхалогію і філасофію дзіцяці, каб змест кнігі быў блізкі і зразумелы, а не былі фантазіі адарванага ад дзіцячага свету пісьменніка. Беларуская дзіцячая літаратура толькі пачынае свой шлях.
— Што «Беларускі кнігазбор» рыхтуе сёлета для сваіх чытачоў?
— Мы працягваем выдаваць нашых класікаў. У свет выйдуць зборы твораў Алеся Адамовіча, Цішкі Гартнага, Анатоля Грыцкевіча, Кастуся Тарасава. Класіка для Беларусі бадай што найбольш запатрабаваная. Яшчэ цяпер карыстаецца папулярнасцю краязнаўчая і мемуарная літаратура. Сучасная літаратура — яна «для абмежаванай тусоўкі». Хочам мы ці не, але большая частка насельніцтва Homo Sovieticus з кансерватыўнымі густамі і поглядамі, таму новыя літаратурныя плыні не адразу знаходзяць свайго чытача.
— Прыадкрыйце таямніцу выдавецкай справы: малады пісьменнік хоча выдаць сваю кнігу. Колькі грошай яму трэба назбіраць на сваё «літаратурнае дзіця»?
— Часам нашы выдавецтвы пішуць, што тысячны і больш наклад кнігі таго ці іншага аўтара разышоўся як гарачыя піражкі — тое звычайна чысты піяр! Калі малады пісьменнік і, як кажуць, вядомы ў пэўных колах, прадасць трыста кніг, то будзе страшна шчаслівы! Маладым аўтарам трэба ўлічваць свае магчымасці для продажу. Я б раіў замаўляць дзвесце-трыста экзэмпляраў. Выданне ў кардоннай вокладцы трохсот кніг па дзвесце восем старонак будзе каштаваць блізу васьмі мільёнаў.