Ганна Севярынец: Адбываецца разбурэнне інтэлектуальнага падмурку нацыі

Днямі стала вядома, што ў новым навучальным годзе праграмы па прадметах для 9-ых класаў будуць абноўленыя і спрошчаныя. Аднак школьная праграма і так ужо спрошчаная да немагчымасці, перакананая настаўніца.

p5135277_logo_1.jpg

У 2019/2020 навучальным годзе беларускія дзевяцікласнікі будуць вучыцца па новай праграме. Яе, як сцвярджаюць у Нацыянальным інстытуце адукацыі, «спрасцілі і канкрэтызавалі». Так, частка найбольш складанага матэрыялу перанесеная ў 10 і 11 класы. Сярод іншага, напрыклад, вывучэнне «Мёртвых душ» па рускай літаратуры перанеслі з 9 у 10 клас. У беларускай літаратуры скарацілі змест такіх тэм, як «Літаратура Сярэднявечча», «Літаратура эпохі Адраджэння»; выключаныя асобныя пытанні тэорыі літаратуры (паняцці аб літаратурным працэсе, мастацкіх кірунках і плынях). Ва ўсіх праграмах скарочаны пералік абавязковых для засваення паняццяў, а частка матэрыялу і ўвогуле будзе вывучацца «на ўзроўні фарміравання ўяўленняў».
«Новы Час» папрасіў настаўніцу, пісьменніцу і даследчыцу літаратуры Ганну Севярынец патлумачыць, што гэта значыць і да чаго можа прывесці.
— Ганна Канстанцінаўна, што за змены адбываюцца цяпер у школьнай праграме і якіх наступстваў можна ад іх чакаць?
— Любы прадмет павінен вывучацца сістэмна. Бо мы не проста ўкладаем у дзяцей нейкія веды, даем інфармацыю. На сённяшні дзень каштоўнасці ў гэтым няшмат, таму што ёсць інтэрнэт, ёсць адкрытыя лекцыі, якія чытаюць выдатныя педагогі, ёсць «Арзамас». І сэнс выкладання любога прадмета ў тым, што мы даем яго сістэмна. Мы даем дзецям магчымасць зразумець вертыкальныя і гарызантальныя сувязі, якія існуюць у любой маштабнай з’яве: у літаратуры, мастацтве, фізіцы, хіміі. Вынікам навучання павінна быць уяўленне чалавека пра гэты вучэбны прадмет як пра сістэму. Каб вучань, напрыклад, калі адкрывае праграму ЦТ і не памятае нейкіх звестак, але, разумеючы структурныя сувязі, мог бы аднавіць адказ на пытанне. Каб ён не проста валодаў эмпірыкай, а разумеў логіку развіцця. Гэта галоўнае, чаму мы павінны навучыць, — уяўленню аб сістэмнасці сусвету.
Апошнім часам гэтае сістэмнае ўяўленне разбураецца метадычна. Калі прыводзіць прыклады, то некалькі гадоў таму з рускай мовы выкінулі разрады займеннікаў, таму што нібыта іх цяжка вучыць. Іх, канешне, цяжка вучыць. Але пасля гэтага дзеці перасталі разумець, што словы «каждый», «самый», «всякий», «другой» — гэта займеннікі, і сталі пазначаць іх як прыметнікі. Потым выкінулі аднасастаўныя сказы. Але калі ты не разумееш, што сказы могуць быць аднасастаўнымі, ты потым не можаш разбіраць складаназлучаныя і складаназалежныя сказы.
Літаратуру выкладалі праз тэорыю сістэм: што такое рамантызм, рэалізм, як яны змяняюць адна адну. І атрымліваецца, што ты літаратуру разумееш як арганізм, які мае сваё развіццё, у якім змест залежаў ад пануючай на той момант мастацкай сістэмы. Тады па-іншаму пачынаеш глядзець на тэкст, разумееш, што гэта комплекс сувязяў — і асабістых з боку пісьменніка, і знешніх, і г.д. І зараз гэтую тэорыю прыбіраюць. І мы ўжо не зможам сістэмна ўявіць развіццё літаратуры. Ну і ў дадатак перакідваюць кавалак з ХХ стагоддзя пасярод ХІХ, потым вяртаюць ХІХ, і атрымліваецца проста набор не звязаных адно з адным ведаў. Напрыклад, Чычыкаў напрыканцы 9 класа лагічна завяршае лінейку Чацкі — Анегін — Пячорын — Чычыкаў. Ад рамантычнага бунтара Чацкага праз Анегіна, які ўвесь у спліне, праз цыніка Пячорына даходзіць да Чычыкава, які гандлюе мёртвымі душамі. І гэта была сістэма. А зараз — чорт ведае што.
— Навошта разбураюць гэтую сістэму?
 — Прасцей думаць пра тое, што існуе нейкі шэраг некампетэнтных загадаў, якія аддаюць некампетэнтныя людзі, што сыходзяць не з адукацыйных мэтаў і задач. Складаней думаць, што гэта робіцца спецыяльна дзеля таго, каб цалкам разбурыць гуманітарыстыку і ў школьным, і ў вышэйшым навучанні — бо ў кіраўніцтва БДУ ёсць планы аб’яднаць журфак, філфак і істфак. Бо, што б там ні казалі, гуманітарыстыка рухае свет. Яна ўплывае на развіццё мозга і крытычнага мыслення і ў айцішнікаў, і ў матэматыкаў, і ва ўсіх астатніх. Гуманітарыстыка дае нам інтэлектуальна развівацца, фармулюе метадалогію абсалютна для ўсіх навук. Разбураючы гуманітарыстыку, яны разбураюць інтэлектуальны падмурак нацыі.
— Аўтары зменаў сцвярджаюць, што тыя ўводзяцца дзеля спрашчэння праграмы. Можа, сапраўды, у сучасным свеце аб’ём інфармацыі ўсё большае, і дзецям складана яго засвоіць?
— Школьная праграма ўжо спрошчаная да немагчымасці, яна ўжо разлічаная на нейкіх дурняў. Прыстасаваныя для інтэлектуальнай працы дзеці здольныя вывучыць школьную праграму за 5 гадоў, а не за 11. Калі толькі па-іншаму размеркаваць урокі. Напрыклад, гісторыю ХІХ стагоддзя праходзяць у 8 класе, а літаратуру ХІХ стагоддзя — у 9. Ну гэта ж маразм! А калі сумяшчаеш гэтыя два прадметы, то ўдвая павялічваецца эфектыўнасць авалодвання ведамі.

Таму я не ведаю, што яшчэ можна спрашчаць у школьнай праграме — хіба што калі каціцца да ўзроўню нацыстаў: каб толькі лічылі, разумелі дарожныя знакі і маглі прачытаць напрамак да канцлагеру.


— Вы заўважаеце ўплыў зменаў у школьнай праграме на падрыхтоўку вучняў?
— Гэта трэба спытаць у выкладчыкаў ВНУ, якія прымаюць на першы курс проста катастрафічна падрыхтаваных дзяцей нават з высокімі баламі. Мне тэлефануе мая выпускніца і кажа: «Дзякуй вам, што вы нас навучылі, што такое дзеепрыметнік і дзеепрыслоўе. Бо я адна ў групе магу разабраць, дзе што». Зараз якасць выпускнікоў агульнага культурнага ўзроўню вельмі нізкая. Можа быць, матэматыку яны рашаюць, але ўзровень гуманітарных ведаў у іх вельмі нізкі.
— Ці раяцца з настаўнікамі пры ўнясенні зменаў у школьную праграму?

— Так. Я бачыла гэтыя змены зімой. Увесь гэты год мне — не ведаю, з якіх прычын, — дасылалі ўсе новыя распрацоўкі: і падручнікі, і праграмы. Ветліва пыталіся, ці магу я паглядзець. Я з вялікім задавальненнем адводзіла час, пісала прасціны каментароў. І калі я пабачыла гэтую праграму, нават не магла падумаць, што гэта асэнсавана. Я вырашыла, што гэта памылка, і паведаміла пра яе. Але там няма такой манеры — адказваць на каментары.