Генерал выбітных вартасцяў і ворагі, якія не хочуць лічыцца з генеральскімі планамі
Для
імператара, не вельмі ўпэўненага ў сваёй стабільнасці, парадны генерал мае
значныя перавагі перад баявым. Пакуль не здарыцца што-небудзь зусім непрыемнае, піша аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».
Гісторыя пра помсту княгіні Вольгі за смерць свайго мужа ўсім вядомая, таму я лепш распавяду пра аднаго не вельмі баявога генерала.
Луцый Юній Цэзеній Пет быў генералам выбітных вартасцяў. Прынамсі, сам лічыў свае генеральскія вартасці выбітнымі. Лічыць так было досыць проста, таму што Пету ўсё ніяк не выпадала адпаведнага выпадку, каб праверыць свае генеральскія якасці ў баявых умовах.
Імперыя ў той час ваявала мала, і генеральскія здольнасці Пет выяўляў часам на вучэннях, а часцей — у імператарскім палацы. Ну і, мабыць, рабіў гэта з вялікім поспехам. Таму што ўрэшце імператар Нерон прызначыў Пета камандуючым арміяй у Арменіі, дзе рымляне ў гэты час ваявалі з Парфянскім царствам.
Ну і спачатку ўсё было добра. Таму што папярэднік Пета да гэтага выгнаў ужо парфян з Арменіі, і ніхто не чакаў, што яны захочуць вярнуцца. Гэта значыць, ніякія ворагі не перашкаджалі Пету праяўляць яго выдатныя генеральскія вартасці. У сэнсе дасылаць імператару лісты з падрабязным тлумачэннем, як менавіта яго папярэднік няправільна ваяваў з ворагамі Рымскай імперыі.
Але ж ворагі — на тое і ворагі, што ў іх няма ніякага ўяўлення пра прыстойнасць. Яны зусім не хочуць лічыцца з генеральскімі планамі. Нават калі гаворка ідзе пра самых выбітных баявых генералах мірнага часу.
Увогуле, парфянская армія ўварвалася ў Арменію нанова. І зноў жа, пакуль парфяне былі яшчэ далёка, усё ішло вельмі добра. Нават зусім выдатна. Пет іх практычна перамог. Калі яму пачалі раіць застацца ў добра ўмацаваным зімовым лагеры і дачакацца падмацаванняў, ён адказаў, што для перамогі над ворагам яму не патрэбныя валы і сцены. Хопіць яго выключнай доблесці.
Але потым некалькі салдат, адпраўленых на разведку, зніклі — і ўся доблесць кудысьці падзелася. Пет загадаў адступаць.
Аднак парфяне не сталі яго пераследаваць — і доблесць вярнулася. Пет перайшоў у наступ. Потым убачыў парфянскую армію — і з генеральскай доблесцю здарылася зноў нешта нядобрае. Генерал загадаў заняць абарону.
Невядома, колькі б яшчэ рымская армія здзяйсняла гэтыя манеўры, калі б парфянам усё гэта не надакучыла. Яны атакавалі.
Пет, як і належыць ужо амаль баявому генералу, быў у першых шэрагах сваіх войскаў. У сэнсе адным з першых адступіў на загадзя падрыхтаваныя пазіцыі. Армія рушыла ўслед — згодна з генеральскім прыкладам.
І вось самае цікавае, што пазіцыі былі загадзя падрыхтаваныя. Рымскае войска адступіла ва ўмацаваны лагер. А ўмацаваны рымскі лагер — гэта такая магутная штука, у якой рымскім войскам здаралася месяцамі абараняцца супраць моцна праўзыходнячых іх праціўнікаў. І генералу Пету нічога не перашкаджала абараняцца. Запасаў харчавання ў яго было больш, чым у ворагаў, а на дапамогу з Сірыі ўжо ішла іншая рымская армія.
Але генерал Пет вырашыў, што хопіць яму ўжо гэтых баявых выпрабаванняў. Генерал Пет напісаў парфянскаму цару ліст, дзе падрабязна распавёў аб доблесці рымскіх продкаў і асабліва ўпіраў на прынцыпы гуманізму ў адносінах да суперніка, які капітуляваў.
Парфянскі цар быў у прынцыпе не супраць гуманізму. Ён не хацеў яшчэ больш псаваць адносіны з Рымам, а хацеў толькі, каб рымляне сышлі з Арменіі. Так што кампраміс быў дасягнуты. Парфяне забралі сабе Арменію, а генерал Пет знайшоў спосаб змірыцца з гэтым. А заадно яшчэ, хоць не цалкам добраахвотна, падзяліўся запасамі рымскага харчавання з парфянскай арміяй, якая пачала галадаць.
Потым, праўда, у Арменію прыйшла іншая рымская армія, з генералам, якому здаралася перамагаць не толькі ўяўных ворагаў на ваенных парадах. Але гэта была ўжо зусім іншая гісторыя. А кар'еры генерала Пета гэтая невялікая ваенная няўдача, дарэчы, ані не пашкодзіла. Імператар Нярон з яго пасмяяўся, а потым прызначыў губернатарам правінцыі Сірыя.
Таму што для імператара, не вельмі ўпэўненага ў сваёй стабільнасці, парадны генерал мае значныя перавагі перад баявым. Пакуль не здарыцца што-небудзь зусім непрыемнае. Накшталт сокалаў, якія скінулі пацука на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы.