Генштаб Украіны: На тэрыторыю Беларусі прыбылі замежныя вайскоўцы
На тэрыторыю Беларусі прыбылі воінскія падраздзяленні з некалькіх краін. Украінскія вайскоўцы не выключаюць правядзення правакацый на мяжы.
Пра гэта падчас брыфінгу паведаміў намеснік начальніка галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генштаба УСУ Аляксей Громаў, піша РБК-Украіна.
Па яго словах, Расія сцягвае на тэрыторыю Беларусі вайскоўцаў з краін Азіі і Афрыкі.
«3 жніўня на аэрадром Мачулішчы Мінская вобласць прыбылі першыя замежныя каманды з РФ, В'етнама, Узбекістана, Камеруна, Лаоса, Таджыкістана, Кыргызстана, Сірыі і Малі», — адзначыў Громаў.
Ён растлумачыў, што Расія і Беларусь такім чынам хочуць прадэманстраваць нібыта ваеннае супрацоўніцтва. Акрамя таго, РФ запланавала правесці на палігонах Беларусі з 13 да 21 жніўня вайсковыя гульні з удзельнікамі з 37 краін.
Громаў папярэдзіў, што агрэсар можа праводзіць напярэдадні Дня незалежнасці Украіны правакацыі і дыверсіі для дыскрэдытацыі.
«Паводле некаторых ацэнак спецыялістаў, не выключана правядзенне дыверсій з ненаўмыснымі ахвярамі сярод замежнікаў з наступнай дэманізацыяй Украіны, абвінавачванні ва ўсіх магчымых і немагчымых грахах, стварэнне чарговай глебы для ўцягвання беларускага народа ў крывавыя планы Пуціна», — патлумачыў Громаў.