Гомель. Прафсаюзу РЭП забаранілі пратэставаць супраць збяднення працоўных
Чыноўнікі ў Гомелі забаранілі прафсаюзу РЭП пратэставаць супраць збяднення людзей працы.
Намеснік старшыні Гомельскага гарвыканкама Сяргей Андрэеў адмовіў незалежнаму прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) правесці пікет з мэтаю пратэсту супраць зніжэння памеру аплаты працы наёмных работнікаў.
У гарвыканкаме палічылі, што для пікету з удзелам да 15 чалавек неабходная карэта хуткай дапамогі і брыгада прыбіральшчыкаў.
Кіраўнік гомельскага прадстаўніцтва прафсаюза РЭП Віктар Казлоў нагадвае, што толькі за апошні час у
прафсаюз звярнуліся працаўнікі шэрагу прадпрыемстваў горада са скаргамі на
зніжэнне заработнай платы, на істотнае змяненне ўмоваў працы, звязанае са
скарачэннем працоўнага тыдня.
"У ААТ "Гомельхлебпрам" працоўны дзень шматлікім рабочым скарацілі на тры чвэрці — да 2 гадзін у дзень, у ААТ "Гомельпрамбуд" аўтакранаўшчыкам сталі плаціць за працу за 2 млн. рублёў у месяц, у ААТ "Сейсматэхніка" наогул перавялі сваіх працоўных на адзін працоўны дзень на тыдзень, прапанаваўшы працаваць толькі па чацвяргах, а з тымі, у каго заканчваюцца працоўныя кантракты, не працягваюць працоўныя адносіны, прасцей кажучы, пазбаўляюцца ад працоўных без тлумачэння прычын", — пералічвае факты прафсаюзны лідар.
Прававы інспектар прафсаюза РЭП па Гомельскай вобласці Леанід Судаленка падкрэслівае, што ўскладанне на іх, як арганізатараў мірнага сходу абавязку па заключэнні аплатных дагавораў з медыцынай і санітарнай ачысткай горада з'яўляецца грубым парушэннем іх правоў на мірны сход і, як следства, на выказвання свайго меркавання.
Па словах юрыста, прафсаюзныя актывісты ўпэўненыя ў сваёй праваце і маюць намер абскардзіць забарону чыноўнікаў у судзе.
"Адмова гарвыканкама на правядзенне прафсаюзнага пікету супярэчыць як Канстытуцыі, так і міжнароднаму Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Таму мы будзем абскарджваць рашэнне гарвыканкама ў судзе, а калі спатрэбіцца, то і ў Камітэце па правах чалавека ААН", — заявіў прафсаюзны юрыст.