
Ён загінуў больш за 12 гадоў таму, але следства па гэтай справе дагэтуль не распачатае.
Здавалася, нічога не прарочыла бяду, калі раніцай 24 снежня 1999 года 32-гадовы мінчук Кірыла Сіняўскі збіраўся на працу. У яго, як заўсёды, быў добры настрой, тым больш, што набліжаўся дзень
нараджэння яго адзінай пяцігадовай дачкі, і ён ужо спланаваў, дзе адбудзецца гэтае свята. Апроч таго, набліжаліся светлыя святы Калядаў і Новага года, Кірыла атрымаў паведамленне, што можна забіраць
адрамантаваны аўтамабіль, а ўвечары збіраўся з сябрамі ў лазню. Аднак усе гэтыя планы засталіся няздзейсненымі, бо 25 снежня малады мужчына быў знойдзены роднымі ў непрытомным стане ў 9-й Мінскай
гарадской клінічнай бальніцы, куды яго як невядомага даставіла брыгада хуткай медыцынскай дапамогі.
Праз тры дні Кірыла Сіняўскі пайшоў з жыцця, але крымінальная справа па факту ягонай смерці так і не была распачатая, паколькі, паводле адказу з пракуратуры горада Мінска, малады чалавек пакончыў
жыццё самагубствам — «скочыў з вакна». Праз 10 гадоў пракуратура Савецкага раёна сталіцы змяніла гэтую фармулёўку на «вываліўся з вакна». Падчас знаёмства
з матэрыяламі праверкі па факту смерці свайго сына Ларыса Сіняўская даведалася пра наступнае.
24 снежня 1999 года Кірыла атрымаў заробак у сваёй фірме. Потым ён купіў для дачкі падарунак — домік для лялькі Барбі, зайшоў на працу да свайго сябры, пасля чаго накіраваўся ў краму за
прадуктамі, каб потым ехаць да хаты. У краме Кірыла пазнаёміўся з двума не вядомымі яму людзьмі: Раманам Шаўчэнкам з Краснадарскага краю Расіі і Віктарам Кузьменкам з Мінска. За грошы Кірылы яны
купілі дзве пляшкі гарэлкі і запрасілі яго на арандаваную імі аднапакаёвую кватэру па вуліцы Някрасава, дзе знаходзіўся яшчэ адзін незнаёмы, якога звалі Сяргей. Паводле інфармацыі Ларысы Сіняўскай,
Раман, Віктар і Сяргей — былыя афіцэры Савецкай Арміі, якія разам служылі і ваявалі ў Афганістане.
Праз некаторы час Кірыла патэлефанаваў на працу сябру і паведаміў знаёмай супрацоўніцы, што калі з ім нешта здарыцца, ён знаходзіцца на вуліцы Някрасава ў кватэры, з вакна якой бачны дзіцячы садок.
Пры гэтым супрацоўніца чула ў кватэры гучныя мужчынскія галасы, а Кірыла гаварыў хутка, прыглушаным голасам і было адчуванне, што ён не жадае, каб яго пачулі тыя, хто знаходзіўся побач у
памяшканні.
Да гэтага часу не вядома, калі дакладна пакінулі арандаваную кватэру былыя афганцы. На падлозе ў прыхожай была выяўлена пляма крыві, якая, паводле экспертызы, належала Кірылу. Пры аглядзе кватэры
было ўстаноўлена, што ў пустым і брудным памяшканні знаходзілася раскладушка з падранымі коўдрамі і матрацам, вокны з цэлымі шыбамі аказаліся зачыненымі, тэлефонны провад — абарваны,
адсутнічалі рэчы Кірыла: ягоная верхняя вопратка, шапка, дакументы, грошы, гадзіннік, пэйджар і сумка з падарункамі. Гаспадар кватэры паказаў, што Раман і Сяргей павінны былі з’ехаць з
Беларусі яшчэ некалькі дзён таму, але ў іх не было грошай на дарогу. Аднак мужчыны адразу зніклі яшчэ да таго, як суседка выклікала пацярпеламу хуткую медычную дапамогу.
Кірыла Сіняўскі быў знойдзены ў непрытомным стане каля дома па вуліцы Някрасава. Мужчына ляжаў на спіне галавой да дому і памёр у бальніцы 27 снежня ад цяжкіх траўм галавы, не прыходзячы ў
прытомнасць. Пры гэтым, як сведчыць экспертыза, у Кірылы былі цэлыя косткі канечнасцяў і шкілета, адсутнічалі сінякі на шыі, грудзях і жываце, а ў крыві не быў выяўлены этылавы спірт.
На меркаванне маці Кірылы, калі сын увайшоў у кватэру, якую арандавалі былыя афганцы, ён захацеў як мага хутчэй пакінуць гэтае памяшканне, аднак яго не выпусцілі, пра што сведчыць пляма крыві ў
калідоры. «Але нават гэты факт не стаў доказам злачынства для супрацоўнікаў міліцыі, якія наогул не сталі даследаваць вокны і выяўляць на іх адбіткі пальцаў. Яны выслухалі паказанні
Кузьменкі, паверылі яму, каб перад святамі не мець клопату, і спісалі злачынства на самагубства. Хаця ў Кірылы не было аніякіх падстаў для суіцыду, і ўсе сведкі гаварылі пра майго сына, як
жыццярадаснага і аптымістычнага чалавека», — адзначыла Сіняўская.
За 12 гадоў пасля пагібелі сына яна так і не змагла атрымаць ад следчых адказы на шэраг пытанняў, у тым ліку і па выніках медычнай экспертызы цела Кірылы, а таксама не змагла дабіцца ад пракуратуры
завядзення крымінальнай справы па факце яго пагібелі.
Следчыя лічаць, што ў смерці Кірылы адсутнічае склад злачынства. Але маці мяркуе, што следчыя не толькі не выканалі свае прафесійныя абавязкі, але і здзейснілі амаральны ўчынак у адносінах да яе
сям’і, бо кінулі цень на сына. У гэтых варунках Ларыса Сіняўская звярнулася ў Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь з заявай і надзеяй, што будуць расстаўлены ўсе кропкі ў гэтай сумнай
гісторыі.
Паводле слоў маці, Кірыла быў клапатлівым сынам, любячым бацькам, добрым сябрам, даверлівым і кампанейскім чалавекам, таму і апынуўся ў трагічнай сітуацыі. Яе бацька — савецкі
афіцэр-памежнік, які з сям’ёй прыехаў на Беларусь у 1935 годзе. У 1938 годзе яго як латыша звольнілі з арміі. Але ён паехаў у Маскву шукаць праўду і… знік. Сама Ларыса Міхаўлаўна
пасля заканчэння фізіка-матэматычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта працавала ў Міністэрстве энергетыкі, а яе муж, які закончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках, быў
начальнікам цэха на Мінскім трактарным заводзе.
Кірыла вельмі любіў спорт, з сямі гадоў займаўся скачкамі ў ваду з 10-мятровай вышкі, затым — ветразем спортам і горнымі лыжамі. Любіў вандраваць. Быў майстрам на ўсе рукі — мог
зрабіць і рамонт у кватэры, і пашыць адзенне для дачкі, і прыгатаваць абед. Вось чаму знаёмыя маці хацелі мець Кірылу сваім зяцем. Ён закончыў два курсы факультэта «цеплавая
энергетыка» Беларускага політэхнічнага інстытута і наперадзе ў яго было ўсё жыццё, у якім Кірыла Сіняўскі яшчэ мог зрабіць людзям так многа добрага…