Як мінчане змагаюцца за баранавіцкі даходны дом
Удзельнікі маладзёжнага грамадскага аб'яднання «Гісторыка» спрабуюць выратаваць ад зносу ў Баранавічах будынак, дзе месціўся наркадыспансер.
Яны дамагаюцца, каб былому даходнаму дому быў прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці і шукаюць спонсараў для правядзення экспертызы будынка.
Пра тое, што над будынкам у Баранавічах навісла пагроза зносу, сябры «Гісторыкі» прачыталі ў інтэрнэце.
— Нас зачапіла гэтая гісторыя. А паколькі дзейнасць нашай арганізацыі накіравана на захаванне гістарычнай спадчыны Беларусі, мы вырашылі прыкласці па магчымасці ўсе намаганні для таго, каб будынак застаўся стаяць на сваім месцы, — распавёў Intex-pressПавел Іваніцкі, старшыня МГА «Гiсторыка».
З прапановай надаць будынку статус гістарычна-культурнай каштоўнасці сябры арганізацыі звярталіся ў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Брэсцкі аблвыканкам, Баранавіцкі гарвыканкам. Яны таксама звязваліся з дырэктарам кампаніі «Санта рытэйл», якой зараз належыць участак, дзе размешчаны былы даходны дом.
— Дырэктар кампаніі сказаў, што будзе дзейнічаць выключна ў рамках закона: калі будынак будзе забаронена зносіць на заканадаўчым узроўні, яно застанецца, — распавёў Павал Іваніцкі.
«Гісторыке» атрымалася на некаторы час прыпыніць працу над праектам дэмантажу будынка.
Атрымалася таксама дамагчыся распрацоўкі праекта, па якім былы даходны дом мог бы далучыцца да будынка пажарнай часткі, размешчанай праз дарогу насупраць, які гістарычна ахоўваецца. Аднак на гэтым перамогі скончыліся.
У канцы чэрвеня ў Брэсцкім аблвыканкаме адбылося пасяджэнне абласнога савета па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны, на якім разглядалася дасье на будынак даходнага дома ў Баранавічах. У матэрыялах дасье, сабраных МГА «Гiсторыка», дасканала прадстаўлена ўнікальнасць старога будынка, а таксама абгрунтоўваецца неабходнасць прысваення пабудове статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці.
— Савет досыць добразычліва паставіўся да ініцыятывы надання будынку статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, аднак для аб'ектыўнай ацэнкі і прыняцця рашэння прыйшоў да высновы: неабходная экспертыза тэхнічнага стану будынка, каб зразумець, наколькі мэтазгодна яго захоўваць. І яшчэ незразумела, што абыйдзецца танней: зносіць або праводзіць рэканструкцыю, — распавёў Павал Іваніцкі.
Кошт такой экспертызы каля 500 даляраў у эквіваленце. Зараз прадстаўнікі МГА «Гiсторыка» шукаюць арганізацыю, якая правяла б экспертызу, а таксама спонсараў, якія маглі б яе аплаціць.
— Хочацца спадзявацца, што ў Баранавічах знойдуцца неабыякавыя да гісторыі свайго горада людзі, якія дапамогуць захаваць былы даходны дом, — адзначыла Таццяна Пятрова, выканаўчы дырэктар МГА «Гiсторыка».
Усіх, хто жадае прыняць удзел у зборы сродкаў на правядзенне экспертызы тэхнічнага стану будынка па вуліцы Тэльмана, просяць паведаміць пра гэта на электронную скрыню: historyka@gmail.com
Нагадаем, будынак былога наркалагічнага дыспансера збіраліся зносіць некалькі разоў. У 2010 годзе яго планавалі прыбраць, а на расчышчанай тэрыторыі пабудаваць шматфункцыянальны комплекс, які ўключае новы будынак аўтавакзалу з пасадкавай платформай на 13 аўтобусаў, гандлёвы цэнтр з боўлінгам, дыска-клубам і рэстаранам. Але гэты праект так і не быў увасоблены ў жыццё.
У 2013 годзе за кошт зносу будынка ўлады збіраліся пашырыць гандлёвыя плошчы рынка «Кірмаш Палескі» і зрабіць аўтастаянку. Але і на гэты план не знайшлося інвестара. У 2015 годзе вуліцу Тэльмана сталі пашыраць, а будынак наркалогіі прадалі з аўкцыёну кампаніі «Санта рытэйл» з абавязковай умовай зносу за кошт новага ўладальніка.
МГА «Гісторыка» існуе з 2000 года, займаецца вывучэннем і захаваннем гістарычнай спадчыны Беларусі ў еўрапейскім кантэксце. Разам з грамадскасцю сябрам «Гісторыкі» атрымалася захаваць гістарычныя кварталы Асмалоўкі ў Мінску, а таксама дамагчыся выканання заканадаўства ў дачыненні да былых лютэранскіх могілак (астанкі перапахаваныя, усталяваны памятны знак).