Каб баяліся

Сілавікі знайшлі крайняга ва ўласных промахах у ахове паветранай прасторы дзяржавы. Да адказу за мядзведжы дэсант шведскай кампаніі «Studio Total» і дзіркі ў паветранай прасторы Беларусі хочуць прыцягнуць 20-гадовага студэнта Антона Сурапіна.
 



str_1.jpg

Пры тым, што факт незаконнага перасячэння мяжы настойліва адмаўляюць прадстаўнікі ўзброеных сілаў Беларусі. А камісія прэзідэнта праводзіць праверку ўсіх злучэнняў і воінскіх часцей Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны.
20-гадовы студэнт Інстытута журналістыкі БДУ размясціў на сваім сайце Belarusian News Photos фатаграфіі плюшавых мядзведзяў, скінутых 4 ліпеня са шведскага самалёта над Івянцом і Мінскам. Затрымалі яго 13 ліпеня. У дачыненні да Антона заведзеная крымінальная справа, ён падазраецца ў дапамозе ў незаконным перасячэнні мяжы. Сурапіну пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі. Да 23 ліпеня яму мусіць быць прад’яўлена абвінавачванне. Фатограф сцвярджае, што здымкі плюшавых медзведзянят яму даслаў па электроннай пошце невядомы чалавек.
Арганізатары акцыі размясцілі ў інтэрнэце поўны відэазапіс свайго палёту над Беларуссю, выступілі з заявамі пра тое, што пры падрыхтоўцы да акцыі яны ні з кім не кантактавалі з прадстаўнікоў Беларусі. Пасля арышту Сурапіна арганізатары «плюшавага дэсанта», прадстаўнікі піяр-кампаніі «Studio Total», заявілі, што малады фатограф не мае дачынення акцыі, а яны гатовыя адказаць на ўсе пытанні беларускіх следчых, калі тыя прыедуць у Швецыю.
Гісторыя з Антонам Сурапіным ускалыхнула журналісцкую супольнасць — не тое, каб беларускія працаўнікі СМІ не сутыкаліся раней з затрыманнямі, арыштамі і перашкодамі ў працы. Але гэты выпадак ёсць наўпроставым пераследам журналіста за яго прафесійную дзей­насць. Прэтэнзіі ў КДБ не да фармулёвак, тэкстаў, выказванняў, а да перадруку чужога фота (так сцвярджае Сурапін). Па логіцы сілавікоў, да адказнасці можна прыцягнуць кожнага, хто не тое што публікаваў матэрыялы па тэме, а хто іх нават чытаў!
У падтрымку Антона Сурапіна калегі вырашылі сфатаграфавацца з адным з мядзведзікаў, што спусціўся на беларускую зямлю на парашуце. Такім чынам журналісты выказваюць салідарнасць з Антонам, якога падазраюць у садзейнічанні незаконнаму перасячэнню мяжы, ды заклікаюць разбірацца з тымі, хто насамрэч вінаваты ў халатнасці па ахове межаў дзяржавы.
У падтрымку Антона выступіла і ўплывовая міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры без межаў». «Гэты трук шведскага агенцтва «Studio Total» не павінен выкарыстоўвацца беларускімі ўладамі як прычына арышту журналістаў, блогераў ці грамадзян, якія проста перадаюць інфармацыю пра гэта», — гаворыцца ў заяве арганізацыі.
Цікава, што прэс-аташэ арміі Літвы капітан Скомантас Павіленіс спачатку заявіў: «4 ліпеня літоўская армія зафіксавала парушэнне правілаў выкарыстання паветранай прасторы Літвы. У сувязі з гэтым праводзіцца расследаванне, высвятляюцца абставіны здарэння. Сказаць, ці звязана парушэнне правілаў са згаданым у СМІ інцыдэнтам, мы не можам». Праз некалькі дзён міністр абароны Літвы Раса Юкнявічэне ў інтэрв’ю сайту charter97.org заявіла, што літоўскія вайскоўцы не зафіксавалі парушэнні літоўска-беларускай мяжы шведскім самалётам 4 ліпеня.
Літоўскі бок вырашыў не падліваць алею ў агонь ды замяць скандал, аналагічна маглі б зрабіць і беларускія сілавікі, бо ці варта з-за плюшавых мядзведзяў ламаць лёсы людзей? Але не, справу ў абарот узяло КДБ, пачало вышукваць крайніх — і знайшло ж. Апроч Антона Сурапіна быў затрыманы супрацоўнік агенцтва нерухомасці Сяргей Башарымаў, ён быццам бы мог здаваць на суткі кватэру шведам, якія курыравалі акцыю з зямлі.
Гэтыя арышты наўрад ці ёсць знакам для беларусаў, бо чым і як толькі не ўводзілі пачуццё страху ў падкорку суайчыннікаў цягам васямнаццаці гадоў. Гэта хутчэй сігнал замежнікам: зладзіце рызыкоўную акцыю ў падтрымку правоў і свабодаў у Беларусі, пацерпяць беларусы.
З кожным годам практыка закручвання гаек, нервовая рэакцыя ўладаў на, здавалася б, бяскрыўдныя праявы вальнадумства робяцца ўсё больш вострымі. Але паколькі гэта ідзе з нарастаннем, то беларусы прызвычаіліся жыць у такіх умовах. Ёсць, канешне, асобы, што не хочуць мірыцца з дзейным станам спраў і ідуць насуперак дзяржаўнай машыне, але іх пакуль адзінкі, як тых шведскіх пілотаў у беларускім небе.
Таму, на жаль, пакуль ратаванне тапельцаў адбываецца толькі рукамі тапельцаў. Народу мядзведзі і фатографы да лямпачкі.