Крок наперад, два назад
Перадвыбарчая кампанія ў мясцовыя саветы набірае абароты. Усё часцей апазіцыя задумваецца, ці варта ў іх удзельнічаць, і збірае з гэтай нагоды малыя і вялікія курултаі. Вынікі, шчыра кажучы, не радуюць.
Перадвыбарчая кампанія ў мясцовыя саветы набірае абароты. Усё часцей апазіцыя задумваецца, ці варта ў іх удзельнічаць, і збірае з гэтай нагоды малыя і вялікія курултаі. Вынікі, шчыра
кажучы, не радуюць.
Здавалася б, мясцовыя выбары — менавіта шанец для апазіцыі «стаць тварам да народа». Хаця б у тым, каб даведацца пра інтарэсы простых грамадзян і разам з імі паспрабаваць
вырашыць іх праблемы. І гэтым зарабіць сабе балы на наступную прэзідэнцкую кампанію. Каб не было, як у той раз: «А што апазіцыя зрабіла?» — задаваліся пытаннем народ і
беларуская тэлевізія. А апазіцыянерам і казаць было няма чаго, акрамя як жаліцца: «А што мы можам зрабіць, калі ў нас улады няма?» Зараз мясцовая кампанія дае шанец хаця б
паспрабаваць штосьці зрабіць, каб потым казаць: «БТ хлусіць! Мы зрабілі тое, тое і тое!» На жаль, наўрад ці атрымаецца.
У нядзелю прайшоў з’езд адной з буйнейшых партыяў Беларусі — Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Нягледзячы на заклікі мясцовых актывістаў працягваць удзел у выбарах, з
нязначнай большасцю было прынята рашэнне: АГП адмаўляецца ад удзелу ў выбарах як палітычная структура.
«Але ў той жа час мы не павінны шкодзіць тым партыйным кандыдатам, хто вылучаўся шляхам збору подпісаў і гатовы ісці да канца, адчуваючы падтрымку насельніцтва», — заявіў
лідэр партыі Анатоль Лябедзька.
Дзіўная сітуацыя. Тым, хто «адчувае падтрымку насельніцтва», партыя, фактычна, у падтрымцы адмаўляе. Такім чынам, кампанію правядуць не «сябры АГП, падтрыманыя
насельніцтвам», а «незалежныя кандыдаты, падтрыманыя насельніцтвам». А пра саму АГП як ніхто не чуў, так і чуць не будзе.
Больш плённа прайшоў сойм Партыі БНФ, які даў партыйным кандыдатам у дэпутаты магчымасць самастойна вызначыцца з фарматам далейшага ўдзелу ў мясцовых выбарах. Як растлумачыў адказны сакратар Партыі
БНФ Уладзімір Лабковіч, партыйныя прэтэндэнты на дэпутацкі мандат не вераць у дэмакратычнасць выбараў, але маюць намер выкарыстаць выбарчую кампанію для прапаганды дэмакратычных каштоўнасцей.
Хочаш — ідзі ад Партыі БНФ, хочаш — як незалежны кандыдат, а хочаш — увогуле здымайся з выбараў. Гэта пазіцыя больш зразумелая: кожны сам вырашае долю сваёй
адказнасці.
Такім чынам, здаецца, лібералы-АГП, прыняўшы рашэнне з’ездам аб няўдзеле, паступілі як заўзятыя кансерватары, а кансерватары-БНФ, якія перадалі ініцыятыву ў прыватныя рукі кандыдатаў,
— як сапраўдныя лібералы. У суботу павінна прайсці Нацыянальная рада «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі», якая таксама будзе вырашаць, працягваць удзел у выбарах ці не. У
сувязі з папярэдняй тэндэнцыяй, ці не пацвердзяць сябры БХД прынцыпы марксізму-ленінізму?
Тым часам у Вярхоўным судзе працягнуўся працэс па справе Аўтуховіча. Яго і заслухалі, як галоўнага фігуранта абвінавачання. І, здаецца, гэта абвінавачванне рассыпаецца на вачах.
«Першапачаткова наш арышт праводзіўся ў сувязі з паказаннямі нейкага Палтарака: нібыта ён дапамагаў мне перавозіць, разгружаць і захоўваць буйную партыю зброі, аўтаматаў, снайперскіх
вінтовак, выбуховых рэчываў. У Ваўкавыск прыехалі прыкладна 150 супрацоўнікаў спецпадраздзялення «Алмаз», шукалі аўтаматы і ўзрыўчатку, але нічога не знайшлі. І калі мне
прад’явілі абвінавачанне ў падпале дома Кацубы, я быў шакаваны», — сказаў Аўтуховіч.
Аўтуховіч не адмаўляе, што збіраў інфармацыю пра намесніка міністра па падатках і зборах Васіля Камянко і былога губернатара Гродзенскай вобласці Уладзіміра Саўчанку.
«І не толькі пра іх, — дадаў падсудны. — Гэта было звязана з тым, што Камянко неаднаразова спрабаваў незаконнымі метадамі знішчыць мой бізнес. Гэта звязана з фактамі
карупцыі ў Ваўкавыску, і мы збіралі гэту інфармацыю для таго, каб потым даказаць сваю невінаватасць і незаконнасць дзеянняў Камянко».
Паводле слоў Аўтуховіча, усе сабраныя матэрыялы неаднаразова перадаваліся ім у КДБ, пракуратуру, Савет бяспекі. «Мы звярталіся нават да прэзідэнта. Аднак усе нашы звароты былі як гарох аб
сцяну: ніхто не рэагаваў на факты карупцыі. Адзіны, хто імі займаўся, — гэта Казлоў, які тады працаваў кіраўніком УБАЗ па Гродзенскай вобласці. На падставе нашай інфармацыі і яго працы нават
была распачата крымінальная справа аб карупцыі, якую потым замялі», — сказаў падсудны.
Аўтуховіч заявіў, што лічыць судовы працэс помстай за яго дзейнасць па раскрыцці фактаў карупцыі ў Ваўкавыску.
Канешне, Аляксандру Лукашэнку няма часу, каб рэагаваць на заявы ўсялякіх апазіцыянераў. Супрацоўніцтва з бразільскім штатам Гояс стане свайго роду плацдармам для пашырэння гандлёва-эканамічных
сувязяў з Бразіліяй, заявіў Аляксандр Лукашэнка 22 сакавіка на сустрэчы з губернатарам штата Алсідэсам Радрыгесам Філью. «Нам трэба за нешта ўчапіцца, каб з гэтага плацдарма мы маглі
пашыраць наша супрацоўніцтва настолькі, наколькі гэта магчыма», — сказаў ён. Беларусь «акрэсліла ўзаемадзеянне з велізарным штатам Бразіліі, насельніцтва якога складае
амаль 30 мільёнаў чалавек, з велізарным ВУП і вельмі развітай эканомікай, якая мае патрэбу ў тых таварах, якія вырабляе Беларусь».
Добра, можа быць, што Бразілія зацікаўленая ў беларускіх трактарах. Хаця злыя эканамісты кажуць, што найбольш іх цікавяць нашы калійныя ўгнаенні, якія цікавяць усіх. А трактары яны могуць і бліжэй
набыць. Але што мы будзем экспартаваць з Бразіліі? Здаецца, акрамя знакамітага бразільскага маскараду і шмат-шмат дзікіх малпаў нас там нічога не цікавіць.
Хаця мы можам там лячыцца. Паводле звестак фтызіятрычнай службы, кожны другі хворы на туберкулёз выдзяляе бактэрыі, паведаміў 23 сакавіка на семінары ў Мінску намеснік дырэктара Рэспубліканскага
навукова-практычнага цэнтра (РНПЦ) пульманалогіі і фтызіятрыі Алег Калечыц. Паводле яго слоў, гэта не азначае, што ў астатніх хворых не адбываецца выдзяленне бактэрый, але сведчыць пра больш шырокія
магчымасці дыягностыкі.
Думаю, свежае бразільскае паветра — вось што будзе запатрабавана беларусамі. І нашай медыцыне палёгка. Галоўнае, каб усе мелі такія ж магчымасці туды паляцець, як і Аляксандр Рыгоравіч.