Крыніцы: Расійскія наёмнікі прыбылі ў Беларусь і рыхтуюць дыверсіі ў Пінску, Кобрыне і Іванаве

У Мінск прыбылі расійскія наёмнікі з ПВК «Ліга», якія могуць быць прыцягнутыя да арганізацыі правакацый на ўкраінскай мяжы і не толькі. Пра гэта паведамляе Цэнтр нацыянальнага супраціву, створаны УСУ.

9b98ca4_bil_ukr_kordon_dpsu.jpg

Паводле інфармацыі ЦНС, атрыманай ад беларускага падполля, у Мінск 20 верасня прыбылі 130 наёмнікаў ПВК «Ліга» з асабістай зброяй і боепрыпасамі.

Ужо 22 верасня на тэрыторыю беларускага прыватнага ахоўнага прадпрыемства «Гардсервіс», дзе размяшчаюцца найміты, было дастаўлена 300 адзінак украінскай ваеннай формы, якую расійцы захапілі на складах у Херсонскай вобласці.

«Магчымыя дыверсіі чакаюцца ў раёне населеных пунктаў Пінск, Іванава і Кобрын. Заўважым, што такія дыверсіі выгадныя Маскве, якая імкнецца ўцягнуць у гэтую вайну дадатковыя сілы, у прыватнасці Беларусь», — паведамляе ЦНС.

У Цэнтры адзначаюць, што «Гардсервіс» — не проста прыватнае ахоўнае прадпрыемства. Яно з'яўляецца першым такім прадпрыемствам у Беларусі і створана спецыяльным указам Лукашэнкі ў 2019 годзе. Месцяцца «ахоўнікі» на тэрыторыі былога цэнтра падрыхтоўкі беларускіх спецназаўцаў.

Варта адзначыць, што пра магчымыя правакацыі расійцаў у Беларусі з мэтай уцягвання арміі РБ у вайну паведамлялася і раней, але дагэтуль гэтая інфармацыя не спраўдзілася.