Ад прадзедаў спакон вякоў мне засталася спадчына
Ці атрымаецца беларусам захаваць сваю спадчыну, свае малыя Радзімы, ці там-сям застануцца нейкія “аграгарадкі”, і ці стануць ужо гэтыя аграгарадкі спадчынай для іх жыхароў. Пра гэта разважае Віктар Малочка.
Віктар Малочка
Я гэта кажу таму, што заўсёды беларуская вёска была носьбітам беларусчыны, у ёй захоўвалася мова, хаця і была яна самай рознай “трасянкай”, вёска захоўвала нейкую адметнасць беларусаў, традыцыі і г. д.. Але вёскі знікаюць на Беларусі дзесяткамі. Што ж застанецца нам, сённяшнім? Давайце паглядзім і возьмем за прыклад вёску Даманавічы, Салігорскага раёну. Чаму яе? Бо там жывуць бацькі маёй жонкі Наталлі, і мы час ад часу наведваем гэты населены пунк на ўскрайку Салігорскага раёна.
З чаго хацеў бы пачаць, дык гэта з таго, што па раённай кніжцы “Памяць” вёска Даманавічы першы раз упамінаецца аж у 1677 годзе. Было на той час у вёсцы 29 дамоў, і належала яна
беларускім магнатам Радзівілам. 29 двароў, па тых падліках, гэта шмат, а калі лічыць яшчэ і тое, што сем’і былі вялікія, то атрымліваецца, што ў 17 стагоддзі ў Даманавічах жыло больш
насельніцтва, чым зараз, бо зараз там жыве толькі 195 чалавек!!!
У Даманавічах ёсць свой сельскі савет, хаця і размешчаны ён у вёсцы Скаўшын. На тэрыторыі гэтага савету знаходзяцца 14 населеных пунктаў. Я іх зараз пералічу (для чаго – Вы зразумееце
потым). І так, гэта: Ананчыцы, Драчава, Заброддзе, Завыхад, Запераходнае, Качава, Чырвонае возера, Восава, Пісаравічы, Рог, Рогі, Скаўшын, Таварышы, ну і, канешне, самі Даманавічы.
Першы раз я трапіў у Даманавічы дзесьці ў пачатку 90-х па справах службы, і ў гэтай вёсцы жыла маці майго былога сябра і саслужыўца Анатоля. Мы заязджалі з ім туды, каб ён змог яе пераведаць. На
жаль, няма на гэтым свеце ўжо ні Анатоля, ні яго маці.
У тыя 90-я гады Даманавічы былі вялікай вёскай, быў калгас, шмат прадпрыемстваў, у жыхароў была праца, і думалася, што перспектыва ніколі не пакіне гэты край. Але ўсё аказалася не так радужна. Не
палянуйцеся і паглядзіце, што засталося, ці ўжо не засталося ў Даманавічах на гэты час. (Не засталося, гэта таму, што нашае кіраўніцтва прыдумала добры выраз і справу - “Навесці парадак на
зямлі” – па-простаму, гэта закапаць у зямлю непатрэбныя ўжо нікому будынкі). І так, глядзім і чытаем:
1. Як, амаль, і ва ўсіх вёсках, у Даманавічах ёсць свой магазін, хаця і апошні, а было ж некалькі.
2. Жыццё відно вось у гэтых двухпавярховых дамах, у якія хочуць папасці жыхары са сваіх дамоў у вёсцы, бо ў кватэрах лягчэй жыць (кідаюць сваю спадчыну, і дамы прыходзяць у заняпад), але на ўсіх,
канешне, (пакуль) не хапае кватэр (гарачай вады ў кватэрах няма, але газ ёсць).
3. Даўно ўжо няма ў вёсцы школкі. Вось толькі ёсць напамін аб ёй, што гэтыя рэшткі школьнай сталовай.
4. Будаваўся калісьці і дзіцячы садок, але так і не дабудаваўся. Нават адчыніць яго не паспелі. Не стала ў Даманавічах дзетак і з садком - “навялі парадак”. Быў і няма.
5. А гэта ўжо “добраўпарадкаваўся” вузел сувязі. Новае заўсёды лепей за старое!
6. Даўно ўжо чакаюць свайго часу і вось гэтыя будынкі ў якіх некалі былі ”Аптэка”, “КБА” і магазін прамысловых тавараў.
7. Цяжка зараз ужо паверыць, але была ў вёсцы свая бальніца, зараз зрабілі фельшарскі пункт, з такой прыгожай “канавяззю”.
Гэта “паркоўка” для веласіпедаў.
8. Быў у Даманавічах і свой перапрацоўчы мелькамбінат з вялікімі будынкамі для адміністрацыі. Ізноў жа – быў.
9. Было вялікае сховішча пад хімікаты – было.
10. Было некалькі фермаў, у тым ліку, было прадпрыемства па вырошчванню пушных звяркоў. Зараз засталася адна дзеючая ферма. Другія ўжо ў зямлі, а яшчэ адна чакае сваёй чаргі.
11. Што ўражвае ў жыцці жыхароў з кватэр. Гэта тое, што яны ўмудраюцца вось у гэтых хлеўчуках трымаць кароў, свіней, кур. Дарэчы ў гэтых хлеўчуках ніколі не было электрычнасці, а знаходзяцца яны ў
такім занядбайным стане, бо нечыя ( я маю на ўвазе, што лічацца яны, напэўна, за ЖКГ), а хто ж будзе рамантаваць не свае !!!
12. З працуючага – ёсць яшчэ баня і ТЭЦ, за якую жыхары вельмі турбуюцца, каб у ёй нічога не зламалася, бо на рамонт можа не стацца грошай і зімой давядзецца замярзаць у кватэрах.
Чаму жыхары турбуюцца за сродкі, бо напэўна іх ужо не хапіла і на бягучы рамонт, бо вось як адрамантавалі пад’езды. (Гэта называецца “пафарбавалі” ці
“пабялілі” ?).
13. Канешне ёсць у вёсцы і “очаг культуры”, плюс бібліятэка. Раней у гэтым памяшканні быў сельскі савет і нават памяшканне для вучастковага. Ад вялікага клюбу з бібліятэкай, якія былі раней і знаходзіліся насупраць гэтага “очага” ужо нічога не засталося.
Што пазітыўнага (з пункту гледжання часткі жыхароў) - гэта тое, што вёска любіць цяперашнюю ўладу і ніякай іншай не хоча.
Таксама мне спадабаўся метад вырошчвання ў Дамановічах памідораў. У нас ёсць адзін кіраўнік, які ўвесь час раіць штосьці вырошчваць па новых тэхналёгіях. Але вось да такога нават і ён не дадумаўся.
Калі хтосьці забыў, што тут прыменена – гэта дрынажная труба, якую ўкладвалі ў балоты яшчэ за савецкім часам (гадоў сорак назад). Памятаеце тады яшчэ быў такі выраз “Крепка, как
советская власть”. Савецкай улады даўно ўжо няма, а трубкі “крепкие”.
Пасля ўсяго гэтага вернемся да тых 14 вёсак, якія ўваходзяць у склад Даманавіцскага сельскага савету. Што іх чакае ў бліжэйшыя гады, не могуць жа яны ўсе стаць АГРАГАРАДКАМІ. Што чакае спадчыну
мноства беларусаў?
Не хочу быць прарокам, але здаецца мне, што адказ гэты ведаеце і Вы самі. Але ці добра гэта будзе - чалавек, грамадзянін і без сваёй спадчыны, без сваіх каранёў? За кім жа тады застанецца апошняе слова – за клясікам Купалай ці за Надзеяй Каткавец? Вырашаць кожнаму з Вас.
Хацеў бы толькі напомніць Вам, што і з таго, што нам дасталося ў спадчыну, мы захавалі вельмі мала, і калі казаць шчыра, то і не хочам захоўваць!!! Заўсёды моладзь хацела вырвацца з вёскі ў горад, да лепшага жыцця. Але адно вырвацца і не забыць адкуль ты, не згубіць сваіх каранёў, а тэндэнцыя сённяшняга дню – ўцячы з вёскі і забыць аб гэтым, як аб дурным сне, забыць і не памятаць нічога, і ўжо сваім дзеткам, якія нарадзіліся ў горадзе, нічога аб гэтым не казаць.
І вельмі, канешне, шкада, што ў гэтым пытанні беларусам не хоча дапамагчы сённяшняя “беларуская” улада, яна не толькі не хоча ніяк дапамагчы, але робіць усё супраць беларушчыны. Хацеў бы толькі прадстаўнікам улады напомніць, што ў Савецкім Саюзе была песня і такі ж лозунг: “Мой адрас не дом і не вуліца, мой адрас Савецкі Саюз”. І тое, і тое не спраўдзілася.
Я гэта к таму, што нас зараз прывучаюць любіць нейкую эфемерную Беларусь . Гэта робіцца праз білборды “Я люблю Беларусь”. Але нельга любіць нешта, неведама што і дзе. Можна любіць сваю малую Радзіму, сваю спадчыну, на якой стагоддзямі жылі продкі – але вось гэтую Радзіму і гэтую спадчыну дзяржава і закопвае ў зямлю!!! Але і пасля ўсяго гэтага я веру, што “загляне сонца і ў наша ваконца”.
Ну вось і ўсё. Мы развітваемся з вёскай Даманавічы. Пажадаем яе жыхарам усяго найлепшага. Хацеў бы, таксама, падзякаваць кіраўніцтву сельскага савету за прадастаўленыя звесткі па гісторыі вёскі.
Віктар Малочка, ucpb.org