ЛІДА. МАСТЫ

ЛІДА

ЛІДА


Мастак Міхась Мельнікаў не паквапіўся на некалькі тысяч долараў і не прадаў у Польшчу ў прыватную калекцыю партрэт знакамітага земляка, кампазітара, славутага скрыпача, аўтара беларускай оперы «Маргер» на лібрэта Уладзіміра Сыракомлі, Канстанціна Антонія Гурскага, а перадаў яго Лідскаму гістарычна-мастацкаму музею.
Антоні Гурскі — выбітная асоба. Ён быў дырыжорам аркестра Тыфліскай оперы, Харкаўскага сімфанічнага аркестра. Яго паважаў Пётр Чайкоўскі, і зараз на радзіме знакамітага рускага кампазітара ў горадзе Клін стаіць бюст Гурскаму.
У 1917 годзе Гурскі з’ехаў у Варшаву, дзе спачатку зарабляў грошы тапёрам у мясцовых кінатэатрах. Пасля перасяліўся ў Познань, дзе да канца сваіх дзён быў канцэртмайстарам Вялікага тэатра імя Манюшкі.
У Антонія Гурскага багатая творчая спадчына. Ім напісана больш за сто рамансаў, вакальныя творы, сімфанічныя паэмы, оперы, творы для скрыпкі і фартэп’яна. Музычная фантазія f-moll і зараз лічыцца адным з шэдэўраў польскай арганнай музыкі познага рамантызму.
Міхась Мельнікаў напісаў партрэт земляка з фотаздымка, які даслаў яму прыхільнік творчасці Гурскага.
Лідзяне памятаюць свайго земляка, і штогод у мясцовай музычнай вучэльні праходзяць мерапрыемствы з дня яго народзінаў.
 

МАСТЫ


Мастоўскія актывісты Руху «За Свабоду» ў межах грамадска-інфармацыйнай кампаніі «За Еўрапейскую Мастоўшчыну» распачалі акцыю супраць незаконнай дактыласкапіі мастоўскіх мужчын, якія на працягу апошніх дзён масава атрымліваюць позвы з’явіцца ў Мастоўскі РАУС для здачы адбіткаў пальцаў.
У межах кампаніі плануецца шырокае інфармаванне насельніцтва Мастоўскага раёна з дапамогай матэрыялаў, якія распавядаюць пра добраахвотнасць гэтай працэдуры і магчымасць на законных падставах адмовіцца ад здачы адбіткаў пальцаў. Насельніцтва Мастоўшчыны будзе азнаёмлена з палажэннямі Закона Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі» і палажэннямі Крымінальна-працэсуальнага Кодэкса Беларусі, якія тычацца рэгулявання дактыласкапічнай рэгістрацыі.
«Мы не выступаем супраць дактыласкапіі як законнага сродку выяўлення злачынцы або дактыласкапічнай рэгістрацыі згодна з артыкулам № 7 Закона Беларусі «Аб дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі», якая рэгламентуе правядзенне абавязковай дактыласкапіі ў адносінах да пэўнай катэгорыі грамадзян. Мы выступаем супраць незаконнай працэдуры зняцця адбіткаў пальцаў мастаўчан, якія маюць усе законныя падставы адмовіцца ад гэтай працэдуры. Гэта рабочыя Мастоўдрэва, прадпрымальнікі, супрацоўнікі ЖКГ і прадстаўнікі іншых цывільных прафесій. Сёння мы даслалі калектыўны зварот кіраўніку Мастоўскага РАУС Віктару Алесюку і пракурору Мастоўскага раёна з патрабаваннем патлумачыць незаконныя дзеянні мастоўскай міліцыі і прычыну масавага рассылання позваў для здачы адбіткаў пальцаў», — паведаміў рэгіянальны каардынатар Руху «За Свабоду» ў Гродзенскай вобласці Алесь Зарэмбюк.

Падрыхтаваў Язэп Палубятка