Міхась Кукабака. 77 гадоў — без фальшу і крывадушша...
Сёння, 3 снежня, вядомы беларускі дысідэнт савецкага часу, праваабаронца і публіцыст Міхась Кукабака сустракае свой 77-ы дзень народзінаў. У яго біяграфіі — з дзетдомаўскім дзяцінствам, сасланыму Сібір юнацтвам і 17-ю гадамі турмаў, лагераў і псіхушак — дагэтуль застаюцца "белыя плямы", дагэтуль грыф сакрэтнасці ляжыць на яго матэрыялах у архівах КДБ.
Міхась Кукабака ў сваёй маскоўскай кватэры. Люты 2013 г.
Прапануем урыўкі з архіўнага інтэрв'ю з Міхасём Кукабакам, запісанагаў Маскве ў 2013 годзедля сайта Праваабарончага цэнтра "Вясна". Цалкам інтэрв’ю можна прачытацьhttp://spring96.org/be/news/67548
— Мая актыўная дысідэнцкая дзейнасць пачалася ў Кіеве. Там быў першы выклік у КДБ. Як памятаю, быў капітан Кальноў з Кіеўскага ўпраўлення, з якім мы прагаварылі гадзіны дзве, і ў канцы ён задаў мне пытанне: «Ці сустракаліся вы з агентамі замежнай выведкі, ці спрабавалі з імі сустрэцца?» (смяецца) Адказаў: "Не, не спрабаваў. Але калі б такая магчымасць з'явілася, з задавальненнем бы сустрэўся. Вы ж самі з імі сустракаецеся і гутарыце, а чаму я не магу?" Гэта размова была дзесьці ў канцы кастрычніка 1967 года. Ну а затым былі падзеі ў Чэхаславакіі, быў шматкроць апісаны выклік у ваенкамат.
— А чамувас у ваенкамат выклікалі, бо вам было ўжо больш за 30 гадоў?
— Так. Але тады была нервовая абстаноўка ва ўрадзе, ці ледзь ні ЧП, і ўсіх ваеннаабавязаных выклікалі. Не ведаю, з якой менавіта мэтай, але ж некаторых зноў прызывалі, на вучэнні ці што. Памятаю, што ў той час у нас у інтэрнаце падрыхтавалі радыёапавяшчэнне на выпадак нейкай трывогі. І вось выклікалі ў ваенкамат — многіх, не толькі мяне. Прычыны выкліку тлумачыць мне не сталі, то бок, я проста не даў ім магчымасці растлумачыць. Таму што я адразу пракруціў ў галаве, з якой мэтай мяне выклікаюць, а я вельмі ўважліва тады сачыў за падзеямі ў Чэхаславакіі. Прыйшоў у ваенкамат: «Выклікалі?» — «Выклікалі, ваенны білет паказвай». І я ім адразу заявіў, што, маўляў, калі хочаце мяне паслаць у Чэхаславакію, то так і ведайце, павярну зброю супраць вас; я, кажу, катэгарычна супраць ўварвання ў сяброўскую краіну і выступлю на баку яе народу. Там на мяне з мацюкамі, кулакамі перад носам замахалі, але ніхто мяне не крануў.
— Івас тады не арыштавалі?
— Не. Як я падазраю, яны тады хацелі ў псіхушку мяне адправіць. Таму што тут жа сказалі, маўляў, ідзі, неабходна прайсці камісію ў суседнім кабінеце. Там мужык сядзеў, які пачаў выпытваць пра здароўе. Усё нармальна, кажу. Ён сказаў, што дае мне накіраванне, гэта для ваенкамата неабходна, Кірылаўка ці як называлася іх цэнтральная псіхлячэбніца. А навошта мне, пытаюся. Кажа, не паедзеце — не дапусцяць да працы. Я паехаў. Там псіхіятр пытаецца: «А ўсё ж такі, якая прычына была, што вас сюды накіравалі?» Я яму распавёў гісторыю пра ваенкамат, што выказаў сваю нязгоду з падзеямі ў Чэхаславакіі. Ён пакруціўся, кажа: «Я адзін не магу вырашаць, патрэбны кансіліум». Карацей, я папрасіў зрабіць пазнаку пра тое, што я быў у яго, і вярнуўся на працу. Гэтым справа тады і скончылася.
А затым цягам месяца я напісаў ліст, звяртаючыся да грамадзянаў Чэхаславакіі, дзе выказваў сваю поўную нязгоду з акупацыяй і казаў, што не падумайце, што ўвесь савецкі народ гэта падтрымлівае, у нас многія не згодныя з гэтымі дзеяннямі, проста нам не даюць слова сказаць. І шукаў магчымасць, як бы гэты ліст пераправіць на Захад. Хадзіў некалькі дзён па горадзе, сачыў за турыстамі, усё ж Кіеў — гэта не Масква, там абмежаваныя магчымасці. І, у рэшце рэшт, вырашыў прама ў генконсульства аднесці. Я тады пайшоў у краму, купіў Крымінальны кодэкс, паглядзеў — так, артыкул 70-ы — да сямі гадоў [артыкул 70 «Антысавецкая агітацыя і прапаганда» караў за распаўсюд інфармацыі. — рэд.]. Думаў-думаў — ды пляваць, што я буду сваё сумленне артыкуламі вымяраць! Пайшоў у консульства, да мяне выйшаў намеснік, ён гаварыў па-руску, але з акцэнтам — добра, значыць «свой» . Я аддаў яму свой сшытак, паказаў, што на апошняй старонцы пазначаны мае звесткі, пашпарт свой паказаў, каб запэўніць, што я ніякі не правакатар. Ён мне паціснуў руку: «Дзякую за спачуванне нашаму народу!» І мы рассталіся. Такая вось гісторыя.
Асноўныя непрыемнасці пачаліся, калі вясной 1969-га года я стаў агітаваць за байкот выбараў [выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 16 сакавіка 1969г. — рэд.]. Гэта ж якія могуць быць выбары, калі няма з чаго выбіраць пры аднапартыйнай сістэме, потым гэтая імперская палітыка, пастаянная хлусня ў газетах... Выклікалі ў КДБ, пачалі пагражаць. Затым мяне і ўсіх, хто адмовіўся ісці на выбары, выклікалі ў Кіеўскі гаркам партыі. Мяне проста запалохвалі, а хлопцаўпераконвалі, што яны паддаліся благому ўплывуКукабакі, і выпытвалі пра мяне, як я агітаваў, гэта значыць спрабавалі іх зрабіць "стукачамі". Але ніхто з іх на гэта не пайшоў. І тут пачаўся ціск на мяне: у мой пакой у інтэрнаце забаранялі ўваходзіць староннім, такі "каранцін" абвясцілі, затым пачаліся на працы ўсялякія непрыемнасці, уразалі заробак. А потым выдалі загад пра маё высяленне за п'янства. Але я ніколі не быў п'яніцам, і многія маглі гэта пацвердзіць. І я падаў на іх у суд.
Тут у мяне хапіла розуму — стаў у інтэрнаце збіраць сведак у сваю абарону сярод камуністаў і камсамольцаў. І ў большасці дзяўчат (усміхаецца). І быў такі момант цікавы. Я працаваў электраманцёрам на заводзе і прыйшоў да старэйшага электрыка — ён партыец. "Лёня, як ты думаеш, я п'яніца ці не?" Ён адмахнуўся: "Глупства кажаш!" Пытаюся: "Калі я не п'яніца, выступіш ў судзе сведкам абароны?" "Але ж ты вораг народу, антысаветчык!" — кажа ён. Кажу: "Так і скажаш на судзе, што Кукабака — вораг народу, антысаветчык, але ён не п'яніца! Усё, што ад цябе патрабуецца, бо мяне ж за п'янку спрабуюць выселіць". Ён засмяяўся і падпісаўся. Такім вось чынам я сабраў сведчанні, і калі ўсё гэта прадставіў у суд, яны гэтую справу замялі...
Але абстаноўку вакол мяне стварылі такую, што я быў вымушаны звольніцца і з'ехаць з Кіева. З'ехаў ваУладзімірскую вобласць, пад Масквой, уладкаваўся на завод. Паводзіў сябе там таксама. А ў той час я напісаў свой "Адкрыты ліст англійскай пісьменніку Айвару Мантэгю" [у артыкуле М.К. выступіў у абарону рускага пісьменніка Анатоля Кузняцова, аўтара кнігі "Бабін Яр" — рэд.] і стаў у Маскве шукаць спосабуперадаць яго на Захад. Гэта ў 69-м годзе было. І тут вось у мяне здарыўся пракол.
Адкуль мне было ведаць, што шафёры пасольскіх машын насамрэч супрацоўнікі гэбэ. Натуральна, усё тут жа было дакладзена, і па прыездзе ў Аляксандраў на наступны дзень мяне арыштавалі. Сярод працоўнага дня позвай выклікалі да гарадскога пракурора. Як памятаю, пракурор пытаўся ў мяне: "Чаму вы ўвесь час выступаеце супраць савецкай улады?" Кажу: "Я, таварыш пракурор, супраць савецкай улады ніколі не выступаю. Я рабочы чалавек, савецкую ўладу я лічу праўдзіва народнай, законнай уладай... " Павісла паўза. Кажу: "Вы чакаеце працягу?" Адказвае: "Так". Я працягнуў: "Савецкая ўлада — гэта ад слова"совет"[бел. – “парада”— рэд.].
Дык вось, за трыццаць з лішнім гадоў свайго жыцця я прыйшоў да высновы, што ніколі з намі ніхто не раіўся і не раіцца. І таму ў нас савецкай улады не існуе. За яе толькі яшчэ трэба змагацца... "Тут мяне ззаду па плячы папляскалі, я паварочваюся — мне апранаюць кайданкі. І проста з кабінета пракурора павезлі ў аляксандраўскую турму, дзе я сядзеў пад следствам. Спачатку мяне абвінавачвалі ў складзе злачынства паводле 70-га артыкула, а затым перакваліфікавалі на 190- прым. [арт. 190-1 "Распаўсюд заведама ілжывых выдумак, якія ганяць савецкі дзяржаўны і грамадскі лад" — рэд .]
Так пачалася мая турэмна-лагерная эпапея...
— Вы сталі апошнім палітычным вязнем у пермскіх лагерах. Як такое здарылася? І што такое «палітычная» зона?
— Гэта лагер, лічылася, для асабліва небяспечных дзяржаўных злачынцаў, да якіх залічваліся асуджаныя па двух артыкулах — 70-м за "антысаветчыну" і 64-м за "шпіянаж". І асуджаныя афіцыйна знаходзіліся пад кантролем КДБ. Калі ў звычайных крымінальных зонах, дзе я сядзеў па 190-1, нефармальна быў куратар, то тут у яго быў свой кабінет у зоне і за кожным гэбістам было замацавана некалькі вязняў. На такой зоне былі толькі два артыкулы — 70-ы і 64-ы. Першы час такая зона была ў Мардовіі, а потым дадаткова ў Пермскай вобласці зрабілі тры зоны — 35-ю, 36-ю і 37-ю. З іх самай жорсткай лічылася 36-я, крыху мякчэй - 35-я і затым 37-я [з гэтых лагерных зонаў — Перм-35 , 36 і 37 — апошнія палітвязні выйшлі толькі пры Гарбачове — рэд.]. Для цвёрдых адмоўнікаў выбіралі, адпаведна, рэжым больш жорсткі. Я сядзеў у 36-ай.
Калі Гарбачоў абвясціў кампанію па ліквідацыі палітзняволеных, нас усіх, не адначасна, па частках, сталі развозіць цягнікамі, самалётамі па месцах ўзбуджэння справы. Скажам, мяне на самалёце з Пермі (куды прывезлі звычайным цягніком, пад канвоем) адправілі ў Беларусіюў віцебскую турму. А там ужо нас пачалі апрацоўваць, каб мы пісалі прашэнні ў пракуратуру. Тых, хто ў зоне напісаў, вызвалялі. Потым тых, хто адмовіўся ісці на ўсялякія здзелкі, ужо ў гэты лагер не вярталі. Адпраўлялі ў Мардовію, а ў лагеры распускалі чуткі, што вось, маўляў, ён падпісаў заяву і ўжо на волі. Гэта былі такія танныя хітрыкі, каб іншых заахвоціць да напісання прашэнняў. І таму я яшчэ год прасядзеў у Мардовіі.
А потым, калі Мардоўскі лагер ліквідавалі, 15 студзеня 1988 года, нас усіх пагрузілі ў цягнік і адправілі ў 35-ю зону, у апошні лагер (36-я і 37-я ўжо былі зачыненыя), дзе мы ўжо даседжвалі. Вядома, на нас пастаянна ціснулі — давай пішы [прашэнне пра памілаванне — рэд .]. І так паступова людзі вызваляліся, і я застаўся адзін — у сэнсе, не адзін у лагеры, а засталіся так званыя здраднікі радзімы і я з імі. Яны спадзяваліся, што сапраўды пачнецца вызваленне, калі Кукабака з'едзе (смяецца). І калі я адмовіўся пісаць прашэнне, то маёр Лукашоў сказаў мне: "Кукабака, мы нераззброеных на волю не адпускаем. Значыць, ты ў 90-м годзе на волю не выйдзеш". То бок, паводлепрысуду ў мяне тэрмін сканчаўся ў 1990-м годзе. А гэта азначала ўжо чарговыя 10 гадоў, што прадугледжваў другі суд па 70-м артыкуле, плюс асаблівы рэжым — "паласаты". А калі б чалавек і пасля гэтага адмовіўся ад супрацоўніцтва, можна было б яшчэ 10 гадоў атрымаць. І гэта была б кропка, бо невядома, ці змог бы я выжыць у тых умовах.