Мова як прыкмета абранасці
Нацыянальнасць «беларус» паводле моўнай прыкметы не ёсць безумоўным складнікам. Звычайна гэта свядомы выбар бацькоў і праца ў выхаванні ці ўжо самастойныя высілкі дарослага чалавека. Гэты тэкст для тых, хто вагаецца ў жаданні выхаваць дзяцей з роднай, а не замежнай беларускай мовай.
Сяргей Бахун з дачкой Адэляй. Фота з сямейнага архівe
Для пачатку нагадаем, што беларуская мова — самастойная лінгвістычная сістэма. То бок не варта думаць, што дзіця, якое гаворыць па-руску, аўтаматычна будзе ведаць беларускую. Але, як гавораць бацькі дзяцей-білінгваў, беларуская мова даецца лёгка, відаць, сваё бярэ генетычная памяць. Беларуская мова адчыняе дзверы да разумення і паскоранага вывучэння моваў краін-суседак — украінскай і польскай. Вядомы і той факт, што білінгвы больш лёгка вывучаюць трэцюю мову ды іншыя знакавыя сістэмы. Натуральна, пры адпаведным жаданні і намаганнях.
З пункту псіхалогіі, білінгвізм — гэта здольнасць прымяняць у зносінах дзве моўныя сістэмы. Дзіця, не задумваючыся, пераходзіць з адной на другую, не блытаючы пры гэтым граматычныя шаблоны і фанетыку. Самы распаўсюджаны і ўжо класічны падыход быў сфармуляваны французскім лінгвістам М. Граммонтам. Яго галоўны прынцып гучыць так: «Адна мова — адзін носьбіт».
Напрыклад, мама размаўляе з дзіцём толькі па-руску, а тата — па-беларуску. Мяркую, такі падыход можа быць нярэдкім у беларускіх умовах і кампрамісным. Бо добра беларускай мовай, асабліва ў гарадах, валодае сапраўды няшмат людзей. Дзякуючы такому размежаванню дзве мовы засвойваюцца адначасова, не змешваюцца паміж сабой. Хаця дарослыя часта баяцца менавіта блытаніны моваў, з’яўлення ў дзіцяці трасянкі.
Паводле падобнага прынцыпу выхоўваюць дзяўчынку Адэлю ў сям’і Сяргея Бахуна: беларуская — мова бацькі, руская — навакольнага свету. Сяргей Бахун гаворыць, што важна трымацца абранай лініі, а не кідацца ў бакі: карыстанне мовай, не раз на дзень, а ўвесь час, каб дзіця ведала, што адны і тыя ж рэчы называюцца па-рознаму. Яшчэ адна пужалка для бацькоў: дзеці-білінгвы позна пачынаюць гаварыць. Але на практыцы ўсё індывідуальна, і дзве мовы ад пачатку ніяк не гарантуюць позняга маўлення. «Дачка пачала рана гаварыць, праблем з гэтым не было. Мне здаецца, што яна разумела нас на дзвюх мовах ад самага пачатку. Трасянкі ў Адэлі ніколі не было, — распавядае Сяргей Бахун. — Канешне, у дзяўчынкі больш рускіх словаў у запасе, бо беларускамоўны толькі я. Мы аддалі яе ў беларускамоўны садок і спадзяёмся, што беларускай мовы стане больш. Галоўнае, у Адэлі няма непавагі да беларускай мовы, яна ведае, што гэта мова ёсць, і мова нармальная. Любіць глядзець мультфільмы па-беларуску, слухаць перад сном беларускую калыханку і песню «Купалінка». Калі ёсць нейкія беларускамоўныя імпрэзы для дзяцей, то імкнёмся іх наведваць».
Іншы падыход выхавання білінгва прапануе прытрымлівацца прынцыпу: «Адна сітуацыя — адна мова». Напрыклад, дома з дзіцём гавораць па-беларуску, а на вуліцы ці ў краме — па-руску. Але з улікам таго, што беларуская мова дзяржаўная, і яе ў той ці іншай ступені разумеюць, варта карыстацца беларускай і ў публічных месцах, каб мова не ўспрымалася замкнёнай.
Бацькоў можа хваляваць і пытанне чысціні мовы. Найперш, канешне, варта сачыць за сваім маўленнем. Пісьменніца Аксана Спрынчан да мовы сваёй дачкі патрабавальная.
— Мы ад пачатку змагаемся за чысціню мовы. Калі чалавек прызвычаіўся гаварыць слова «да», то перавучыць на «так» будзе складана, — тлумачыць Аксана Спрынчан. — Наша дачка Альжбэта да трох год была пазбаўленая рускай мовы ўвогуле: тэлевізар мы не глядзім, кнігі ёй чыталі толькі па-беларуску. У дзіцячым садку мы спачатку запісалі яе ў беларускую групу, але многія дзеці там папросту не разумелі беларускай мовы. Атрымалася, што менавіта ў садку дачка і навучылася рускай. Дома ж мы працягвалі карыстацца беларускай. Калі ў Альжбэты былі нейкія памылкі, мы іх выпраўлялі. А хутка яна і сама пачала ўспрымаць гэтую розніцу, і нават выпраўляць, калі нешта няправільна ёй перакладалі, ці кніга была напісаная зрусіфікаванай мовай. У пяць год дачка навучылася чытаць, і з’явілася праблема: яна чытала на дзвюх мовах, і рускай, натуральна, паболела. Але Альжбэта адчувае, што мы жывём беларускай мовай, і адмаўлялася нам спяваць рускія песенькі, якія вучылі ў садку. Цяпер яна нават стараецца перакладаць сходу, калі нешта чытае па-руску.
Альжбэта, як іншыя дзеці-білінгвы, сама вызначае, якой мовай карыстацца, адпаведна сітуацыі і абставінаў.
— Большасць маіх сяброў размаўляюць па-беларуску, таму яна сярод дарослых фактычна не чуе рускай, з дзецьмі ж наадварот. Атрымліваецца, што з дарослымі, з намі, яна карыстаецца беларускай, а з дзецьмі пераходзіць на рускую. Але я бачу, што ёй хацелася б, каб было беларускае акружэнне, беларуская школа, каб наведвальнікі імпрэзаў, дзе мы бываем, гаварылі па-беларуску, — адзначае маці Альжбэты.
На жаль, грамадзянскі і гарантаваны законам выбар бацькоў не заўсёды даецца проста. Так, у Магілёве Ялінка Салаўёва фактычна ўжо чацвёрты год запар вучыцца ў беларускамоўным класе адна. Бацька дзяўчынкі Зміцер Салаўёў у такіх акалічнасцях навучання не бачыць вялікай трагедыі, але гаворыць, што паводзіны беларусаў былі б цікавыя для даследчыкаў.
— Да трох год дачка выхоўвалася цалкам па-беларуску, потым з дзецьмі ў двары яна пачала гаварыць па-руску, — распавядае пра досвед такога выхавання Зміцер Салаўёў. — Цяпер у школе з сябрамі яна гаворыць на перапынках па-руску. Ніколі не паўставала такога пытання, што мова ёй не патрэбная. Часам дачка гаварыла, што хацела б, каб з ёй у класе былі яшчэ дзеці. У Магілёве ёсць беларускамоўныя дзеці, асяродак. Але ёсць праблема: мы не сустракалі адмоўнага стаўлення да беларускай мовы, і разам з тым людзі не гатовыя аддаваць дзяцей вучыцца па-беларуску. Напэўна, гэтая сітуацыя вымагае вывучэння ў псіхолагаў.
Зміцер Салаўёў таксама сцвярджае, што дзеці не пераходзяць на трасянку і добра размяжоўваюць мовы. «Цяпер дачка пачала вучыць англійскую мову, і бачым, што навучанне ідзе паспяхова. Я мяркую, гэта ёсць пэўным вынікам білінгвізму. Калі бацькі баяцца ці не хочуць замарочвацца на стварэнні беларускамоўнага класу, хай гавораць дома па-беларуску. Упэўнены, калі дзеці вырастуць, яны скажуць «дзякуй», — падкрэслівае Зміцер.
Выхавання дзяцей беларускамоўнымі не варта ўспрымаць як цяжкасць, свядомае выгнанне іх у моўнае, культурніцкае гета. Варта ставіцца да гэтага як да клубу абраных — дзеці лёгка, натуральным шляхам атрымаюць веды, якія, як вядома, за плячамі не насіць, а паслужаць на карысць не раз.
Аксана Спрынчан з дачкой Альжбэтай у музеі ў Заслаўі
Лічбы і факты: Мінадукацыі рэкамендуе
Навучанне — неад’емны працэс засваення мовы. Для беларускай мовы ў большасці выпадкаў адводзіцца роля замежнай, асабліва калі не прыкладаць уласных намаганняў у пошуку беларускамоўных класаў.
На беларускай мове ў Беларусі навучаюцца прыкладна 21,5% школьнікаў. Гэтыя лічбы агучыў старшыня грамадскага аб’яднання «Таварыства беларускай школы» (ТБШ) Алесь Лозка. Паводле яго слоў, колькасць беларускамоўных школ і класаў змяншаецца. Напрыклад, калі ў 1993–1994 навучальным годзе на беларускай мове навучаліся 76% першакласнікаў, то ў 2011-м — толькі 18,6%. «Штогод мы губляем больш за 100 беларускамоўных школ па ўсёй рэспубліцы, асабліва падае іх колькасць у вёсцы», — зазначыў Алесь Лозка. Вёска пачынае русіфікавацца, бо закрываюцца малакамплектныя беларускамоўныя школы, а дзяцей пераводзяць у больш буйныя, навучанне ў якіх вядзецца на рускай мове. У 2012 годзе ў Беларусі зачынілі 128 малакамплектных школ у сельскай мясцовасці. Пераважна яны былі беларускамоўныя. Ніводнай цалкам беларускамоўнай школы няма ні ў абласных цэнтрах, ні ў іншых буйных гарадах краіны.
Ва ўстановах дашкольнай адукацыі беларуская мова ёсць мовай зносінаў у 11% дзяцей, беларуская і руская — у 3,8%.
Міністр адукацыі Сяргей Маскевіч на пытанне журналістаў у лютым гэтага года пра колькасць беларускамоўных навучальных устаноў адказаў ухіліста. «Я не магу вам сказаць дакладна, на жаль. Колькасць школ з выкладаннем на беларускай мове скарачаецца. Невялікія сельскія школы, дзе 20–30 навучэнцаў, зачыняюцца. Таму, калі лічыць па колькасці школ, іх становіцца менш. Але адносна колькасці навучэнцаў — у гарадах яна стабілізавалася», — адзначыў чыноўнік.
У каментары карэспандэнту НЧ Марату Гаравому першы намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім адзначыла, што спроба бацькоў па рэалізацыі натуральнага канстытуцыйнага права кожнага дзіцяці на атрыманне дашкольнай адукацыі па-беларуску вельмі часта застаецца безвыніковай. Паводле яе слоў, гэта адбываецца з прычыны абыякавага стаўлення да праблемы і ваяўнічага непрафесіяналізму беларускага чыноўніцтва.
«Трэба сказаць, што ў сістэме адукацыі ёсць розныя людзі. Так, многія загадчыцы садкоў прыхільна ставяцца да жадання бацькоў аддаць сваіх дзетак у групы, дзе выхаванне і адукацыя вядуцца па-беларуску. Але кіраўнічкі садкоў не могуць забяспечыць выхаваўчы працэс на належным узроўні, бо нашы дашкольныя ўстановы адукацыі знаходзяцца ў вельмі бядотным стане — у кадравым і матэрыяльным плане», — канстатавала Алена Анісім. Гаворка ідзе пра недахоп выхавацеляў з добрым веданнем беларускай мовы, а таксама пра цякучку гэтых кадраў з-за мізэрнага заробку.
Разам з тым у дарадча-метадычным лісце, які Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь падрыхтавала яшчэ да 2012–2013 навучальнага года, гаворыцца, што ў дашкольных установах на падставе пажадання бацькоў «фарміруюць групы, якія арганізуюць адукацыйны працэс на беларускай мове. Пры адсутнасці дастатковай колькасці дзяцей для фарміравання асобнай групы ў дашкольнай установе павінны стварацца ўмовы для атрымання дашкольнай адукацыі на беларускай мове». Справа за рашучасцю бацькоў.