На варотах серп і молат, а ў хаце смерць і голад

24 красавіка на пасяджэнні Клуба вуснага гісторыка Ірына Раманава ды Ірына Кашталян раскажуць пра голад 1930-х і 1940-х гадоў у Беларусі.

sypjj0frnxk.jpg

Голад быў штодзённай рэальнасцю для жыхароў Беларусі практычна ўвесь перыяд СССР, хіба ад 1960-х гэтая праблема ўжо не была актуальнай: «за Брэжневым паелі каўбаскі», — кажуць рэспандэнты.

Самым страшным часам для людзей сталі 1932–1933 гады, калі ад голаду памерлі тысячы сялянаў. Вось такія справаздачы прыходзілі тады з месцаў: «Чакаюць смерці і просяць розных асобаў забраць у іх дзяцей і выратаваць іх ад галоднай смерці».

Голад быў прадказальным вынікам калектывізацыі і жорсткай палітыкі, датычнай сялянства, якая дасягнула свайго рэпрэсіўнага піку ў рашэнні аб «ліквідацыі кулака як класа».

Нягледзячы на важнасць, тэма голаду даследавана слаба. Ірына Раманава адзіная, хто шчыльна займалася гэтым сюжэтам 1930-х гадоў у Беларусі, не толькі шукаючы архіўныя дакументы, але і апытваючы непасрэдных сведак. У сваёй лекцыі яна раскажа пра падзеі 1932–1933 гг., а таксама прааналізуе перадумовы ўзнікнення голаду.

Ірына Кашталян у сваю чаргу зверне ўвагу па пасляваенны голад 1946–1947 гг. Даследчыца распавядзе пра стратэгіі выжывання і ролю Заходняй Беларусі ў гэты час.

Акрамя таго на пасяджэнні будзе прэзентаваная кніга «Минский мужик. Что я видел в Советской России? Из моих личных наблюдений» — унікальная крыніца даследавання беларускай штодзённасці савецкага перыяду.

Мерапрыемства адбудзецца 24 красавіка ў 18.30 па адрасе: вул. Сухая, 25 («Гістарычная майстэрня імя Леаніда Левіна»). Уваход вольны.