Інфляцыя і ў адукацыі
З 1 верасня адукацыйныя ўстановы Беларусі пачалі працаваць паводле Кодэкса аб адукацыі. Важкі талмуд рэгулюе адносіны паміж суб’ектамі адукацыйнага працэсу і сам працэс. Цяпер
заканадаўча прапісаныя пакаранні навучэнцам, напрыклад, за спазненні ці паленне на тэрыторыі адукацыйнай установы. Але разам з тым спецыялісты адзначаюць, што на карэнныя змены, рэформу сістэмы
адукацыі ўвядзенне кодэкса ніякім чынам не ўплывае.
За спазненне адкажуць
З 1 верасня адукацыйныя ўстановы Беларусі пачалі працаваць паводле Кодэкса аб адукацыі. Важкі талмуд рэгулюе адносіны паміж суб’ектамі адукацыйнага працэсу і сам працэс. Цяпер
заканадаўча прапісаныя пакаранні навучэнцам, напрыклад, за спазненні ці паленне на тэрыторыі адукацыйнай установы. Але разам з тым спецыялісты адзначаюць, што на карэнныя змены, рэформу сістэмы
адукацыі ўвядзенне кодэкса ніякім чынам не ўплывае.
За спазненне адкажуць
Увядзенне Кодэкса аб адукацыі пакуль не выклікала неабходнасці карэктаваць навучальныя планы. На працягу года Міністэрства адукацыі будзе маніторыць працу навучальных устаноў, і ў наступным годзе
вызначыцца з асобнымі напрамкамі дзейнасці сістэмы адукацыі.
У кодэксе цяпер заканадаўча замацаваны шэраг навінак. Так, Кодэкс аб адукацыі ўводзіць у Беларусі новыя формы навучання (напрыклад, дыстанцыйнае навучанне для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага
развіцця), дае права ствараць ва ўстановах адукацыі класы ці групы з навучаннем на замежнай мове.
Цяпер усе студэнты ВНУ, навучэнцы ССНУ і ПТВ пачнуць падпісваць дамову на навучанне, дзе будуць прапісаныя правы, абавязкі і адказнасць студэнта і ВНУ, а пры неабходнасці — працадаўцы.
Кодэкс аб адукацыі ўводзіць дыплом даследчыка, які будзе выдавацца выпускнікам аспірантуры, што паспяхова прайшлі навучанне, але па нейкіх прычынах не змаглі абараніць кандыдацкую дысертацыю.
Кодэкс таксама прадугледжвае новыя нормы дысцыплінарнай адказнасці навучэнцаў. У прыватнасці, уводзіцца паняцце «дысцыплінарная правіннасць навучэнца». Падставай для
прыцягнення навучэнца да адказнасці можа стаць, да прыкладу, спазненне або няяўка без уважлівых прычын на занятак, парушэнне дысцыпліны ў часе адукацыйнага працэсу, невыкананне без уважлівых прычын
законнага патрабавання педагагічнага работніка, абразы ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу, распаўсюд інфармацыі, якая наносіць шкоду здароўю навучэнцаў ды іншае.
Каментуючы новы кодэкс, старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Уладзімір Здановіч зазначыў, што цяпер вучня могуць выключыць са
школы за тры выніковыя нулявыя адзнакі. Або калі ён прапускаў заняткі без уважлівай прычыны 30 ці больш дзён цягам навучальнага года. Гэта тычыцца толькі вучняў 10-х і 11-х класаў. Але адлічэнне не
будзе адбывацца без узгаднення з бацькоўскім камітэтам, саветам школы і камісіяй па справах непаўналетніх. Дзеці, адлічаныя са школы, будуць накіраваны на курсы для набыцця прафесіі.
Усе пры справе
Прадстаўнікі акадэмічнай супольнасці з адукацыйным кодэксам ніякіх спадзяванняў на рэформы не звязваюць. Маўляў, гэта толькі ўзмацніла адміністрацыйную сістэму, і не больш. «Увядзенне
кодэкса — манеўр, што толькі адцягвае ўвагу. І робіцца гэта ва ўмовах, калі абсалютна няма ідэй, новага бачання, што рабіць з адукацыяй. Гэта традыцыйна беларускі падыход, —
гаворыць кандыдат педагагічных навук, эксперт Агенцтва гуманітарных тэхналогій Святлана Мацкевіч. — Ёсць вельмі многа заканадаўчых актаў, датычных адукацыі. Іх усе аб’ядналі, больш
падрабязна прапісалі ў кодэксе розныя акалічнасці. Цяпер усе мусяць працаваць паводле гэтага кодэкса, прыводзіць сваю дзейнасць у адпаведнасць з кодэксам. То бок усе занятыя справай, але рэформа не
адбываецца, толькі мітусня! Законы ў гуманітарных сістэмах трэба пісаць тады, калі яны спачатку апрабаваныя метадам спробаў і памылак».
Сістэму беларускай адукацыі рэфармуюць рэгулярна. Але задаволенасці ні ў навучэнцаў, ні ў выкладчыкаў гэта не выклікае. Сацыёлаг, аспірант кафедры сацыялогіі БДУ, выкладчык Гомельскага дзяржаўнага
ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Аляксандр Вараненка звяртае ўвагу на непаслядоўнасць рашэнняў, што прымаюцца чыноўнікамі ў сферы адукацыі. «Як можна зразумець пасыл прэзідэнта, які кажа
пра тое, што ліміт рэформаў вычарпаны, і тут жа заяўляе, што педагогаў трэба ўзварушыць? Можна ўспомніць ліквідацыю профіляў навучання ў старэйшых класах для таго, як казалі ўлады, каб стварыць
роўныя ўмовы для паступлення. Аднак тут жа быў уведзены асобны конкурс для паступлення ў ВНУ для гарадскіх і сельскіх абітурыентаў. Наша дзяржаўная машына адпраўляе ў грамадства супярэчлівыя
імпульсы», — мяркуе Аляксандра Вараненка.
Выкладчык Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны тут жа прыводзіць лічбы сацыялагічнага даследавання 2007 года. Тады 95,4% апытаных педагогаў выказваліся за захаванне профільнай
адукацыі, і, як паказалі вынікі цэнтралізаванага тэставання, узровень падрыхтаванасці вучняў, калі мелі месца класы з пэўным прадметным ухілам, быў больш высокім. У выніку пазней трэцяя частка
апытаных настаўнікаў адзначыла, што ўвогуле не зразумела, для чаго ладзілася такая рэформа адукацыі.
Магістратуры адкрылі дыханне
Былы прарэктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, прафесар Уладзімір Дунаеў крыху астуджае запал чыноўнікаў, якія прэзентуюць Кодэкс аб адукацыі як вялікі крок перад астатнімі краінамі.
«Ідэя адукацыйнага кодэкса — гэта не беларускае know how. Ёсць мадэльны адукацыйны кодэкс СНД. Ён быў створаны ў 1998 годзе, і краіны СНД мусілі прыняць адпаведныя нарматыўныя
дакументы. Першай была Малдова, якая і ўвяла адукацыйны кодэкс. Але праіснаваў ён, здаецца, тыдні два, — робіць невялікі экскурс у гісторыю Дунаеў. — Потым парламент адмяніў яго, бо
знайшоў дакумент недэмакратычным, «сырым». Беларусь быццам бы давяла ідэю кодэкса да рэалізацыі. Але насамрэч неабходныя пункты там не прапісаныя».
У прыватнасці размова ідзе аб заканадаўчым замацаванні нарматыву на фінансаванне адукацыі. У Законе «Аб адукацыі» прапісана, што бюджэтныя адлічэнні на адукацыю мусяць складаць па
планах на 2011 год 5,5% ад ВУП. Але ўжо некалькі гадоў гэты нарматыў парушаецца, і сёлета чакаецца аналагічны вынік дзяржаўных асігнаванняў на адукацыю.
Прафесар Дунаеў прыводзіць у прыклад Еўропу, дзе нарматыў фінансавання адукацыі складае 10% ад ВУП. І хаця ён таксама парушаецца, кіраўнікі дзяржаў прынамсі апраўдваюцца за свае дзеянні ды імкнуцца
выконваць прапісаны нарматыў.
Ёсць і яшчэ адзін важны аспект, які акадэмічная супольнасць Беларусі праігнаравала, у выніку яго ж і не атрымала. «У кодэксе хацелі закласці аснову адукацыйнага права. Але для гэтага трэба,
каб суб’екты адносінаў былі аўтаномнымі. У Беларусі стварылі права, у якім адносіны па-ранейшаму рэгулююцца па прынцыпу «кіраўнік — падначалены», то бок
Адміністрацыйным кодэксам, — зазначае Уладзімір Дунаеў. — На жаль, акадэмічная супольнасць гэтага не заўважыла і нічога не зрабіла на этапе, калі гэта можна было скарэктаваць. Таму
адукацыйны кодэкс — гэта хутчэй устаў вартавой службы, чым закон аб адукацыі».
Святлана Мацкевіч і Уладзімір Дунаеў
«У нас, канешне, ніколі не было акадэмічных свабодаў, але ў Законе «Аб адукацыі» быў замацаваны 34-ы артыкул акурат аб акадэмічных свабодах і ўніверсітэцкай аўтаноміі,
— тлумачыць экс-прарэктар апальнага Еўрапейскага ўніверсітэта. — І ніхто не заўважыў, што ў 2009 годзе гэты артыкул быў выдалены, і потым не перайшоў у Кодэкс аб адукацыі. Хіба наша
акадэмічная супольнасць пратэставала, абуралася? Ды нават не заўважылі! То бок сутнасці адукацыйных адносінаў у кодэксе не зафіксавалі, бо насамрэч гэта акт, які замацоўвае адміністрацыйнае
самадурства. У нас няма ніякіх правоў, бо тое, што нам можна, вызначае адміністрацыя».
Разам з тым эксперт адзначае адзін істотны плюс новага дакументу — у Беларусі з’явілася прафесійная магістратура. «Рубінаў знішчыў прафесійную магістратуру, прывязаўшы яе
да аспірантуры. Відаць, падумалі, што калі аспірант не паспявае падрыхтавацца за два гады да абароны дысертацыі, то трэба яму яшчэ год дадаць. Але гэта нічога не дало ў плане паляпшэння паказчыкаў
абароны дысертацый. Магчыма, цяпер у нас з’явіцца паўнавартасная другая ступень вышэйшай адукацыі», — выказвае спадзяванні прафесар Дунаеў.
Варта дадаць, што, паводле міжнародных рэйтынгавых ацэнак, найперш адукаваныя людзі прыносяць дзяржаве грошы, то бок яны папросту ёсць гарантам эканамічнай стабільнасці краіны. «У Еўропе
розніца даходаў за час працы чалавека з вышэйшай і сярэдняй адукацыяй складае 119 тысяч долараў. Чалавек з вышэйшай адукацыяй плаціць больш падаткаў. Адукаваныя людзі больш увагі надаюць здароўю,
гэта выгодна дзяржаве», — адзначае эканаміст Антон Балточка. У дакладзе ААН аб развіцці чалавека за 2010 год Беларусь заняла 61-е месца па індэксе развіцця чалавечага патэнцыялу.
Аднак, як мяркуе эксперт, цяпер у краіне назіраецца вялікая інфляцыя вышэйшай адукацыі, яна не ёсць гарантам сацыяльнага ліфта ці матэрыяльнага дабрабыту.