Інфляцыя загадаў не слухаецца

Беларускае кіраўніцтва гаворыць адно, робіць другое, а думае, пэўна, пра трэцяе. Адной рукой змагаецца з ростам цэнаў і абяцае барацьбу з інфляцыяй, другой — уводзіць у абарачэнне новыя грошы, падвышае кошты і робіць выгляд, што “так і было.



8bd2c3f7fd5b165b470beb1cc83071ab.jpg

Беларускае кіраўніцтва гаворыць адно, робіць другое, а думае, пэўна, пра трэцяе. Адной рукой змагаецца з ростам цэнаў і абяцае барацьбу з інфляцыяй, другой — уводзіць у абарачэнне новыя грошы, падвышае кошты і робіць выгляд, што “так і было.
Прыкладам, 12 сакавіка Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з прэм’ер-міністрам Міхаілам Мясніковічам заявіў аб неабходнасці “актыўна весці барацьбу з інфляцыяй. У ходзе сустрэчы разглядаліся пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў студзені — лютым і перспектывы на 2012 год.
“І мы сёння бачым, што мы можам гэта зрабіць. Таму што там, дзе цэны не кантралююцца, яны, наадварот, маюць імкненне да паніжэння. Дзесьці мы цэны выраўноўваем. Таму інфляцыя ў гэтым выпадку ў нас рэгуляваная, — сказаў Лукашэнка.
Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, сёння вельмі шмат гаворыцца пра тое, што ў Беларусі цэны ніжэйшыя, чым у суседзяў, і гэта часткова са­дзейнічае вывазу тавараў. “Мы дакладна вызначылі, што цэны летась у нас і так добра падскочылі, і калі дзесьці падшліфоўваем, то гэта не павінен быць абвальны рост цэн. Ён павінен быць расцягнуты ў часе і прывязаны да росту даходаў насельніцтва. Ёсць павышэнне зар­плат, пенсій, дапамог — тады мы можам у нейкай ступені нават не рухаць цэны, а падшліфоўваць — гэта 0,5–1%, але не больш, — падкрэсліў Лукашэнка.
Мясніковіч прадставіў аналітычную ацэнку эканамічнага развіцця краіны па выніках двух месяцаў гэтага года, праінфармаваў аб чаканых выніках першага квартала і прагнозе па выкананні планавых паказчыкаў 2012 года. Паводле слоў прэм’ер-міністра, “эканоміка працуе ўстойліва, у асноўным усе галіны і рэгіёны выконваюць даведзеныя заданні. Ён адзначыў, што добрыя тэмпы развіцця дэманструюць сельская гаспадарка (106,7%), прамысловасць. “Стабільная сітуацыя на валютным і спажывецкім рынках, — праінфармаваў кіраўнік урада. “У знешнім гандлі складваецца станоўчае сальда. На чыстай аснове прыток валюты амаль на паўмільярда вышэйшы, чым адток, — канстатаваў Мясніковіч.
А тым часам, пры “стабільнай сітуацыі на валютным і спажывецкім рынках Нацбанк прэзентаваў новую купюру вартасцю 200 тысяч беларускіх рублёў. На новай купюры, якая ўводзіцца ў абарачэнне 12 сакавіка, намаляваны будынак Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя Масленікава. На адваротным баку банкноты — дэкаратыўны калаж з архітэктурных элементаў будынка музея.
На банкноце прымененыя новыя сучасныя візуальныя элементы абароны, што дазваляе распазнаць яе сапраўднасць. Акрамя гэтага, на новай банкноце застануцца ўжо вядомыя элементы абароны, якія ёсць на банкнотах, што знаходзяцца ў абарачэнні. Новая банкнота будзе пастаўлена ў банкі найбліжэйшым часам. Яе наклад не паведамляецца.
Каментуючы выпуск новай банкноты, эксперты адзначаюць: яе намінал мог бы быць і большым. Напрыклад, паводле меркавання былога кіраўніка Нацбанку Станіслава Багданкевіча, самая буйная банкнота магла быць і ў 1 мільён рублёў. “Што такое самая буйная купюра ў 25 долараў? Мне здаецца, яе кошт павінен раўняцца 100 доларам, а гэта ўжо больш за 800 тысяч рублёў, — падкрэсліў ён.
Вось такі ў нас “стабілізец на фінансавым рынку. Увядзенне ў дзеянне новай купюры якраз і сведчыць пра тое, што ідзе інфляцыя. А стабільная яна, рэгуляваная ці не — гэта, здаецца, няшмат каго хвалюе. Галоўнае, што яна ёсць.
І адразу за новай купюрай — новыя падаражанні. 14 сакавіка падаражэў цукар. Як паведаміла прэс-служба Мінэканомікі, такое рашэнне зацверджана пастановай міністэрства №16 ад 13 сакавіка.
Дакументам устаноўлена межавая максімальная рознічная цана на цукар-пясок белы без дабавак вагавы — 7 000 рублёў за 1 кілаграм (раней — 6 400 рублёў; рост на 9,4%). Апрача таго, устаноўлена цана на цукар-пясок белы без дадаткаў, расфасаваны ў спажывецкую ўпакоўку звыш 500 грамаў, — 7 500 рублёў за 1 кілаграм (7 000 рублёў; рост на 7,1%). Юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам, якія маюць аб’екты аптовага, рознічнага гандлю і грамадскага харчавання, пастановай прадпісана правесці па стане на 14 сакавіка пераацэнку рэшткаў цукру-пяску белага без дадаткаў у адпаведнасці са зменамі, з аднясеннем розніцы ад пераацэнкі рэшткаў прадукцыі згодна з заканадаўствам.
Нагадаем, цана на цукар у 2011 годзе павышалася пяць разоў, апошнім разам — 23 кастрычніка на 17%.
У той жа дзень канцэрн “Белнафтахім афіцыйна абвясціў пра першае ў 2012 годзе павышэнне адпускных і рознічных цэн на аўтамабільнае паліва. 14 сакавіка цэны павялічыліся ў сярэднім на 5%. Паводле інфармацыі канцэрна, кошт бензіну Нармаль–80 складае 5 400 рублёў за літр (+300, або 5,6%), Аі–92 — 6 000 (+300, або 5,3%), Аі–95 — 6 450 (+350, або 5,7%), дызпаліва — 6 600 (+300, або 4,8%).
Перагляд цэн канцэрн растлумачыў “ростам каціровак кошту нафты ў сакавіку 2012 года ў параўнанні са снежнем 2011 года на 17%, а таксама неабходнасцю “паэтапнага збліжэння цэн на тавары ў краінах Мытнага саюза і павышэння эфектыўнасці працы беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў. “Дзейныя рознічныя цэны на нафтапрадукты (з улікам павелічэння) застаюцца ніжэйшымі за ўзровень аналагічных цэн у Расійскай Федэрацыі на 18–25%, — гаворыцца ў паведамленні.
Нагадаем, у мінулым годзе паліва даражэла 10 разоў, што выклікала незадаволенасць аўтамабілістаў і акцыі кшталту “Стоп бензін!. За 2011 год Нармаль–80 падаражэў у 2,4 разу, Аі–92 — у 1,99 разу, Аі–95 — у 1,88 разу, дызельнае паліва — у 2,44 разу.
І яшчэ пра тое, што “ў знешнім гандлі складваецца станоўчае сальда. Не забыліся, што гэта словы Мясніковіча? Дык вось: той жа Мясніковіч назаўтра, 13 сакавіка, запатрабаваў дыверсіфікаваць рынкі збыту беларускай харчовай прадукцыі. Пра гэта ён заявіў на пасяджэнні прэзідыума Савета міністраў, на якім разглядаліся вынікі выканання ў 2011 годзе дзяржпраграмы ўстойлівага развіцця вёскі на 2011–2015 гады.
Кіраўнік Саўміна зазначыў, што большасць харчовых тавараў (89%) Беларусі рэалізуюцца на расійскім рынку, 6% — у іншых краінах СНД і толькі 5% — за межамі краін Садружнасці. “Структура экспарту, шчыра кажучы, дрэнная, — канстатаваў ён. — Неабходна дыверсіфікаваць рынкі, каб актыўна працаваць і ў іншых краінах.
Калі ў нас усё добра са знешнегандлёвым сальда, навошта нешта дыверсіфікаваць? Калі ўсё добра працуе — дык хай працуе. А калі трэба нешта дыверсіфікаваць, то, значыць, не так добра яно і працуе?