Пагроза трапляння ракеты ў рэактар АЭС сёння была высокай
Украінскі Энергаатам зафіксаваў пралёт дзвюх ракет над атамнай станцыяй. Ракеты рухаліся ў напрамку горада Першамайск Мікалаеўскай вобласці і праляцелі небяспечна блізка ад Паўднёваўкраінскай АЭС.
Сёння, 18 лютага, падчас ранішняй ракетнай атакі былі зафіксаваныя пралёты дзвюх крылатых ракет крытычна блізка ад Паўднёваўкраінскай АЭС, паведамілі ў Энергаатаме.
Паведамляецца, што ракеты побач з электрастанцыяй былі заўважаныя ў 08.25 і 08.27.
«Паветраныя аб'екты рухаліся па рэчышчы Паўднёвага Буга ў напрамку горада Першамайск Мікалаеўскай вобласці і праляцелі небяспечна блізка да ядзернага аб'екта. Пагроза трапіць у рэактар з магчымымі наступствамі — ядзернай катастрофай — зноў была высокай», — гаворыцца ў паведамленні.
Энергаатам акцэнтуе, што такія дзеянні — чарговы акт ядзернага тэрарызму РФ.
«У які раз звяртаемся да МАГАТЭ з патрабаваннем прыняць усе магчымыя меры па спыненні ядзернага тэрарызму РФ, вываду вайсковых фармаванняў Расіі з тэрыторыі Запарожскай станцыі і ўстанаўленні дэмілітарызаванай зоны вакол яе, а таксама беспалётнай — над усімі атамнымі аб'ектамі Украіны», — заклікалі ў Энергаатаме.
Нагадаем, сёння раніцай у час паветранай трывогі ў Хмяльніцкім прагрымелі выбухі.
У Хмяльніцкім у выніку ракетнага ўдару РФ пашкоджаныя жылыя шматпавярхоўкі і навучальныя ўстановы. Параненыя два чалавекі. Да таго ж ракета РФ трапіла і па ваенным аб'екце ў Хмяльніцкім.
Паводле korrespondent.net, www.pravda.com.ua