Партыя БНФ асуджае курс урада на фінансаванне эканомікі праз прыцягненне замежных крэдытаў

Партыя БНФ асуджае ўзяты ўрадам курс на фінансаванне беларускай эканомікі праз прыцягненне замежных крэдытаў без правядзення структурных рэформ, гаворыцца ў заяве арганізацыі, прынятай 25 студзеня на пасяджэнні сойма. 



1361817292.jpg

Асабліва сур'ёзнай пагрозай для нацыянальнай бяспекі ў партыі лічаць апошнія крэдытныя здзелкі з Расіяй. "Расійскі бок не ўтойвае, што гэтыя крэдыты на самой справе з'яўляюцца схаванай формай залогу прадпрыемстваў — флагманаў беларускай прамысловасці. У сваёй заяве расійскі прэм'ер Мядзведзеў напрамую агучыў разлік Крамля на тое, што па гэтых крэдытах Беларусь будзе адказваць усёй нацыянальнай маёмасцю", — адзначаецца ў заяве. 


Паралельна гэтаму, падкрэсліваюць у партыі, адбываюцца непразрыстыя для беларускага грамадства перамовы аб стварэнні гэтак званых беларуска-расійскіх прамысловых холдынгаў, у якія беларускі бок укладвае шэраг стратэгічна важных прадпрыемстваў. "Такім чынам, крэдыты не з'яўляюцца сродкамі забеспячэння структурных рэформ беларускай эканомікі, а ўсяго толькі яшчэ адным варыянтам памылковай палітыкі фінансавання заганнай эканамічнай мадэлі ў сучаснай Беларусі праз перадачу пад знешні кантроль беларускай прамысловасці", — лічаць у арганізацыі. 


Партыя БНФ заяўляе, што тупіковы курс улад "уяўляе сабою доўгатэрміновую небяспеку для дабрабыту і незалежнасці беларускай дзяржавы". "Урад занепакоены толькі пытаннямі ўласнага палітычнага выжывання і не клапоціцца пра ўстойлівае развіццё дзяржавы. Акрамя павелічэння аб'ёму пазык і татальнага распродажу краіны, рэжым не можа даць ніякага іншага адказу на выклікі крызісу, не прызнае сістэмных памылак у кіраванні краінай і толькі ратуе сябе і сваю нежыццяздольную сацыяльна-эканамічную мадэль фінансавання гаспадаркі, якая грунтуецца на нерэнтабельнай і энергаёмістай вытворчасці", — гаворыцца ў заяве. 


Паводле меркавання Партыі БНФ, "рэструктурызацыя эканомікі павінна ажыццяўляцца ў адпаведнасці з доўгатэрміновымі інтарэсамі беларускага народа, але яна патрабуе ўжо цяпер адмены аўтарытарнай камандна-адміністрацыйнай мадэлі кіравання, мадэрнізацыі народнай гаспадаркі і яе інтэграцыі ў глабальную эканоміку на аснове сучаснага падзелу працы". "Гэта патрабуе імкнення да ўстойлівага і якаснага развіцця нацыянальнай эканомікі, чаго не хапае цяперашнім уладам, якія жывуць адным днём. У адваротным выпадку краіна будзе працягваць гандляваць сваім суверэнітэтам і маёмасцю", — падкрэсліваецца ў заяве. Сяргей Каралевіч, БелаПАН