Пяць фактаў пра мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Паўла

61-гадовы мітрапаліт Павел (Панамароў) быў прызначаны кіраўніком Беларускай правслаўнай царквы. «Наша Ніва» сабрала самыя цікавыя факты пра яго.

1. Нечаканае прызначэнне
 

Тое, што мітрапаліт Філарэт хворы і яму хутка спатрэбіцца замена ведалі ўсе. Канечне, у такой сітуацыі абмяркоўваліся магчымыя варыянты. Ці не найчасцей называлася імя пратэірэя Фёдара Поўнага. Хоць гэта і супярэчыла логіцы, бо ён не з’яўляецца манахам. Аднак царкоўныя людзі не адкідалі такі варыянт, што Фёдар разам са сваёй жонкай могуць разам сысці ў манастыр, тады ніякіх праблемаў быць не павінна.
 

Кажуць, што на кандыдатуры Поўнага настойваў асабіста Аляксандр Лукашэнка. Святар, напрыклад, суправаджаў кіраўніка Беларусі падчас нядаўняга адпачынку ў Сочы.
 

З беларускіх япіскапаў найчасцей згадваўся Гурый, япіскап Навагрудскі. Узгадалі пра беларускія карані япіскапа Ноўгарадскага Льва Цярпіцкага (нарадзіўся ў Стаўбцоўскім раёне) і Ніжагародскага Георгія Данілава (родам са Жлобіна).
 

Аднак мала хто чакаў, што новым мітрапалітам стане чалавек, які да гэтага зусім ніяк не быў звязаны з Беларуссю.

2. Добра адгукаўся аб Беларусі
 

У чэрвені сёлета Павел наведваў Мінск. «У Беларусі я пабачыў тое, чаго не бачыў нідзе», - сказаў ён у інтэрв’ю сайту sobor.by. «Я думаю, сюды трэба прывозіць і асветнікаў, і будаўнікоў, і святароў, і кожны тут зможа пераняць шмат добрага. Я проста узрушаны тым, што сёння ўбачыў. І ўсе гэтыя справы дабра, любові і міласэрнасці адбываюцца, на мой погляд, ад таго добрага, чыстага сэрца, мілага сэрца, якое ёсць у нашых людзей, праваслаўных людзей, якія жывуць на гэтай міласцівай беларускай зямлі».

3. Гаварыў пра «праваслаўны сталінізм»
 

Самыя вядомыя выказванні мітрапаліта Паўла датычацца тэмы сталінізма, у тым ліку ў колах праваслаўнага духавенства.
 

«Нюрнбергскі працэс асудзіў пасля Другой сусветнай вайны фашызм, а вось ленінізм, марксізм, атэізм, сталінізм, на жаль, да гэтага часу не асуджаныя. Не было дадзена палітычнай, ідэалагічнай ацэнкі. А трэба было гэта зрабіць, бо вялікая колькасць людзей - мільёны, дзесяткі мільёнаў - загінула з-за гэтай ідэалогіі. Гэта багаборніцкія, антычалавечая ідэалёгія.
 

Гасподзь па-за часам і па-за чалавечых канфліктаў. Ад таго, што мы тут, на зямлі, прыдумляем, як у народзе кажуць, Богу ні горача, ні холадна. А вось нам, людзям, любая ідэалогія, прыносіць ці карысць, або шкоду. Дык вось, ідэалогія атэізму, марксізму, ленінізму і сталінізму нанесла каласальную шкоду. І да гэтага часу, дарэчы сказаць, атэізм губіць велізарная колькасць душ чалавечых.
 

Што да неасуджальных адносін некаторых святароў да сталінізму … Сярод нашага брата таксама ёсць розныя людзі».
 

Па блаславенню мітрапаліта Паўла разанцам расказвалі, што рабілі з цэрквамі бальшавікі, які тэрор чыніўся ў дачыненні святароў і вернікаў. Што ж, калі мітрапаліт Павел працягне гнуць сваю лінію і ў Беларусі, дзе не было дэкамунізацыі, то справаў у яго будзе вельмі многа.
   

4. Выступаў за вяртанне старых назваў
 

Мітрапаліт Павел прыйшоў у свет у Карагандзе. Ягоная сям’я была рэпрэсаванай. Хрысціў яго там у маленстве старац Севасцьян (Фамін), які ў будучым будзе далучаны да святых. Павел каазў, што Севасцьян Карагандзінскі адыграў важную ролю ў ягоным жыцці.
 

Мітрапаліт выказваў ініцыятыву, каб Валгаграду было вернутая назва Царыцын, якая існавала ад 1589 да 1925. «Старым гарадах трэба вяртаць іх ранейшыя імёны, у гэтым будзе выяўляцца пераемнасць наша. Мы ж часта гаворым пра тое, што наша будучыня залежыць ад таго, як мы памятаем сваю гісторыю. Той, хто не памятае сваю гісторыю, у таго не будзе і добрай будучыні».
 

Цікава, ці выступіць мітрапаліт за пераіменавання Дзяржынска ў Койданава?
   

5. З цеплынёй успамінае служэнне ў Амерыцы
 

Мітрапаліт Павел вельмі працяглы час служыў не ў Расіі. Яшчэ ў 1980-ыя прадстаўляў РПЦ у Ерусаліме. Амаль адразу з развалам Савецкага саюза ён быў прызначаны япіскапам Зарайскім. Гэтае япіскапства месціцца ў ЗША (наведваў таксама прыходы ў ЗША і Мексіцы). Потым працаваў у Вене. У Расію вярнуўся толькі ў 2003-м. Вядома, што ў ЗША меў сустрэчы з кіраўніком Рускай зарубежнай царквы Іларыёнам.
 

«На мяне вельмі вялікае ўражанне зрабілі адносіны вернікаў людзей паміж сабой і са сваімі пастырамі пасля набажэнстваў, пра што я часта распавядаю ў Разані. Вось гэта - сапраўдная суполка! Гэта не нашы праваслаўныя храмы ў Расіі, куды людзі прыходзяць толькі памаліцца, а пасля службы адразу разыходзяцца па сваіх хатах. Я ніколі не рабіў розніцы паміж рускамоўнымі і англамоўнымі прыходамі», - узгадваў мітрапаліт пра службу ў ЗША.
 

«Я часам жартам кажу, што калі скласці разам усе царкоўныя ўстановы, дзе мне давялося служыць: у Ерусаліме, ЗША, Канадзе, Мексіцы, Аўстрыі і Венгрыі, то ўсё разам - гэта максімум 15 працэнтаў той працы, якая вядзецца цяпер у Разанскай мітраполіі».
 

Відаць, у Беларусі працы меней, чым у Разані ў мітрапаліта Паўла не будзе.

nn.by