«Плошча — усяго толькі частка сцэнару»

Змагацца да перамогі і ісці на выбары, каб перамагчы. Пра такія намеры заявілі шэраг кандыдатаў ад апазіцыі. Пытанне «як?» цяпер галоўнае, на што трэба даць адказ прэтэндэнтам. Якім чынам расцэньваюць такія заявы адмыслоўцы? Сваё меркаванне на гэты конт журналістцы «НЧ» Алене Варажбей выказаў палітолаг Юры Чавусаў.

— Апазіцыя можа разлічваць на поспех? І пры якіх умовах?

Змагацца да перамогі і ісці на выбары, каб перамагчы. Пра такія намеры заявілі шэраг кандыдатаў ад апазіцыі. Пытанне «як?» цяпер галоўнае, на што трэба даць адказ прэтэндэнтам. Якім чынам расцэньваюць такія заявы адмыслоўцы? Сваё меркаванне на гэты конт журналістцы «НЧ» Алене Варажбей выказаў палітолаг Юры Чавусаў.
— Апазіцыя можа разлічваць на поспех? І пры якіх умовах?
— Ніхто з кандыдатаў не разлічвае, што Ярмошына абвесціць лічбы, якія б сведчылі пра паразу Лукашэнкі. Бо выбараў у Беларусі няма: іх няма ў тым сэнсе, што галасы не лічацца.Таму словы пра перамогу могуць азначаць перамогу на плошчы пасля пратэстаў. Або пасля плошчы ў выніку ціску па ўмовах паставак энергарэсурсаў, які чакаецца з боку Расіі напачатку года.
— А чым плошча–2010 можа кардынальна адрознівацца ад плошчы–2006? Як сведчаць сацыялагічныя апытанні, колькасць людзей, гатовых выйсці на вулічныя акцыі, вельмі нязначная.
— Палітыкі карыстаюцца тым, што шмат для каго з палітычна ангажаванай публікі плошча зрабілася сімвалам маральнай (а не палітычнай) перамогі. Яны хаваюцца за гэтыя словы, паўтараюць: «Плошча, плошча, мы выйдзем на плошчу». Але сэнсу гэтаму надаюць вельмі мала, то бок канкрэтыкі няма. Плошча, як і адзіны кандыдат,— гэта ўсяго толькі сродкі, часткі пэўнага сцэнару, якія нельга разглядаць як самастойныя каштоўнасці.
Калі кандыдат кажа пра перамогу, трэба пытацца, што ён лічыць перамогай у гэтай кампаніі. Мілінкевіч у 2006 годзе разлічваў на 30 працэнтаў. Але высветлілася гэта толькі пасля кампаніі. Так што трэба глядзець на кампаніі апазіцыйных кандыдатаў тэхналагічна і цікавіцца, якім чынам яны збіраюцца перамагаць. Фальшывасць гэтых выбараў вядомая ўсім, але людзі, якія стаялі на плошчы ў 2006 годзе, будуць задаваць пытанні: «Мы прыйдзем на плошчу ізноў, але, спадары кандыдаты, што мы будзем рабіць? Зноў стаяць у намётавым мястэчку? Добра, мы гатовыя. Але якім чынам гэта паўплывае на сітуацыю? Што будзе адрознае ад ранейшага сцэнару, каб мы разлічвалі на гэту славутую перамогу?» І адказы на такія пытанні кандыдаты ў прэзідэнты павінны мець.
— У рэальнасці хто б перамог, на ваш погляд? Бо ўсе адзначаюць малы рэйтынг даверу апазіцыі, які складае не больш за 15 працэнтаў.
— Справядлівыя выбары — гэта не толькі сумленны падлік галасоў. Гэта азначае не арыштоўваць дэмакратычных актывістаў, не выносіць папярэджанні газетам, якія пішуць пра апазіцыйных кандыдатаў. Урэшце, не прымушаць людзей на прадпрыемствах падпісвацца за Аляксандра Рыгоравіча. Сітуацыя ў Беларусі такая, што пра справядлівыя выбары ўжо на гэтым этапе кампаніі казаць немагчыма. Таму прагназаваць, колькі б працэнтаў атрымаў Аляксандр Рыгоравіч у сітуацыі, калі б былі справядлівыя выбары, — гэта ўсё роўна, як пытацца: «А колькі б галасоў атрымаў Леанід Ілліч Брэжнеў на выбарах у 1978 годзе і ці перамог бы ў яго спадар Сахараў?»
Апазіцыйныя дзеячы ўсведамляюць, якое малое значэнне мае тое, што там у выбарчай скрынцы будзе. Таму ім, магчыма, больш важна дамагчыся вядомасці ў якасці кандыдатаў у прэзідэнты, а не змагацца за канкрэтныя галасы. І гэтыя мэты ставяцца па-за межамі катэгорыі «электаральны рэйтынг». Гаворка ідзе хутчэй пра рэйтынг вядомасці.
На гэтых выбарах нельга казаць ні пра справядлівы падлік галасоў, ні пра справядлівыя выбары, ні пра перадвыбарчыя рэйтынгі. Гэта ўсё не мае дачынення да бягучага палітычнага працэсу. Безумоўна, палітык павінен быць вядомым. Але мы бачым, што самы вядомы з апазіцыйных палітыкаў Аляксандр Мілінкевіч не балатуецца. А ён меў самыя вялікія рэйтынгі вядомасці і падтрымкі. Гэта сведчыць пра тое, што апазіцыя разумее ўсю штучнасць пытання пра рэйтынгі падчас выбарчай кампаніі.
— Вы згодны з меркаваннем, што апазіцыя не падрыхтавалася да выбараў?
— Нельга раней часу казаць, што апазіцыя атрымала фіяска. Папросту сітуацыя не падобная на тую, якая была ў 2006 годзе. Яна хутчэй нагадвае сітуацыю 2001 года, калі і подпісы збіралі некалькі дэмакратычных кандыдатаў, і дамовіліся яны пра адзінства ўжо літаральна перад галасаваннем. І як мы цяпер рэтраспектыўна аналізуем сітуацыю 2001 года і далейшы ход падзей, лепей бы яны тады ішлі ўдвух, а не стваралі сітуацыю штучнага адзінства.
Калі ўсе бачаць, што сэнсу ў аб’яднанні пад шыльдай безаблічнага агульнадэмакратычнага кандыдата няма, прадстаўнікі партый думаюць пра тое, што трэба данесці да насельніцтва ўласную ідэалагічную пазіцыю.
— Наколькі важна — ці будзе адзіны кандыдат ад апазіцыі, ці некалькі?
— Не думаю, што колькасць кандыдатаў адыгрывае стратэгічную ролю. Па вялікім рахунку, не мае істотнага значэння, колькі людзей выйдзе на плошчу. Таму гэта тактычнае пытанне.
Узгадаем 2001 год — адзіны кандыдат фармальна быў. Насамрэч на плошчу мала хто выйшаў. У 2006 годзе быў Казулін і быў кандыдат Мілінкевіч са статусам адзінага. На плошчу народ выйшаў і за таго, і за другога.
Зараз шмат шараговых удзельнікаў тых падзей кажуць, што Казулін быў сапраўды маральным лідэрам. Ён павёў людзей за сабой. А Мілінкевіч, маўляў, гэтым не скарыстаўся.
Але беларуская палітычная сістэма не настолькі архаічная, каб лідэр на плошчы аўтаматычна ператвараўся ў палітычнага правадыра. Мы памятаем, як спадар Казулін вёў людзей да Акрэсціна. Аднак гэта не зрабіла яго палітычным лідэрам усёй апазіцыі. Седзячы за кратамі, ён меў вялікі маральны і палітычны аўтарытэт. А пасля, калі выйшаў з турмы, перастаў быць істотнай фігурай на беларускай палітычнай арэне.
— Якую пазіцыю зойме Расія ў дачыненні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі?
— З тых выказванняў, якія даводзіцца чуць ад Някляева, ад Раманчука, ад таго ж Саннікава, узнікае падазрэнне, што яны перабольшваюць значнасць расійскага ціску. Гэта хібны шлях. Наяўнасць расійскага ціску карэнным чынам сітуацыю на праспекце Незалежнасці, на Кастрычніцкай плошчы альбо на плошчы Незалежнасці ў Мінску не зменіць. Не думаю, што Расія сапраўды мае планы маніпуляваць газавымі кранікамі і коштамі на нафту такім чынам, каб на плошчу выйшлі сотні тысяч чалавек.
Усе цудоўна разумеюць, што ніводзін алігарх з Расіі (беларускі ці небеларускі) не будзе ўкладаць грошы ў палітычныя кампаніі ў іншых краінах без санкцыі расійскай улады. Таму Масква ў беларускіх выбарах удзельнічае. Пытанне, наколькі актыўна. Ці з’яўляюцца палітычныя кампаніі, якія фінансуюцца праз Расію, спробай замены дзеючага прэзідэнта на іншага? Ці гэта толькі працяг ціску, каб папалохаць Лукашэнку і прымусіць пайсці на саступкі?
— А які ваш адказ на гэта пытанне?
— Мне падаецца найбольш верагодным сцэнар, які Расія ўжо неаднаразова выкарыстоўвала. Яна палохае Лукашэнку па  палітычным, эканамічным, медыйным напрамках. Мы бачым стратэгію Расіі на постсавецкай прасторы. Не важна, хто кіруе ў Мінску, Кіеве ці Бішкеку. Трэба зрабіць такую мадэль узаемадзеяння з краінамі, каб любы, хто там кіруе, выконваў стратэгічныя расійскія інтарэсы.
У 1989 годзе Гарбачоў заявіў, што СССР перастае ўмешвацца ва ўнутраныя справы краінаў народнай дэмакратыі. І гэта паўплывала на дэмакратызацыю ў гэтых краінах. У гэтым палягае розніца — адмовіцца ад умяшання альбо ўмешвацца з пэўнымі мэтамі. Калі Расія насамрэч адмовілася ад падтрымкі Лукашэнкі, то ёй дастаткова спыніць яго фінансавую падтрымку.
— Як адрэагуюць людзі на заклік выйсці на плошчу?
— Пытанне ў матывацыі людзей. У тым, ці будуць яны бачыць сэнс гэтага выхаду.
Накачванне сацыяльных трансфертаў пры наяўных эканамічных цяжкасцях працуе на тое, што людзі хоць і незадаволеныя, але не выяўляюць жадання пратэставаць. Лукашэнку будзе складана падтрымліваць узровень сацыяльных гарантый, якія дазваляюць людзям не цікавіцца палітыкай. Але ж гэта магчыма ў кароткачасовай перспектыве шляхам напружвання ўсёй эканомікі. Тое, што да канца будзе ў рознай ступені падтрымлівацца, — гэта буйныя заводы ў Мінску. Лукашэнка баіцца ўласнага народа — гурту на плошчы, які складаецца не з рамантычных хлопчыкаў і дзяўчынак, а з працоўных  прамысловых прадпрыемстваў. І пакуль гэтыя працоўныя на плошчу не пойдуць.
Плошча, на якую выходзіць дэмакратычны актыў ці студэнцтва, не страшная для ўлады. Бо туды прыходзяць, каб выказаць маральную пазіцыю, праявіць незадаволенасць рэжымам, паказаць адзін аднаму, што «мы ёсць». А вывесці на плошчу людзей, якія туды не хочуць ісці, — вось гэта амбітная задача. Вось гэта плошча, якая прыводзіць да змены ўлады.