«Пойдзем у любое надвор’е, мы ж вікінгі…»

Пад Гродна на Нёман спусцілі ладдзю «Яцвяг», які плануе даплыць да Клайпеды

img_3249_1.jpg


Ладдзю вікінгаў, збудаваную паводле старадаўніх чарцяжоў, прывезлі на аўто з Нясвіжу ды спусцілі на ваду пад Горадняй. Гэтак стартавала трохтыднёвая экспедыцыя ў межах праекту «Спадарожны вецер». Цягам вандроўкі вікінгі-рэканструктары, а таксама добраахвотнікі з розных куткоў Беларусі, збіраюцца прайсці ад Гродна да Клайпеды. На Балтыцы экіпаж паўдзельнічае ў фэсце «Свята мора».

img_3411_1.jpg


Як тлумачыць арганізатар падарожжа Зміцер Вараноўскі, які спрычыніўся да будаўніцтва ладдзі, карабель назвалі ў гонар плямёнаў яцвягаў, якія засялялі правы бераг Нёмну.
«Першапачаткова паход збіраўся быць цалкам гістарычным, без аніводнай сучаснай рэчы, — распавядае Зміцер. — Мы хацелі прыцягнуць выключна рэканструктараў, але дастатковай колькасці людзей не сабралася. Таму давялося ў сціслы тэрмін збіраць любую публіку, якой гэта цікава. У выніку дзевяць чалавек ідзе з Беларусі, а нехта яшчэ мае падсесці ў Коўні».

Серыял «Вікінгі» — добрая прапаганда ідэі


img_3440_1.jpg


Яшчэ адна мэта паходу — прапагандысцкая. Рэканструктарскі рух, які займаецца вікінгамі, перажывае ў Беларусі не лепшыя часы: нехта зусім адышоў, нехта пераключыўся на іншыя эпохі. Таму і патрэбныя праекты ды інфа-нагоды, каб зацікавіць грамадства. Не апошняе месца ў прапагандзе, на думку Вараноўскага, займае і серыял «Вікінгі», які набраў папулярнасці за апошнія гады.


Дажджлівае надвор’е, якое ўсталявалася апошнім часам у рэгіёне, вікінгаў не бянтэжыць. На пытанні пра дождж і вецер, рэканструктары з усмешкай паціскаюць плячыма: «Пойдзем у любое надвор’е, мы ж вікінгі…» Іншая праблема – мелі, якія найбольш праяўляюцца на рацэ акурат улетку. Як тлумачыць Зміцер, у гэтым сэнсе найбольш складаны адрэзак ад Бярозаўкі да Мастоў, далей — прасцей.


«Дзяржава ад мора да мора — нашая агульная»


img_3323_1.jpg


Прыехаў на спуск ладдзі і ганаровы консул Беларусі ў Клайпедзе Мікалай Логвін. Менавіта ён і параіў беларускім рэканструктарам «заруліць» на Балтыку, дзе «Свята мора» сёлета будзе праходзіць у 65-ы раз. Гэта шоу еўрапейскага маштабу, куды штогод з’язджаюцца сотні тысяч гасцей. Ініцыятывай зацікавіўся і Літоўскі марскі музей, які запрасіў хлопцаў з Беларусі. Летась, напрыклад, літоўскі бок аплочваў зваротнае транспартаванне «Яцвяга» на радзіму. Сёлета фэст у Клайпедзе пройдзе 28-29 ліпеня.
Экіпажу консул перадаў сцяг з літоўскай пагоняй, зазначыўшы, што дзяржава ад мора да мора была нашай агульнай. «Ну і што, што тут хвост у каня ўверх, а на беларускай пагоні — уніз? Гэта наш агульны сімвал!» — на развітанне дадаў Логвін.

belsat.eu