Польскія дроны супраць беларускіх: хто пераможа?

На постсавецкай прасторы Беларусь лідзіруе ў сферы распрацоўкі беспілотнікаў. Аднак зразумела: якая заўгодна дасканалая зброя бескарысная, калі...

Fly Eye

Fly Eye

Беларускія вытворцы вайсковай тэхнікі не першы год выхваляюцца поспехамі айчынных інжынераў у такой спецыфічнай галіне, як распрацоўка вайсковых беспілотнікаў. Між тым, у суседняй Польшчы ўласныя баявыя БПЛА ўжо ставяць у серыйную вытворчасць. Чые машыны апынуцца лепшымі падчас баявога сутыкнення? Або сутыкнення эканамічнага?

Беларускія поспехі


Апошнія гадоў дзесяць беспілотныя лятальныя апараты (БПЛА або дроны) можна назваць галоўнай вайсковай модай. Без іх выкарыстання ўжо практычна неймаверныя сучасныя войны і контртэрарыстычныя аперацыі. Адпаведна, свае распрацоўкі ў гэтай галіне актыўна вядуць усе развітыя краіны свету.
Беларускія інжынеры імкнуцца не адставаць. У нашай краіне распрацоўкай БПЛА займаецца больш за дзясятак прадпрыемстваў (такіх, як "Пеленг") і інстытутаў. Адпаведна модзе, кожнае ведамства імкнецца падавацца сучасным і мадэрнізаваным, а для гэтага заказвае сабе распрацоўку БПЛА, часцяком нават не маючы выразнага разумення, дзе і як будзе яго выкарыстоўваць.

БПЛА "Буравеснік"

БПЛА "Буравеснік"

Сёння ў Беларусі вырабляюцца — але хіба не ў адзінках — БПЛА шырокага профілю: іх выкарыстоўваюць памежнікі, МУС, МНС, Гідраметэацэнтр, Дзяржаўтаінспекцыя. Але пакуль толькі мадэль "Грыф-1" гатовая да серыйнай вытворчасці: яе планавалася запусціць на пачатку 2014 году на 558-м авіярамонтным заводзе ў Баранавічах. Аднак масавай тая вытворчасць так і не стала.

Да нядаўніх часоў у Беларусі былі найбольш вядомыя чатыры распрацоўкі БПЛА: "Грыф", "Бусел", "Буравеснік" і "Кнігаўка". Асноўнымі заказчыкамі беспілотных комплексаў выступалі МНС і міліцыя, а вось вайскоўцы ў гэтай справе адставалі. Зрэшты, яшчэ нядаўна ўсе беларускія распрацоўкі ў гэтай сферы зводзіліся да выведавальных і наглядальных апаратаў. Прычым пераважна — самалётнага тыпу, не самага зручнага ў эксплуатацыі.

БПЛА "Буравеснік"

БПЛА "Буравеснік"

Сітуацыя памянялася зусім нядаўна. На выставе MILEX-2017 упершыню быў паказаны выведавальна-ударны беспілотны верталёт INDELA-I.N. SKY.

 INDELA-I.N. SKY

 INDELA-I.N. SKY

Узлётная маса машыны — 150 кг, апарат узброены рэактыўнымі гранатамётамі з тэрмабарычнымі баегалоўкамі калібра 90 мм. Другая навінка — ударны беспілотнік "Буравеснік МБ", які здольны разганяцца да 200 км/ч і лятаць на 300 км. А гэта ўжо машыны зусім іншага класа — ударныя дроны.

indela_i.n._sky_o.jpg


Польскія поспехі

У апошнія дні мая ў Польшчы была падпісана дамова на выраб польскіх баявых дронаў. Беспілотнікі для войска пад назвай DragonFly (“Страказа”) будзе вырабляць Вайсковыя авіязавод нумар 2 у Быдгашчы.

DragonFly 

DragonFly 

Кантракт быў заключаны менш чым праз год пасля таго, як кампанія паказала прататып. Далейшы лёс дрона залежыць ад таго, як ім будзе карыстацца польскае войска. Пакуль прадстаўнікі Міністэрства абароны Польшчы заяўляюць, што DragonFly — гэта выдатнае рашэнне для тэрытарыяльных сіл абароны. “Ён можа рэвалюцыянізаваць поле бою”, — заявіў намеснік міністра абароны Барташ Каўнацкі.

dragon_fly_1030x629.jpg


Незадоўга да гэтага міністр абароны Польшчы Антоній Мацэрэвіч заявіў пра плануемы масавы закуп беспілотных лятальных апаратаў для ўзброеных сіл краіны. Гаворка ідзе аб куплі 1200 БПЛА, з якіх 1000 — гэта ўдарныя беспілотнікі. Міністэрства абароны ўжо стварыла адмысловую базу для БПЛА ў Міраслаўцы. Там размешчаныя некалькі выведавальных дронаў Orbiter і AeroStar ізраільскай вытворчасці. Ім на замену цяпер прыходзіць лёгкі беспілотны лятальны апарат Fly Eye — “Лятаючае Вока” — распрацаваны польскай кампаніяй WB Electronics SA.
Зараз у Быдгашчы пачынаюць серыйную вытворчасць першай версіі DragonFly. Спачатку кампанія паставіць у войска выпрабавальную версію беспілотніка. Пачатак вытворчасці баявой версіі запланаваны на наступны год. Дроны DranonFly будуць аснашчаны боегалоўкамі ад электрамэханічнага завода Belma, які пачаў іх вытворчасць таксама напрыканцы мая.

dragon_fly_3.jpg


DragonFly — гэта беспілотны апарат мікракласа з вертыкальным узлётам, прызначаны для вядзення баявых дзеянняў як на адкрытай, так і ва ўрбанізаванай прасторы. У залежнасці ад тыпу боегалоўкі “Страказа” можа быць накіравана на барацьбу з лёгка браніраванымі абʼектамі і вайсковымі групоўкамі на абшары 10 км. Асноўная перавага гэтага БПЛА — мабільнасьць, на што ўплывае малая вага, невялікі памер і вельмі кароткі час запуску дрона. Увесь камплект месціцца ў заплечніку, які можа насіць адзін салдат, у дадатак з камплектам боегаловак ды пультам кіравання.

dragon_fly_6vrzidqh.jpg


Наогул, цяпер ударныя апараты — асноўны кірунак развіцця польскіх БПЛА. Адна польская кампанія распрацавала невялікі беспілотнік Warmate з боегалоўкай вагай 1.2 кг у насавой частцы.

Warmate

Warmate

Па вялікім рахунку, гэта і не дрон зусім, а кіруемая бомба, затое танная. Распрацоўшчык гэтай машыны Войцэх Камжнічак сцвярджае, што яго кампанія пачала серыйную вытворчасць апаратаў, на якія ўжо ёсць замовы з-за мяжы.Для Warmate прапаноўваюцца дзве баявыя часткі рознага прызначэння. Жывую сілу ды небраніяваную тэхніку прапаноўваецца атакаваць пры дапамозе аскепкава-фугаснага зарада GO-1, які мае 300 грам трацілу. Таксама створаная кумулятыўная баявая частка GK-1, здольная прабіць да 100-120 мм брані.
А 9 снежня 2016 года быў упершыню паказаны новы двухрухавіковы выведавальна-ударны БПЛА Łoś ("Лось") ад ужо згаданай WB Electronics S.A. Вага пустога апарата 85 кг, маса карыснай нагрузкі да 55 кг, даўжыня 3,1 м, размах крыла 6,4 м. У апарата два поршневых рухавіка, прычым пры адмове аднаго з іх БПЛА можа самастойна вярнуцца да месца запуску на другім рухавіку. Радыус яго дзеяння складае 180 км, працягласць палёту — да 18 гадзін. "Лось" абсталяваны блокам аптаэлектроннай нагрузкі, а таксама здольны несці падвеснае ўзбраенне: мініяцюрныя саманаводныя бомбы Sting і 6-кг кіруемыя бомбы LARUS.

Эксперты параўноўваюць

Атрымліваецца, што на постсавецкай прасторы Беларусь лідзіруе ў сферы распрацоўкі беспілотнікаў. Аднак зразумела: якая заўгодна дасканалая зброя бескарысная, калі яна не выпускаецца і не ўжываецца масава. Гісторыя гэта пацвярджае: Нямеччына напрыканцы II Сусветнай вайны першая пачала выкарыстоўваць рэактыўныя самалёты — але гэта ёй ужо не дапамагло.
“Польскія перспектывы ў галіне развіцця беспілотнай авіяцыі выглядаюць больш аптымістычнымі. Прычынаў для такой высновы цэлы шэраг. Па-першае, Польшча як чалец NАТО і ЕС мае доступ да тэхналогіяў і камплектуючых, якія для беларускіх вытворцаў альбо недаступныя, альбо доступ да іх абмежаваны, – патлумачыў НЧ кіраўнік аналітычнага праекта Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў. — Па-другое, асноўным замоўнікам польскага ВПК ёсць польскае войска. То бок маецца вялікі ўнутраны рынак. У Беларусі такога рынку няма. Па-трэцяе, Польшча мае доступ да заходняга рынку БПЛА. Для беларускіх вытворцаў гэты доступ абмежаваны, найперш па палітычных чынніках. Па-чацвертае, польская дзяржава мае магчымасць інвеставаць і актыўна інвестуе ў развіццё айчыннага ВПК. Для беларускіх вытворцаў асноўная крыніца рэсурсаў для распрацовак — уласныя сродкі. Бюджэтная падтрымка недастатковая. У выніку польскія вытворцы знаходзяцца ў значна больш спрыяльных умовах за беларускіх. І канкураваць з палякамі будзе цяжка”.
Да таго ж, пакуль усе без выключэння беларускія дроны прызначаныя для працы на вялікіх адкрытых прасторах. А палякі адразу арыентуюць свае распрацоўкі на сучасную вайну — у гарадскіх умовах.
“Зразумела, што ў рэальным баі дроны супраць дронаў ваяваць не будуць — да гэтага пакуль усё-ткі далёка. Да таго ж, ні палякі, ні беларусы пакуль не маюць стратэгічных ударных БПЛА — такіх, як амерыканскі Reaper. А усё, што маецца цяпер, нясе толькі дапаможную функцыю, — упэўнены ўкраінскі вайсковы эксперт Пётр Леўкоўскі. — Пры ўсёй сваёй карыснасці, зыход сучаснага бою дроны не вырашаюць. А вось з пункта гледжання зброевага бізнесу — тут так, у палякаў пазіцыі нашмат мацнейшыя. Нават Украіна цяпер рыхтуецца закупляць некалькі мадэляў (Łoś, Warmate, Fly Eye) менавіта ў палякаў, а не ў беларускіх распрацоўшчыкаў".