Працэсар, ламер і трасянка

Бывае, уваходзіць у жыццё нейкае паняцце, а з ім і яго назва. А потым яно робіцца папулярным. І, як любое папулярнае, спрашчаецца аж да той ступені, калі яго пачынаюць ужываць неафіты і пазёры, якія схопліваюць вярхі, абалонку, шалупінне.

1_2_6.jpg

natatnik.by
Так, некалі працэсарам сталі называць не цэнтральны працэсар у камп'ютары, а... сістэмны блок. Або было раздзяленне: юзер (просты, пачатковы карыстальнік камп'ютара), хакер (звышнавучаны карыстальнік, гуру), а паміж імі - ламер (задавака, які вывучыўся крыху больш за юзера, але ўявіў сябе хакерам). Не прайшло шмат часу, і ламеры сталі называць ламерамі не сябе, а юзераў.
Тое ж адбылося і з паняццем «трасянка». Ведаць пра трасянку — добры тон для падтрымання салонных гутарак. У большасці тыя, хто бліскае гэтымі ведамі, не ведае пачатковага значэння слова «трасянка». А асабліва прыпантаваныя пішуць яго па-руску праз «о» — «тросянка».
Трасянка спачатку азначала сумесь сена і саломы на корм жывёле. Потым яе ўжылі ў пераносным сэнсе для абазначэння сумесі беларускай і рускай моў. Ужылі слова беларускамоўныя і беларускацэнтрычныя людзі. Людзі, якія ведалі чыстую беларускую і чыстую рускую — тыя кампаненты, якія яны ўбачылі ў сумесі. І сумесь гэту яны не прыдумалі ў тэорыі. Яны бачылі рэальнае маўленне беларусаў — сумесь беларускай і рускай моў (на натуральную гутаркова-дыялектную беларускую мову налклалася руская са школ, радыё, ТБ і зносін з чыноўнікамі).
Усё б нічога, толькі русіфікаваныя беларусы карысталіся вельмі падобным, прабачце за выраз, дэнататам. Яны называлі тое самае «колхозный язык». У іх карціне свету была найперш чыстая руская мова. Пра чыстую беларускую яны таксама ведалі са школ, але ў маўленні беларусаў убачыць дамешак другога ў першым не маглі. Беларуская мова, паводле іх, мела права існаваць толькі ў рафінаваным выглядзе. Так і казалі: «Чаму гэтыя калгаснікі не могуць гаварыць на чыстай беларускай мове? Не, яны гавораць не па-беларуску, а па-калгаснаму». І беларускі акцэнт, адпаведна, для іх быў «калгасным». У гэтай карціне свету руская мова была асновай, а «не такая» лексіка і «не такі» акцэнт — яе забруджваннем.
І вось яны чуюць пра трасянку. Для іх гэта тое ж самае — калгасная мова, руская мова з забруджваннямі. Моднае слова, вясёлае. Толькі яны не счыталі метафары (пра сумесь кампанентаў), бо слоўца не з базавага набору, і беларускацэнтрычнасцю не пакутавалі. І трасянкаю для іх ужо робіцца нават руская мова з беларускім акцэнтам. І ўжо для іх Лукашэнка і Каткавец не проста маюць акцэнт, а гавораць на трасянцы (ух, моднае слова).
Далей болей. Часам рускамоўныя робяцца беларускамоўнымі, але разам са сваім мінулым багажом. Сярод гэтага багажу, напрыклад, вульгарнае «говорить на мове», якое яны без сумненняў механічна трансфармуюць у «гаварыць на мове» (бязглузды выраз у беларускай мове ў большасці выпадкаў). А яшчэ пераносяць сваё разуменне трасянкі як сапсаванай рускай мовы — аж да простага акцэнту. Беларушчына падмяняецца перакладзенай расійшчынай, рускім мысленнем з беларускімі словамі.
Далей «свяцейшыя за Папу» (як жартоўна акрэслівае неафітаў адно выслоўе) залічваюць да трасянкі любое слова з беларускага слоўніка, падобнае да рускага, нібыта не здагадваючыся, што ў роднасных мовах бываюць аднолькавыя словы, і нават з аднолькавым значэннем. Вось што будзе, калі так працягнецца: «чыстай» беларускай застаюцца абсалютна непадобныя да рускай словы, а «трасянкай» — рускія і падобныя да рускіх словы з беларускай фанетыкай. То-бок, паняцце «трасянка» выраджаецца з пачатковага сэнсу і здзяйсняецца мара чарнасоценцаў, якія супадзенні між рускай і беларускай мовамі абвяшчалі рускай уласнасцю.
Апафеоз усяго гэтага — тое, што на літаратурную прэмію вылучаецца твор, мовай якога пазіцыянуецца «трасянка», якая, у сваю чаргу, аказваецца проста рускай мовай з акцэнтам. А нібыта разумныя людзі купляюцца на падмену паняццяў — маўляў, калі трасянка, то можна і да беларушчыны, а тое, што трасянка там сумнеўная, дык крытэрыяў трасянкі канкрэтных няма. Гэтак, праз прамежкавае звяно паняцця, якое яго аўтары не парупіліся вызначыць і захаваць ад скажэння, у беларушчыну прасоўваецца чужая карціна свету.
Непрыемна назіраць, як прымітывізуецца працэс далучэння да беларускай культуры, як дапускаюцца безадказныя гульні і скажэнні. Шкада, што беларускі кантэкст і беларуская спецыфіка сталі пустым гукам, а наперад вылезла павярхоўнасць і фасаднае мысленне. У канчатковым выніку такая «беларусізацыя» — такі ж сурагат, як фарбаванне травы ў войску або фарбаванне руж у казцы пра Алісу.