Прадстаўнікі апазіцыі далучаюцца да Вільнюскага мемарандума
Прадстаўнікі беларускай апазіцыі далучаюцца да Мемарандума ў абарону незалежнасці Беларусі, прынятага ў Вільнюсе.
Івонка Сурвіла
Дакумент быў прыняты 3 лістапада на сустрэчы са старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвілай. Сярод удзельнікаў сустрэчы былі лідары Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч, Рады
беларускай інтэлігенцыі Уладзімір Колас, Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч, палітыкі Вінцук Вячорка, Аляксандр Дабравольскі і іншыя апазіцыйныя
дзеячы.
Прысутнічаў таксама Уладзімір Барадач — адстаўны палкоўнік беларускага спецназу, які зараз жыве за мяжой і паўгода таму выступіў з ініцыятывай стварэння ценявога кабінета нацыянальнага
адраджэння.
Як паведамляецца на старонцы Рады БНР у "Фейсбуку", на працягу мінулага тыдня да мемарандума далучыліся старшыня Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Зянон Пазняк, лідар
грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!" Уладзімір Някляеў, аргкамітэт партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" (БХД), Аб'яднаная грамадзянская партыя.
Рада БНР паведамляе пра адмову далучыцца да мемарандума лідара кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Андрэя Саннікава, які нядаўна атрымаў палітычны прыстанак у Вялікабрытаніі.
Поўны тэкст мемарандума абяцаюць апублікаваць пазней. Як вынікае з цытат, выкладзеных Радай БНР у "Фейсбуку", сутнасць яго заключаецца ў каардынацыі дзейнасці ўсіх апазіцыйных
палітычных і грамадскіх структур унутры Беларусі і за мяжой з мэтай вызвалення і рэабілітацыі палітзняволеных, спынення палітычных рэпрэсій у краіне, забеспячэння свабоды СМІ, "дэмантажу
рэпрэсіўнага апарату" і, як вынік, "правядзення свабодных выбараў".
"Выкананне гэтых умоў дазволіць Беларусі выйсці з міжнароднай самаізаляцыі, адкрые магчымасці для павышэння дабрабыту народа і ўмацавання суверэнітэту праз удзел у сістэме міжнародных
адносін", — гаворыцца ў дакуменце.
Удзельнікі падпісання мемарандуму пацвярджаюць сваё прызнанне Рады БНР як "непартыйнага надпалітычнага органа беларускай гістарычнай дзяржаўнасці". Яны абавязваюцца каардынаваць з
Радай сваю дзейнасць па дасягненні акрэсленых задач і, у сваю чаргу, могуць разлічваць у адказ на садзейнічанне і падтрымку з яе боку.
Вільнюскі мемарандум застаецца адкрытым для далучэння.
БелаПАН.