Прыехаць, каб сесці: іншаземцы ў беларускіх турмах
Бязвіз, зручнае месцазнаходжанне, не надта высокія кошты робяць Беларусь усё больш папулярнай у турыстаў. Аднак ці многія з іх асэнсоўваюць, што геаграфічнае знаходжанне ў Еўропе яшчэ не робіць нашую краіну блізкай да яе ў плане правоў чалавека і справядлівага суда?
«Новы час» сабраў некалькі гісторый іншаземцаў, зняволеных у Беларусі пад рознымі нагодамі, і паспрабаваў разабрацца, чаму нашая праваахоўная сістэма так ахвотна грабе ў свае валоданні грамадзянаў другіх краін і ці есць у гэтым палітычны разлік.
Калі верыць былому начальніку ДВП МУС Сяргею Дарошка, у Беларусі адбывае пакаранне каля 1000 іншаземных грамадзян (дадзеныя на 2017 год). «Усе іншаземныя грамадзяне адбываюць пакаранне на агульных падставах, ніякіх праблем з імі няма», — упэўнена кажа Дарошка.
Аднак факты, якія трапляюць у прэсу, прымушаюць сумнявацца ў праўдзівасці гэтых словаў. Сама ідэя аб тым, што грамадзяне іншых краін могуць адбываць пакаранне «на агульных падставах», бачыцца недарэчнай, калі ўлічыць, што акрамя расіян (якіх у калоніях большаць сярод іншаземцаў) сядзяць і грамадзяне іншых краін, якія ня ведаюць ані рускай ані беларускай мовы, і, адпаведна, апрыёры не могуць быць надзеленыя роўнымі з усімі правамі.
Даічы Ёшыда: «мастак-збройны барон»
27-гадовы мастак з Японіі Даічы Ёшыдаў чэрвені 2016 года прыбыў у Адэсу на фестываль. Вяртаючыся назад, у Кіеве купіў часткі антыкварнай агнястрэльнай зброі — абсалютна афіцыйна і законна. Яны спатрэбіліся яму для таго, каб манга, якую ён малюе, выглядала рэалістычней.
Пры вылеце з Украіны да яго пытанняў не ўзнікла. Аднак вяртаючыся ў Японію транзітам праз Беларусь пры даглядзе багажу ён быў затрыманы, спачатку трапіў у інфекцыйны шпіталь, а потым ў ІЧУ. Заведзеная крымінальная справа. Сухой бюракратычнай мовай следства казала, пра тое што ў багажы грамадзяніна Японіі Ёшыда Даічы знайшлі 10 замкоў і 4 ствольныя каробкі для вінтовак Мосіна. Прысуд — 4,5 гады зняволення.
На абставіны справы, на грамадскую небяспеку здзейсненага, на асобу падсуднага суд цалкам закрыў вочы. Як быццам мастак з Японіі моцна нашкодзіў беларускаму грамадству, правозячы праз Беларусь транзітам (!) часткі антыкварнай зброі.
Са словаў ягонай маці вынікае, што ён не мог як след азнаёміцца са справай і даць рады следчым дзеянням,
Яшчэ ў СІЗА ў Даічы пачаліся праблемы са здароўем. На «Валадарцы» яму назначылі медыкаментознае лячэнне (відаць, ён здолеў паскардзіцца лекару на трывожнасць і дэпрэсію), ад якога ён не адчуваў голаду і няспынна хацеў спаць. У выніку ён пачаў губляць прытомнасць з-за рэзкага падвышэння артэрыяльнага ціску, пачалося запаленне мачавога пухіра і бяссонніца. «Рускай мовы Даічы не ведаў, абсалютна не разумеў, што яму кажуць і чаму на яго няспынна крычаць», — распавяла ягоная маці ў інтэрвью KYKY.ORG.
Пасля прысуду Даічы адправілі ў ПК-3 (Віцьба, Віцебскі раён) — звычайнае месца адбывання пакарання для іншаземцаў. З-за няведання рускай мовы кола ягоных стасункаў было моцна абмежаванае. Фактычна для мастака гэта была падвоеная ізаляцыя.
«Я знаходжуся ў жахлівых умовах ужо год. Маё ментальнае здароўе падарванае. Я памятаю кожную рэч, якую я бачыў», — пісаў ён адтуль.
Маці Даічы напісала два лісты Аляксандру Лукашэнку. Відаць, справа ўсё ж дайшла да самога верху, бо ўжо пасля яе разгляду Вярхоўным судом (які, вядома «не знайшоў» ніякай несправядлівасці ў становішчы Даічы) рашэнне раптоўна адправілі на перагляд і зменшылі прысуд да 1 году 9 месяцаў пазбаўлення волі — ён выйшаў «па адбытым».
Справа Алана Сміта — 60 дысцыплінарных спагнанняў за 2 гады
Грамадзянін Вялікабрытаніі трапіў за краты 29 верасня 2016 года нібыта за арганізацыю нелегальнай міграцыі: ён стасаваўся з жанчынай з Іракскага Курдыстану, якая потым была затрымана на літоўскай мяжы.
Доказная база абвінавачання відавочна кульгала. Па словах Алана, ад яго патрабавалі грошы за закрыццё крымінальнай справы. Ён адмовіўся — бо не лічыў сябе вінаватым.
Як і ў выпадку з Даічы, ніякія дакументы Алану не перакладаліся, адпаведна права на абарону падчас следства не магло быць рэалізавана ў прынцыпе.
Але самае цікавае пачалося ўжо ў калоніі. Адмовіўшыся падпісаць абавязацельствы аб законапаслухмяных паводзінах (бо яны напісаныя на незнаёмай яму мове), Алан фактычна асудзіў сябе на няспынны прэсінг з боку адміністрацыі. Пазбаўленне перадач, спатканняў, абмежаванне права набываць тавары ў краме, канфіскацыі лістоў, пакаранні вязняў, з якімі ён размаўляў — далёка не поўны спіс. Незадоўга да арышту Алану зрабілі аперацыю на руцэ, імплантаваўшы металічны вінт. Падчас зняволення вінт перамясціўся ў ключыцу, што дастаўляла вязню пастаянныя пакуты. Аднак турэмны лекар адмаўляўся рабіць будзь-якія захады, каб дапамагчы Алану. Зараз той далечваецца на радзіме.
За паўтары гады да сканчэння тэрміну Алану было адмоўлена ва ўмоўна-датэрміновым вызваленні, бо ён не прызнаў сваю віну (хаця нідзе ў законе не напісана, што гэта з'яўляецца абавязковай умовай для датэрміновага вызвалення)
У калоніі Алан здабыў рэпутацыю барацьбіта, і таму многія вязні, нягледзячы на забарону, падыходзілі да яго, каб падзяліцца сваімі праблемамі. Зараз ён рэгулярна выкладвае на сваёй старонцы ў Фэйсбуку відэа, нелегальна заснятыя ў калоніі на мабільны тэлефон.
Справа Жалана Віа — два месяцы за патрон
Француз Жалан Віа ехаў ва Украіну з Беларусі. Тут ён наведваў сваю знаёмую. Пабываўшы перад гэтым у Літве, набыў сувенірны патрон, які на няшчасце аказаўся баявым. На беларускай мяжы іншаземец пайшоў па чырвоным калідоры — каб «задэклараваць» патрон, напэўна, лічыў, што гэта ўратуе яго ад увагі памежнікаў... Не уратавала.
Жалана адправілі ў гомельскае СІЗА, дзе ён прабыў амаль два месяцы.
Моўны бар'ер і тут сыграў ролю: Жалан спрабаваў паразумецца з мытнікамі, але ніхто з іх не ведаў ані французскай, ані ангельскай мовы. Таму нават калі б ён вельмі хацеў заявіць пра наяўнасць патрона і задэклараваць яго — гэта наўрадці атрымалася.
Умовы ў беларускай турме Жалан назваў «нечалавечымі»: «Акно маей камеры не закрываецца цалкам, таму ўвесь час холадна». Прыгадвае іржавы кубак і брудную бялізну...
Выпадак Жалана Віа ў пэўнай ступені — выключэнне. Француз быў апраўданы і вызвалены ў зале суда.
Справа Гедзі Кальдэрона: кантакты з амбасадай пад забаронай?
Гісторыя калумбійца Гедзі Кальдэрона невядомая шырокай публіцы. І не была б вядомая надалей, калі б не Алан Сміт. Яны адбывалі пакаранне ў ПК-3 «Віцьба» разам, і Алан дапамог вязню пераслаць на волю лісты з просьбай аб дапамозе.
Гедзі Кальдэрон асуджаны па ч.1, ч. 14 арт. 139 КК РБ — «Забойства». Праўда, у выніку гэтага забойства ніхто не памер. Была бойка, следства палічыла, што падчас яе калумбіец меў намер забіць чалавека, аднак намер не быў даведзены да канца «па прычынах, што не залежаць ад злаўмысніка». Дарэчы, такі прыём — вельмі папулярны сярод следчых, калі трэба менш цяжкае злачынства перакваліфікаваць на больш цяжкае і, адпаведна, атрымаць большы профіт за раскрыццё. Па такой жа схеме «рабаванне» пераўтвараецца ў «разбой», а «хуліганства» ў «спробу забойства».
Лісты калумбійца апублікавала ў Фэйсбуку жонка Алана Сміта Магда:
«Мяне завуць Хедэлане Хіральдэ Кальдэрон, я грамадзянін Рэспублікі Калумбія. Зараз знаходжуся ў турме ў Рэспубліцы Беларусь — атрымаў шасцігадовы турэмны тэрмін. Пішу гэты ліст з просьбай аб дапамозе, малюся Богу, каб ён дайшоў да вас. Сёння, 24-га лютага 2018, спаўняецца 18 месяцаў са дня майго пазбаўлення волі. Амбасада дагэтуль аніводнага разу мяне не наведала. Я напісаў і адправіў каля дзесяці лістоў амбасадзе Рэспублікі Калумбія, якая знаходзіцца ў Маскве, але па гэты дзень, я не атрымаў аніякага адказу. Я дапускаю, што, магчыма, турэмная адміністрацыя не дазваляе адпраўляць мае лісты. Магчыма, амбасада не валодае інфармацыяй аб маёй сітуацыі па гэтай ппрычыне. [...] Мае ўмовы ў гэтым месцы вельмі цяжкія, а знайсці дапамогу — амаль нерэальна. Усе баяцца. Тут знаходзяцца яшчэ ангельскі і японскі грамадзянін (гаворка ідзе аб Даічы Ёшыда і Алане Сміце, — заўв. аўт), якія, як і я, трапілі ў гэтую чорную дзіру. Усе разам мы спрабуем атрымаць любую дапамогу. Прашу, каму гэта па сілах, кантактуйце з любой з амбасадаў Рэспублікі Калумбія, няхай яны мяне падтрымаюць і дапамогуць мне».
Здагадка аб тым, што адміністрацыя можа проста не выпускаць лісты да амбасады, цалкам натуральная. Навошта лішняя ўвага ад дыпламатаў? Пачнуцца пытанні наконт умоваў утрымання, патрабаванні сустрэч і правоў вязня — гэтага начальнікі зачыненых устаноў вельмі не любяць.
У сваім лісце на адрас амбасадара Рэспублікі Калумбія Гедзі піша, што ён атрымаў шасцігадовы тэрмін, падвяргаецца з боку адміністрацыі расавай дыскрымінацыі, скардзіцца на ізаляцыю (напрыклад, кожны мае права на тры 15-хвілінных званка, а яму даецца толькі адзін 10-хвілінны), забарону ўсіх перадач і спатканняў. «У мяне ёсць жонка, яна з'яўляецца кубінскай грамадзянкай, пражывае ў Маскве. Гэта адзіны чалавек, які мог бы аказваць мне дапамогу, але турэмная адміністрацыя не дазваляе ёй гэтага. Мая сітуацыя — абсалютная і пастаянная пакута».
Сядзець яму засталося яшчэ 4 гады.
Зміцер Паліенка: У гэтай дзяржаве несвабодныя ўсе
Вышэй апісаныя выпадкі, якія трапілі ў прэсу, — вяршыня айсберга. Многія іншаземныя вязні не з'яўляюцца ўладальнікамі пашпартоў краін Еўразвязу, змагарскай натуры альбо іхні прысуд не настолькі відавочна несправядлівы, каб прыцягнуць увагу прэсы. Ім застаецца пакутваць моўчкі.
Яшчэ больш беспраўныя, чым мы
Так ці інакш, у Беларусі маецца цэлая група людзей, яшчэ менш абароненых, чым звычайныя вязні: удалечыні ад родных і без аніякай магчымасці паразумецца, за моўным бар'ерам і абыякавасцю адміністрацыі да іх спецыфічных праблем, яны яшчэ больш уразлівыя перад бязмежжам, яшчэ больш ізаляваныя, чым астатняе насельніцтва турмаў і калоній. Родным ехаць да іх тысячы кіламетраў, консулы і абмасадары не заўсёды праяўляюць інтарэс да іх лёсу (калі ўвогуле дазнаюцца аб ім). І нават з іншымі зняволенымі, якія ведаюць ангельскую мову, не паразмаўляць — бо за гэта беларускаму вязню пагражае ШІЗА.
Ці ёсць у суворых і несправядлівых зняволеннях іншаземцаў палітычная логіка? Свядомага палітычнага заказу, хутчэй за ўсё, у гэтым няма, бо выразнага рэзону, як і палітычнага профіту, ад такіх зняволенняў не бачна. Наадварот, у пэўных абставінах яны могуць сапсаваць адносіны ўлады з іншымі краінамі. Хутчэй тут ёсць інэрцыя сістэмы, якая актыўна перамолвае жыцці ўласных грамадзян і не можа паступаць інакш з грамадзянамі замежнымі. Калі толькі ў гісторыю не ўмяшаецца палітычная воля кіраўніцтва (як у выпадку з Даічы Ёшыда і, магчыма, Жоланам Віа). Механізм запушчаны — а якога кшталту пашпарт у ахвяры, ролі не грае. І змяненне гэтай сітуацыі наўрадці магчымае без удзелу грамадзян — якіх па той бок калючага дроту знаходзіцца 40 на аднаго замежніка...