Пасля доўгага перарыву ізноў пачалі паступаць лісты ад Міхаіла Жамчужнага

Адзін з лістоў атрымаў і каментуе для "Белгазеты" Міхаіл Пастухоў.

b16b22c0_e54e_4eb8_b2a7_c48f0ff9e064_tv_w1080_h608_logo_1.jpg


Вось што піша Міхаіл Жамчужны (у скарачэнні): "У мяне ўсё выдатна. Пачынаючы з 01.10.2017 за каляндарны год — 270 сутак ШІЗА. З 20.09.2018 на 1 месяц у ПКТ направілі. Ужо атаварыўся ў краме, адчытаўся і нагуляўся на свежым паветры. Табе пасылаў ліст 25.09.2018, але яго знішчылі па акце за "прычыненне шкоды правам дзяржворганаў, грамадскіх аб'яднанняў і асобных грамадзян, якія ахоўваюцца законам". Адначасова знішчылі лісты Андрэя [відавочна, Андрэя Бандарэнкі, — прым НЧ], адвакату, Вользе Нікалайчык, Міколе Дзядку. Здымаю капялюш за артыкулы ў "БелГазеце".
—- Ліст ад Міхаіла Жамчужнага мяне абрадаваў, аднак і засмуціў. Цяжка сабе ўявіць: чалавек амаль без перапынкаў правеў у каменным склепе 270 сутак. У поўнай адзіноце, губляючы арыенцір па часе, з мізэрным рацыёнам харчавання, у адной арыштанцкай робе.
На мой погляд гэта — форма праявы жорсткага і бесчалавечнага абыходжання са зняволеным, якая мусіць расцэнівацца як катаванне. Ва ўсялякім выпадку, у тлумачэнні, дадзеным у ст.1 канвенцыі ААН супраць катаванняў і іншых жорсткіх і бесчалавечных альбо прыніжальных відаў абыходжання і пакарання ад 10 снежня 1984, катаваннем прызнаецца таксама запужванне альбо прымус асобы па любой прычыне.
Праўда, на мове адміністрацыі гэта — прымяненне мераў дысцыплінарнага ўздзеяння ў дачыненні да злоснага парушальніка рэжыму. Ён, разумееце, не пажадаў праследваць у атрад, які яму прадпісалі. Між тым, па негалосных турэмных правілах, той асуджаны, які пагадзіцца на прыніжэнне свайго "статусу", прызнаецца прыніжаным, альбо, як кажуць зэкі, "апушчаным". Міхаіл Жамчужны, менавіта, гэтыя традыцыі ведае і прытрымліваецца. Даступнымі яму метадамі ён абараняе сваю годнасць. Але 270 сутак ШІЗА — гэта занадта.
Як юрыст, грамадзянін і чалавек я патрабую ад адміністрацыі ПК-9, а таксама ад кіраўніцтва МУС спыніць сваволле ў дачыненні да асуджанага Жамчужнага. Прашу ўлічыць, што гэта — чалавек пенсійнага ўзросту, кандыдат навук, дацэнт. Ягонае прозвішча часта прыгадваецца на міжнародных форумах, дзе абмяркоўваецца сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. У прыватнасці, аб ім гаварылася як аб ахвяры палітычнага пераследу на паседжанні Камітэту ААН па правах чалавека ў Жэневе 8-9 кастрычніка.