Рэктар ЕГУ: Лукашэнка не разглядае магчымасці вяртання ўніверсітэта на радзіму

Рэктар еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) Дэвід Полік лічыць, што прэзідэнт Беларусі "нават не разглядае магчымасці вяртання адзінага беларускага дэмакратычнага ўніверсітэта на радзіму". Аб гэтым ён заявіў у адкрытым лісце да грамадскасці, апублікаваным 14 кастрычніка.



devid_polik.png

Полік адзначыў, што іронія для Беларусі, а таксама для еўрапейскага Балонскага працэсу палягае ў тым, што гэта адбываецца ў той самы год, калі Беларусь была прынята ў Балонскі працэс. 
"Яшчэ большая іронія палягае ў тым, — адзначае рэктар ЕГУ, — што сярод так званай "апазіцыі" ёсць тыя, хто нападае на адзін з найбольш паспяховых дэмакратычных праектаў у Беларусі за апошнія 25 гадоў. У той час як самі яны ніякім чынам не ўплываюць на ход палітычных падзей унутры Беларусі, гэты невялікі адукацыйны "Давід" паўстаў супраць Галіяфа і даў еўрапейскую дэмакратычную адукацыю тысячам студэнтам".
Полік нагадаў, што ў папярэднія гады ўнёсак заходніх краін у Беларусь быў велізарны. У лісце гаворыцца: "Афіцыйная статыстыка сведчыць, што толькі паміж 2006 і 2012 гадамі каля 875 мільёнаў долараў ЗША былі накіраваныя на дапамогу Беларусі. Значная частка гэтай сумы была накіраваная на развіццё грамадзянскай супольнасці. У больш позні час фінансавая падтрымка на супрацоўніцтва з Беларуссю працягвалася, аднак на больш нізкім узроўні"
Рэктар ЕГУ канстатуе, што вынікі падтрымкі несуцяшальныя. "Грамадзянская супольнасць застаецца раз'яднанай, не атрымліваючы належнай падтрымкі з боку "апазіцыі". Больш за тое, інтэлектуальнае жыццё Беларусі працягвае знаходзіцца ў стагнацыі, у якой заслугі такіх людзей, як Алексіевіч, робяцца выключэннем з правілаў. Можна толькі задаць пытанне: а дзе ж галасы беларускіх студэнтаў і чаму іх галасы заглушаюцца?" — гаворыцца ў лісце.


Полік лічыць, што "надышоў час адкрыта сказаць: "Кароль голы", і кароль гэта не толькі Лукашэнка — гэта і, на жаль, раздробленая апазіцыя". 


На думку рэктара, свет павінен прызнаць, што 11 кастрычніка не было днём выказвання надзей і памкненняў беларускага народа. "Можна толькі спадзявацца, што шматлікія супярэчнасці, якія ўласцівыя Беларусі ў яе стасунках з Захадам, будуць вырашаныя на гэтым наступным этапе жыцця краіны", — адзначыў ён.
Алена Спасюк, БелаПАН