Рэпетыцыя паслання
Як ужо раней паведамлялася, Аляксандр Рыгоравіч на нявызначаны тэрмін адклаў сваё пасланне народу Беларусі і парламентарам. Але зараз, падчас суботніка, беларускі правадыр выдатна адрэпетаваў будучае пасланне. Закрануў усіх: і народ, і апазіцыю, і прамысловасць — як ён гэта ўмее.
Як ужо раней паведамлялася, Аляксандр Рыгоравіч на нявызначаны тэрмін адклаў сваё пасланне народу Беларусі і парламентарам. Але зараз, падчас суботніка, беларускі правадыр выдатна
адрэпетаваў будучае пасланне. Закрануў усіх: і народ, і апазіцыю, і прамысловасць — як ён гэта ўмее.
Аляксандр Лукашэнка не выключае, што да канца 2012 года зарплаты могуць павялічыцца яшчэ двойчы. «Яшчэ пару разоў сёлета, адчуваю, эканоміка нармальна працуе, мы выйдзем на павышэнне
зарплат», — заявіў Лукашэнка. Пры гэтым ён дадаў, што павышэнне магчымае толькі пры стабільнай працы эканомікі і высокай прадукцыйнасці працы.
«Упэўнены, на працягу гэтага года мы выраўняемся і дасягнем прыкладна таго сярэдняга ўзроўню зарплат, што ў суседзяў», — сказаў ён. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што на буйных
прамысловых прадпрыемствах краіны ўжо даволі высокі ўзровень заробку. «Дурных грошай ніхто не плаціць. Але заработная плата, скажам, у нафтавікоў — прыкладна 800 долараў у месяц,
БелАЗ, МАЗ, МТЗ, машынабудаванне — больш як 500 долараў, да 700 долараў у некаторых. А пачыналася з 300. Таму паволі падцягваемся», — заявіў Лукашэнка.
Цікава, што раней Лукашэнка казаў пра 800 долараў заробку ў даяркі. Зараз гэта ўжо ў нафтавікоў. А пра 500 долараў на МТЗ хай ён скажа працаўнікам гэтага заводу.
Адначасова падчас зносін з прэсай Лукашэнка падкрэсліў, што не трэба патрабаваць неабгрунтаванага павышэння зарплат: «Я папярэджваў усіх напярэдадні гэтай пяцігодкі, што на руках больш
нікога насіць не будзем. 15 гадоў я ўсіх насіў на руках. Данасіліся да таго, што некаторыя перасталі працаваць. Таму мая формула адна: ёсць прадукцыйнасць працы — забірайце грошы ў зарплату,
няма прадукцыйнасці — грошай быць не можа. Іх можна толькі надрукаваць. Да чаго вядзе друкаванне грошай, вы ведаеце. Збольшага вы гэта адчулі падчас нядаўняга фінансава-эканамічнага крызісу.
Гэта губіць усякую вытворчасць, калі людзі атрымліваюць незаробленыя грошы».
Прайшоўся Лукашэнка і па былых палітвязнях. Вызваленне з калоніі былога кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава і яго даверанай асобы Дзмітрыя Бандарэнкі адбылося не пад націскам Еўрасаюза.
«Не напісалі б прашэння аб памілаванні — сядзелі б дагэтуль, і тыя, хто там застаўся і не напісаў гэты зварот на імя прэзідэнта, будуць сядзець. Вось і ўвесь націск. Ніхто на мяне
тут не націсне», — заявіў Лукашэнка.
Пры гэтым ён папярэдзіў: «Яшчэ адзін націск — і тыя балбатуны, якія выйшлі на волю і павінны сказаць дзякуй, што з імі так абышліся, могуць вярнуцца зноў у калонію».
«Але будуць ляпаць языкамі — вернуцца туды. Вось і ўвесь будзе націск», — падкрэсліў прэзідэнт.
«Калі жадаюць вярнуцца ў калонію, хай скажуць. Два словы, дзве гадзіны — і мы іх зноў туды вернем, калі яны жадаюць гэтага», — прыгразіў ён.
Пры гэтым Лукашэнка адзначыў, што «брыдка прэзідэнту гэтым займацца». «Трэба заканчваць гэтыя справы. А то іх, ці бачыце, выпусцілі, а 20 ці 30 тысяч зняволеных сёння такой
ільготы не атрымалі. Гэта нармальна, гэта справядліва з боку прэзідэнта? Не», — заявіў ён.
І гэта дае падставу спадзявацца, што будзе чарговая амністыя. Зэкі на зонах могуць радавацца. Тым больш, што Лукашэнка пра гэта заявіў адкрытым тэкстам. «Найбліжэйшым часам, можа быць, да
Дня Незалежнасці, мы вызвалім шэраг асуджаных», — сказаў ён.
Паводле яго слоў, гэта можа быць «нават дзве-тры тысячы» чалавек. «Але тых, хто нармальна сябе там паводзіць і, як у іх там кажуць, стаў на шлях выпраўлення. Таму што так
будзе справядліва. А то бандзюгаў выпусцілі, а нармальныя людзі ў засценках пакутуюць», — заявіў ён.
Пад бандзюкамі, пэўна, ён і бачыў Саннікава з Бандарэнкам.
«Я нічога не баюся. Мне баяцца няма чаго, я чалавек рашучы, і губляць мне, у прынцыпе, няма чаго. Калі я чаго і баюся, то толькі меркавання маіх людзей, майго народа. Гэта мае выбаршчыкі, я
іх меркаванне цаню і паважаю. Таму калі рабочы чалавек гаворыць, што штосьці не так, я на гэта рэагую. Як я рэагую, вы ведаеце», — заявіў Лукашэнка.
Ён заявіў, што «праблемныя прадпрыемствы» будуць рэфармаваныя. Лукашэнка нагадаў, што нядаўна прыняў рашэнне стварыць у краіне новую галіну — авечкагадоўлю. Так, плануецца
пабудаваць новы камвольны камбінат і вырабляць у Беларусі вырабы з воўны. «Я гэта праэксперыментаваў у сябе на ферме. У мяне дзясятак авечак. Мы іх ужо два разы стрыглі — вялікая
колькасць воўны. Самыя лепшыя авечкі ў свеце, і яны выдатна сябе адчуваюць. Цяпер зробім гэта па ўсёй краіне», — сказаў Лукашэнка.
Дык вось чым займаецца Лукашэнка ў вольны час! Мы думалі, што ён у хакей гуляе, а аказваецца — авечак стрыжэ! А пакуль ён стрыжэ авечак, яму працягваюць падкладваць свінняў.
У Мінску бясплатны праезд у грамадскім транспарце для студэнтаў плануецца адмяніць з 1 ліпеня. Такое рашэнне прынята 25 красавіка на сесіі Мінгарсавета. Адмена льготы не распаўсюджваецца на
навучэнцаў агульнаадукацыйных школ горада. Праект рашэння сесіі Мінгарвыканкама падлягае рэгістрацыі ў Міністэрстве юстыцыі.
Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі рыхтуе прапановы па стымуляванні аператараў сотавай сувязі да больш эфектыўнага выкарыстання выдзеленага ім радыёчастотнага спектра. Міністр Мікалай
Панцялей заявіў: «Нас не задавальняе праца аператараў па развіцці сетак 3G на тэрыторыі ўсёй краіны».
Паводле слоў Панцялея, сотавыя аператары найперш звяртаюць увагу на эканамічную выніковасць і акупнасць інвестыцый. «Але мы як рэгулюючы орган абавязаны клапаціцца пра магчымасці ўсяго
насельніцтва Беларусі выкарыстоўваць тэхналогіі і спектр паслуг, які можа быць прадстаўлены па гэтай тэхналогіі і для якога дзяржавай былі выдзелены радыёчастоты», — адзначыў
міністр.
Ён сказаў, што змены, які рыхтуюцца, павінны стварыць умовы, пры якіх сотавым аператарам будзе эканамічна нявыгадна стрымліваць развіццё сетак 3G у неакупных, з іх пункту гледжання, населеных пунктах
Беларусі.
«Адміністрацыйнымі метадамі мы не можам аператараў прымусіць разгортваць сетку ў якім-небудзь сельскім населеным пункце. Але мы павінны зрабіць так, што аператарам было эканамічна выгадна
разгортваць сетку, укладваць інвестыцыі — і не толькі ў буйных гарадах», — падкрэсліў Панцялей.
Засталося толькі вылучыць кожнай бабцы па ноўтбуку. Бо навошта ім 3G без кампутара?