Насуперак меркаванням экспертаў, быццам еўрапейскія санкцыі не ўплываюць на беларускае кіраўніцтва, падзеі апошніх дзён паказалі, што гэта не так.
Захады ўладаў па фактычнай высылцы з краіны паслоў Еўрасаюза і Польшчы, а таксама меры ў адказ з боку ЕС сведчаць пра тое, што санкцыі ёсць вельмі балючай для беларускага рэжыму тэмай.
Але пра ўсё па чарзе. 27 лютага ў Брусэлі адбылося чарговае пасяджэнне Савета Еўрапейскага саюза, у які ўваходзяць міністры замежных спраў усіх 27 краін-удзельніц ЕС. Яшчэ за некалькі дзён да саміта
хадзілі размовы, што на ім будзе разгледжаны пакет санкцый у дачыненні да высокапастаўленых беларускіх службовых асобаў, якіх абвінавачваюць у парушэннях правоў чалавека, а таксама некаторых
прадпрыемстваў, набліжаных да кіраўніцтва Беларусі. Аднак за пару дзён да пасяджэння высветлілася, што ў парадку дня “беларускага пытання няма. Хоць некаторыя асобы ў Брусэлі
казалі, што міністры ўсё ж закрануць і тэму Беларусі.
Закранулі. Пашырылі на дваццаць адну асобу спіс тых, каму забаронены ўезд на тэрыторыю Еўрасаюза. У новы спіс трапілі начальнік мінскай міліцыі і дваццаць суддзяў, але не трапіў вядомы тутэйшы
бізнэсмэн Юры Чыж — адзін з самых заможных і ўплывовых людзей у Беларусі. Супраць унясення прозвішча Чыжа ў спіс выступіла Славенія, якая, паводле экспертаў, мае супольныя камерцыйныя
інтарэсы з яго кампаніяй “Трайпл.
Нават пасля такіх кволых крокаў з боку Еўропы зноў нагадалі пра сябе адвакаты беларускага кіраўніцтва з усходняй суседкі. “Расія шкадуе з нагоды пашырэння Еўрасаюзам санкцый у дачыненні да
беларускіх чыноўнікаў, — заявіў у той жа дзень у расійскай сталіцы кіраўнік камітэта Дзяржаўнай думы па справах СНД, намеснік кіраўніка дэлегацыі Расіі ў Парламенцкай асамблеі
Савета Еўропы Леанід Слуцкі. “Расія не стамляецца паўтараць: гэта дэструктыўны падыход, — дадаў высокапастаўлены маскоўскі чыноўнік. Па словах Слуцкага, рэжым санкцыяў
толькі ўзмацняе ізаляцыю Беларусі, што не спрыяе прасоўванню дэмакратычных каштоўнасцей. “Такім чынам, Беларусь, якая з’яўляецца для Расіі братэрскай дзяржавай, застаецца
краінай-ізгоем на еўрапейскім кантыненце, а гэта дзіка ў рэаліях ХХІ стагоддзя, — падкрэсліў Слуцкі.
Ну, калі расійскі чыноўнік кажа пра прасоўванне дэмакратычных каштоўнасцей, то гэта ў сённяшніх варунках апроч смеху нічога не выклікае. Таксама выклікаюць смех і словы пра дзікунства ізаляцыі
Беларусі на еўрапейскім кантыненце. Можна не сумнявацца, што гэткая ізаляцыя на руку менавіта той жа Расіі, бо калі афіцыйны Мінск фактычна пасварыўся з Еўропай, дык гэта толькі набліжае яго да
Масквы, штурхае яго ў сталёвыя расійскія абдымкі і робіць яго ўсё больш і больш залежным ад Крамля. І ў эканамічным, і ў палітычным плане. Так што заявы Леаніда Слуцкага — слоўная мішура, і
не больш за тое.
Трэба ўзгадаць і нядаўнюю сумесную заяву кіраўнікоў Беларусі і Расіі адносна санкцый з боку Захаду: “Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі пацвярджаюць недапушчальнасць
выкарыстання захадаў эканамічнага ціску або прымусу ў міждзяржаўных стасунках, — адзначылі Аляксандр Лукашэнка і Дзмітры Мядзведзеў.
Палітолаг Аляксандр Класкоўскі лічыць, што асабіста Маскве гэтая заява двух кіраўнікоў нічога не каштуе, бо “Мядзведзеў зараз ёсць класічнай “кульгавай качкай на
падтанцоўцы ў Пуціна. “Ён пакуль яшчэ фармальна з’яўляецца вышэйшай службовай асобай краіны, але нічога не вырашае. І Пуцін, калі праз некаторы час вернецца ў Крэмль, можа
сказаць, што ён увогуле нічога не абяцаў, маўляў, гэта ўсё Мядзведзеў, — мяркуе эксперт.
Разам з тым, адзначае Аляксандр Класкоўскі, апеляцыі Мінска да Масквы сведчаць пра тое, што заходнія санкцыі ствараюць пэўны дыскамфорт і спараджаюць фобіі. Эканамічнае становішча беларускага рэжыму
надзвычай няўстойлівае, таму ён вельмі залежыць ад Масквы, кажа аналітык. “У той жа час, за кошт таннай расійскай нафты рэзка падскочыў экспарт у краіны ЕС. Як ні парадаксальна, але,
знаходзячыся ў стане “халоднай вайны з Еўрасаюзам, афіцыйны Мінск цалкам залежыць ад гешэфтаў з ЕС. Еўропа не хоча пачынаць эканамічную вайну, бо гэта б’е па яе ж
інтарэсах. Але логіка развіцця сюжэта “халоднай вайны ўсё ж прымушае Еўропу, няхай і сімвалічна, але ўзмацняць санкцыі, — падкрэсліў Класкоўскі.
І такое ўзмацненне можа адбыцца ўжо ў сакавіку, калі Савет ЕС мяркуе разгледзець поўны спіс беларускіх прадпрыемстваў і бізнэсмэнаў, да якіх могуць быць ужыты санкцыі. Пра гэта 27 лютага ў Брусэлі
заявіла вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан. Яна нагадала, што раней Савет ЕС прыняў пастанову, якая пашырае магчымасці прымянення санкцыяў у дачыненні
да беларускіх фізічных і юрыдычных асобаў, што спрычыніліся да парушэнняў асноўных правоў і свабодаў. “Мы прынялі крытэрыі для санкцыяў, каб закрануць тых, хто вінаваты ў працягу парушэнняў
правоў чалавека, а таксама тых, хто падтрымлівае альбо з’яўляецца бенефіцыярам рэжыму Лукашэнкі, — падкрэсліла Кэтрын Эштан.
“У беларускага кіраўніцтва ёсць трывога, што ў адзін цудоўны дзень санкцыі дасягнуць нейкай крытычнай масы, і пачнуцца цяпер ужо заўважныя негатыўныя працэсы: урон беларускай эканоміцы і
падзенне дабрабыту рэжыму могуць стаць ужо адчувальнымі і крытычнымі. Гэта і напружвае беларускае кіраўніцтва, — рэзюмуе Аляксандр Класкоўскі.
Пасля дыпламатычнага скандалу з высылкай і адкліканнем паслоў вельмі верагодна, што 23 сакавіка Савет Еўрасаюза не толькі пашырыць спіс неўязных беларускіх чыноўнікаў у краіны ЕС, але ўпершыню можа
ўвесці і адчувальныя для ўладаў эканамічныя санкцыі. Гэта ўжо далі зразумець міністры замежных спраў Германіі, Францыі, Польшчы, Швецыі ды іншых еўрапейскіх дзяржаваў.
Санкцыі: крытычная маса
- Грамадства
- 02-03-2012
Насуперак меркаванням экспертаў, быццам еўрапейскія санкцыі не ўплываюць на беларускае кіраўніцтва, падзеі апошніх дзён паказалі, што гэта не так.
Захады ўладаў па фактычнай высылцы з краіны паслоў Еўрасаюза і Польшчы, а таксама меры ў адказ з боку ЕС сведчаць пра тое, што санкцыі ёсць вельмі балючай для беларускага рэжыму тэмай.
Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!
Больш цікавага на «Новым Часе»: