Сапраўдны плявок у вечнасць

Дзяржава і грамадства прайграюць змаганне з алкаголем. Ён занадта глыбока інтэграваны ў паўсядзённае жыццё. Эксперты ацэньваюць сітуацыю вельмі песімістычна.

55a460fdff6470f99c4de0e8e239b9b8.jpg

 

Непераможны змей

 

Прэс-канферэнцыя «Прафілактыка алкагалізму сярод насельніцтва Беларусі» 24 кастрычніка стала ў пэўным сэнсе знакавай. Два службоўцы — Іван Канаразаў, галоўны нарколаг Міністэрства аховы здароўя, і Сяргей Красуцкі, намначальніка ўпраўлення прафілактыкі ГУАП Міліцыі грамадскай бяспекі МУС — фактычна прызналі, што іх ведамствы, нават працуючы сумесна, не могуць пераламіць сітуацыю з хуткай алкагалізацыяй беларусаў. Вядома, яны будуць спрабаваць нешта рабіць. Медыкі — развіваць сістэму рэабілітацыйных цэнтраў і падтрымліваць эфектыўны рух «Ананімныя алкаголікі». Міліцыянты — ціснуць на ўлады, каб тыя абмяжоўвалі продаж алкаголю. Але стратэгічных змен чакаць не варта.

Паводле экспертных ацэнак, каля 1 мільёна чалавек у Беларусі злоўжываюць алкагольнымі напоямі. 263 тысячы беларусаў знаходзяцца на ўліку ў наркалагічных дыспансерах, з іх — 55 950 жанчын і 15 700 непаўналетніх. Гэта амаль насельніцтва сярэдняга гораду.

Па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ААН (СААЗ), у Беларусі на душу насельніцтва, уключаючы немаўлят і старых, прыходзіцца 15 літраў чыстага алкаголю ў год — гэта дадзеныя 2014-га. Пры гэтым, паводле СААЗ, паказчык звыш пяці літраў алкаголю лічыцца пагрозай для нацыі. Летась нават заяўлялася, што па спажыванні алкаголю Беларусь выйшла на першае месца ў свеце. Зрэшты, беларускія ўлады спрабуюць аспрэчыць дадзеныя СААЗ. Як заяўляе віцэ-прэм'ер Наталля Качанова, у 2015 годзе ў краіне прадалі 10,63 літра абсалютнага алкаголю на душу насельніцтва (у 2010 годзе гэты паказчык склаў 12,22 літра).

«Сітуацыя катастрафічная. Дастаткова ў любым беларускім горадзе ў другой палове дня выйсці на вуліцу і проста прайсціся. Цвярозага чалавека сустрэць цяжка, асноўнае баўленне часу нашых людзей — гэта ўжыванне псіхаактыўных рэчываў. Іншых людзей неяк нават і не відаць. Прынамсі, у мяне такое ўражанне», — кажа святар Аляксандр Папоў, прадстаўнік Наваградскай епархіі па процідзеянні алкагалізму і наркаманіі.

Праблема ў тым, што дзяржаве не выгадна, каб людзі пераставалі піць. І хаця такое ўжыванне алкаголю моцна б’е па эканоміцы краіны, найперш з-за паніжэння прадукцыйнасці працы, росту злачыннасці і сацыяльнай нядолі, спароджаных алкаголем захворванняў, ёсць і важная процівага — паступленні ў бюджэт. Негатыўныя наступствы — яны адкладзеныя ў часе, а вось грошы ў бюджэт традыцыйна патрэбныя ўжо сёння.

Можна прыгадаць, як паўтара гады таму ў Мінску продаж спіртнога ў крамах быў забаронены з 22.00 да 9.00. Гэтае абмежаванне пратрымалася ўсяго некалькі месяцаў. Міліцыя цешылася падзенню ўзроўню вулічнай злачыннасці, але гарадскія ўлады крычалі, што ім няма чым напаўняць бюджэт. І інтарэсы бюджэту перамаглі — абмежаванні былі адмененыя. Цікава, хто пераможа ў другі раз?

Сёння мінскія рытэйлеры скардзяцца на нізкую (каля 1,5%) рэнтабельнасць свайго бізнесу. І ў штыкі ўспрымаюць спробы грамадства і дзяржавы абмежаваць продаж алкагольных вырабаў — аднаго з самых прыбытковых для гандлю тавараў.

Але справа не толькі ў тым, што дзяржава добра зарабляе, кантралюючы вытворчасць, увоз і продаж алкаголю. Вядома, што нецвярозымі людзьмі прасцей кіраваць. Гэта сімвалічна: абавязковы атрыбут кожных беларускіх выбараў — буфет, у якім прысутнічае танная гарэлка на разліў. Чалавек, які не п’е, думае, забяспечаны і самадастатковы — заўсёды крытычна ставіцца да дзеючай улады. А той, хто п’е, залежыць ад сваёй зарплаты на немадэрнізаваным заводзе, не ўяўляе сабе іншага жыцця, — заўсёды зробіць, што трэба.

 

kraina_spivaecca.jpg


Пра што не кажуць

 

Як правіла, і дзяржаўныя, і грамадскія барацьбіты з алкагалізмам і наркаманіяй у сваіх выступах старанна абыходзяць адзін момант: гэтыя хімічныя залежнасці — невылечныя.

«У наркалогіі наогул няма паняцця «вылячэнне» ад залежнасці — ад алкаголю або наркотыкаў, усё роўна. Ёсць паняцце «ўстойлівая рэмісія». Гэта калі чалавек устрымліваецца ад ужывання псіхатропнага рэчыва тры гады і больш, — тлумачыць Рыгор Небажэнка, галоўны ўрач-нарколаг Гродзенскай вобласці. — Але гэта не значыць, што ён здаровы, гэта значыць, што ён выконвае прад’яўленыя да яго патрабаванні — у прыватнасці, наведвае нарколага. І тады яго здымаюць з уліку ў наркадыспансеры. Але нарколагі ведаюць, што гэтая хвароба невылечная. Таму яны аперуюць не паняццем «вылячэнне», а паняццем «зняцце з уліку».

Пры гэтым толькі 8 працэнтаў тых, хто злоўжываў алкаголем або ўжываў наркотыкі, сапраўды кідаюць гэта на доўгі тэрмін — пяць гадоў і больш. У тых, хто прайшоў праз рэабілітацыйныя цэнтры (іх у Беларусі мала), гэты працэнт вышэйшы, але не нашмат.

«Сітуацыя з ужываннем алкаголю сумная. З наркотыкамі — так, у нас лепей, чым у суседніх рэгіёнах, але і ў Беларусі гэта вялікая праблема. А ўзровень алкагалізацыі — ён яшчэ і маладзее, асабліва на тле паўсюднага продажу спіртнога. У развітых краінах такога няма. Ёсць выразная рэкамендацыя СААЗ: калі мы жадаем пераадолець алкагалізацыю насельніцтва, продаж спіртнога павінен быць строга рэгламентаваны, абмежаваны дзяржавай, — распавёў НЧ Анатоль Фінскі, урач-псіхатэрапеўт вышэйшай катэгорыі, які працуе з залежнымі людзьмі. — Цяперашняя сітуацыя — гэта плявок у вечнасць, у наступныя пакаленні. Калі нічога не зменіцца, то ўжо праз сто гадоў на гэтай тэрыторыі будуць жыць іншыя людзі — не беларусы».

У 2016 годзе гэтая тэма ўздымалася неаднаразова. Некалькі семінараў па барацьбе з алкагалізмам і наркаманіяй прайшлі ў кляштары ў Жыровічах — праваслаўная царква імкнецца нарасціць свой уплыў, выкарыстоўваючы вострую для грамадства тэму. Таксама ў жніўні ў Слоніме адбылося выязное пасяджэнне Міжведамаснага савета пры Савеце міністраў па фармаванні здаровага ладу жыцця, папярэджанню і прафілактыцы п’янства, алкагалізму і наркаманіі. Яго вяла віцэ-прэм'ер Наталля Качанава. Яна, як высветлілася, бачыць рашэнне праблемы ў стварэнні цэнтраў рэабілітацыі нарка- і алказалежных. Сёння яны ёсць у кожным абласным цэнтры. У планах — стварэнне падобных цэнтраў у гарадах з насельніцтвам больш за 100 тысяч чалавек.

«У медыцынскім плане дапамога пры алкагольных і наркатычных атручваннях у нас пастаўленая нядрэнна. Чалавека кропельніцамі выводзяць з цяжкага стану, ратуюць яму жыццё. Але з рэабілітацыяй алка- і нарказалежных — бяда. У Мінску ёсць РНПЦ псіхічнага здароўя, гарадскі наркадыспансер з аддзяленнем, якое займаецца рэабілітацыяй, ёсць яшчэ нешта ў Гродна… І ўсё. Астатнія рэабілітацыйныя цэнтры — альбо прыватныя, камерцыйныя, альбо рэлігійныя. І гэта — кропля ў моры, — сведчыць Анатоль Фінскі. — Дзяржава бярэ абавязак аказваць неадкладную дапамогу, а вось на паўнавартасную рэабілітацыю грошай няма. На дзяржаўным узроўні пераважае ўспрыманне, што алкаголік, наркаман, — гэта адкіды грамадства. Пры тым адзін алкаголік або наркаман стварае праблемы як мінімум пяці людзям навокал. Але сёння добрай, мэтанакіраванай праграмы рэабілітацыі ў Беларусі не існуе. Яна ёсць для хворых на інсульт, хворых з кардыялогіяй, з траўматалогіяй. Але ў плане наркалогіі такой праграмы няма. Ёсць эпізадычныя спробы нешта зрабіць, але няма сістэмы».


images_8.jpg

 

Час сурагатаў

 

Яшчэ адна рэч, пра якую не любяць казаць афіцыйныя асобы, — хуткае распаўсюджванне ў Беларусі алкагольных сурагатаў. У суседняй Расіі ўлады перыядычна падвышаюць мінімальны рознічны кошт на гарэлку і іншыя алкагольныя напоі — апошняе такое падаражанне было не так даўно. Але ў Беларусі падобнае сэнсу не мае — айчынныя алкаголікі даўно знайшлі замену бутэльцы з крамы.

Я, напрыклад, жыву недалёка ад Трактарнага заводу, у вельмі «пралетарскім» раёне, і назіраю змены ў дынаміцы. Прыкладна да 2014 года кампаніі ў дварах аддавалі перавагу гарэлцы, хаця і пладова-ягаднае карысталася павагай. З 2015-га бутэлькі з-пад гарэлкі сустракаюцца ўжо рэдка, у асноўным валяюцца з-пад чарнілаў. Але пры гэтым сметнікі ў скверыках запоўненыя пустымі ўпакоўкамі з-пад аптэчнага асартыменту — настойкі глогу, «Ламівіту» і бальзаму «Масковія».

Эканоміка простая: бутэлечка «Ламівіту» (100 мл) утрымлівае 95% спірту і каштуе каля 14 тысяч рублёў. У той час як бутэлька самай таннай гарэлкі ў краме — ад 65 тысяч рублёў. У выніку аптэка выйграе спаборніцтва з крамай.

А прадаўцы гастраномаў у гутарках прызнаюць тое, што пакуль адмаўляе афіцыйная статыстыка: хутка растуць продажы цукру і дрожджаў. Беларусы ўспамінаюць, як вырабляць самагонку.