«Канцэпцыі Ермаловіча для Літвы больш не існуе, як у свой час у Савецкім Саюзе «не было сэксу». Да народзінаў славутага гісторыка

Ледзьве ня кожны сьвядомы беларус у 90-х і пазьней гадах зачытваўся і меў дома гістарычныя кнігі Міколы Ермаловіча. Ад часоў Полацкага княства да зьнішчэньня Вялікага Княства Літоўскага ў 1795 годзе – такімі былі зацікаўленасьці непрафэсійнага гісторыка. Сёньня некаторыя зь яго думак калегамі па навуцы аспрэчваюцца. Дык хто ён, знакаміты папулізатар гісторыі Беларусі?

Мікола Ермаловіч разам з жонкай

Мікола Ермаловіч разам з жонкай

Доктар гістарычных навук Міхась Ткачоў наступным чынам пісаў пра героя нашага артыкула:

«Цяпер (справа вядзецца пра 1990 год рэд.) часьцяком даводзіцца чытаць і чуць, што за перыяд застою гісторыкі, у адрозьненьне ад літаратараў, нічога не назапасілі з працаў, якія былі 6 неардынарныя, сьмелыя, сумленныя, з аб’ектыўным паказам праблемаў, «балявых кропак» і «белых плямаў» нашай гісторыі. Такая думка і такія словы ў нечым слушныя.

Сярод тых, хто ўпарта, пастаянна, з энтузіязмам і самаахвярнасьцю з дня ў дзень пералапачваў «культурны пляст» нашай гісторыі, вымываў з тысячаў і тысячаў старонак «летапіснай руды» залацінкі нашай нябеднай мінуўшчыны, быў і Мікола Ермаловіч. Больш двух дзясяткаў гадоў, жывучы ў Маладзечне, ён амаль штодня езьдзіў у Менск, прыходзіў у беларускі аддзел «Ленінкі» (сёньняшняй Нацыянальнай Бібліятэкі) і чытаў, чытаў, выпісваў, карпеў над чарговай хронікай, даўняй манаграфіяй ці сьвежай працай дасьледчыкаў. Гэтаму чалавеку ніхто не даводзіў навуковых плянаў, не плаціў грошай, не адчыняў «зялёную вуліцу» на старонкі выданьняў, не абнадзейваў публікацыяй манаграфіі.

Глядзіце таксама

Рэдка яго артыкулы па гісторыі старадаўняй Беларусі прабіваліся ў друк. Але яны нікога не пакідалі абыякавымі: ні шчырых прыхільнікаў роднай гісторыі, ні тых аглабельшчыкаў ад навукі, што столькі гадоў загароджвалі праўдзе дарогу ў храм гісторыі. А ў тым сьвятым для кожнага народа храме багіні Кліо часта гучалі псеўдагістарычныя казаньні і сьпевы зрэджанага хору, які раз-пораз браў фальшывыя ноты. Маладыя, сьвежыя, самабытныя галасы гісторыкаў вельмі 6 прыдаліся гэтаму хору, але брамнікі храма былі пільныя, яны такіх і блізка не падпускалі, пагрозьліва махаючы сваёй зброяй, а то і пускаючы яе ў ход. Ды рух думкі, рух гісторыі запыніць навек яшчэ нікому і ніколі не ўдавалася. Рух гэты можна запаволіць, людзей можна застрашыць, але аб’ектыўныя законы гістарычнага разьвіцьця, дыялектыка жыцьця возьмуць сваё рана ці позна. I гэты час настаў!

Колішні школьны настаўнік і выкладчык Маладзечанскага настаўніцкага інстытута, чалавек амаль зусім пазбаўлены зроку (няхай даруе Мікола Іванавіч гэту «дробязь» зь біяграфіі яго няпростага жыцьця, але ж удумаемся, якая гэта «дробязь»!), выносіць на аб’ектыўны суд зацікаўленага чытача, і перш за ўсё нашых гісторыкаў, сваю шматгадовую працу аб раньняй гісторыі Беларусі часоў Полацкай зямлі — аднаго з буйнейшых і самых раньніх ва Ўсходняй Эўропе дзяржаўных утварэньняў», — пісаў доктар гістарычных навук.

Мікола Ермаловіч (зправа) і іншы гісторык, Генадзь Каханоўскі

Мікола Ермаловіч (зправа) і іншы гісторык, Генадзь Каханоўскі

Як піша Міхась Ткачоў, праца Ермаловіча пралівае сьвятло на сутнасьць летапісных паняцьцяў «літоўцы» і «Літва», якія многімі дасьледчыкамі неправамерна атаясамліваюцца з сучаснымі этнічнымі паняцьцямі.

У сваіх разважаньнях i высновах Ермаловіч мае не менш аргумэнтаў, чымся многія зь яго апанэнтаў, якія, як і ён, карыстаюцца аднымі і тымі ж нешматлікімі летапіснымі зьвесткамі.

Магчыма, не з усімі высновамі і назіраньнямі Міколы Ермаловіча можна будзе пагадзіцца. Публікацыя, мабыць, выкліча спрэчкі, а можа, нават і дыскусію, чаго, дарэчы, нашай гістарычнай навуцы акурат і не стае.

Глядзіце таксама

І сапраўды, так і сталася! Кнігі Міколы Ермаловіча перагарнулі сьвядомасьць. Першая, выдадзеная ў 1989 годзе (а напісаная яшчэ ў 1968!) называлася «Па сьлядах аднаго міту». За дзесяць год, ад 1958 да 1968-га, ён напісаў кнігу, якая стала яго маніфэстам. У самвыдатаўскіх варыянтах яна пашыралася пад кодавай назвай «Сто старонак». Часткова, у форме артыкулаў у часопісы, яе ўдавалася друкаваць у пачатку 1970-х, але цалкам пад назвай вядомай нам, яна выйшла толькі ў 1989-м. Другая кніга ў 1990 годзе мела назву «Старажытная Беларусь. Полацкі і новагародзкі перыяды». А трэці фаліянт, які пабачыў сьвет у 2000 годзе – «Беларуская дзяржава Вялiкае Княства Літоўскае». У гэтым жа годзе знакаміты гісторык скончыў сваё зямное вандраваньне.

Рэцэнзентамі трэцяй працы выступілі доктар гістарычных навук Анатоль Грыцкевіч і доктар юрыдычных навук Язэп Юхо.

Аб чым спрэчка?

Сам Мікола Ермаловіч красамоўна адзначыў:

«Вядома, загаловок гэтай кнігі не можа не выклікаць пэўнага зьдзіўленьня ў чытачоў. I сапраўды, дзяржава беларуская, а назву мае літоўскую. Тым больш што ў гістарычнай навуцы ўмацавалася сьцверджаньне, што Вялікае Княства Літоўскае было літоўскай дзяржавай у сучасным значэньні гэтага слова.

Часьцей за ўсё тэндэнцыйна скажаецца пачатковая гісторыя той ці іншай дзяржавы. Так здарылася і з гісторыяй BКЛ, першыя старонкі якой да непазнавальнасьці зацемнены мітам аб літоўскім заваяваньні Беларусі. Ён мае даўнюю гісторыю. Яго ўзьнікненьне адносіцца да XVI ст., калі ішла абвостраная барацьба Маскоўскай дзяржавы за беларускія і ўкраінскія землі, якія знаходзіліся ў той час у складзе ВКЛ. Тады была выкарыстана не толькі вайсковая сіла, але і ідэалягічныя сродкі барацьбы».

Глядзіце таксама

Каб зразумець, з чым нязгодныя некаторыя сучасныя гісторыкі, трэба напачатку паглядзець на пункт гледжаньня Міколы Ермаловіча:

«Падсумоўваючы ўсё сказанае, мы прыходзім да наступных высноваў.

Ніводная гістарычная крыніца не пацьвярджае літоўскай заваёвы Чорнай Русі ды іншых беларускіх земляў, што нібыта і паклала пачатак утварэньню Вялікага Княства Літоўскага. Такое сцьверджаньне ўзьнікла ў сярэдзіне ХVІ ст., каб ідэалягічна абгрунтаваць права вялікага князя літоўскага на беларускія землі, значная частка якіх тады часова была занята войскамі Івана Жахлівага. Праз «Кроніку» Мацея Стрыйкоўскага гэтая вэрсія перайшла ў многія кнігі па гісторыі, пазьней была некрытычна прынятая шмат якімі дасьледнікамі і, стаўшы традыцыйнай, доўгі час не пераглядалася.

Значнай перашкодай для аб'ектыўнага асьвятленьня працэсу ўтварэньня Вялікага Княства Літоўскага ёсьць атаясамліваньне летапіснай Літвы з усходняй часткай сучаснай Летувы. Аднак гістарычныя сьведчаньні і тапаніміка паказваюць, што пад Літвой у ХІ-ХІІІ стст. разумелася тэрыторыя Верхняга Панямоньня, якая знаходзілася паміж Полацкай, Турава-Пінскай і Новагародзкай землямі і якая побач зь імі зьяўлялася адным з гістарычных рэгіёнаў Беларусі.

Летапісная Літва, паводле Міколы Ермаловіча. Сучасная краіна з такой назвай у іншым месцы

Летапісная Літва, паводле Міколы Ермаловіча. Сучасная краіна з такой назвай у іншым месцы

Менавіта яна і была далучаная да Новагародка спачатку ў 50-х гадах ХІІІ ст. літоўскім перабежнікам Міндоўгам, а пасьля ў 60-х гадах ХІІІ ст. канчаткова яго сынам Войшалкам. Гэта было першым крокам у пашырэньні ўлады Новагародка, які дасягнуў да таго часу значнага эканамічнага, палітычнага і культурнага разьвіцьця, на іншыя беларускія і балцкія землі. Толькі гэтым і можна вытлумачыць, чаму Новагародак стаў першай сталіцай Вялікага Княства Літоўскага. Адсюль, з Беларускага Панямоньня, дзе знаходзілася летапісная Літва, і пайшло найменьне новай дзяржавы як Літоўскай.

Тое, што ўтварэньне Вялікага Княства Літоўскага суправаджалася заваёвай балцкіх земляў (Літвы, Нальшчанаў, Дзяволтвы), зьнішчэньнем і выгнаньнем іх феадалаў, адхіляе пашыранае ў навуцы сцьверджаньне, што ўзьнікненьне гэтай дзяржавы дыктавалася іхнымі інтарэсамі.

Паколькі ўтварэньне Вялікага Княства Літоўскага было найперш вынікам эканамічнага, палітычнага і культурна-этнічнага збліжэньня і аб'яднаньня беларускіх земляў, то гэты гістарычны працэс быў у інтарэсах беларускіх феадалаў, што і характарызуе гэтую дзяржаву найперш як беларускую.

Таму становіцца зразумелым, чаму ў Вялікім Княстве Літоўскім панавальнае месца заняла беларуская культура і дзяржаўнай стала беларуская мова».

Што на гэта кажуць крытыкі?

Гісторык Алег Дзярновіч ня так даўно заявіў:

«Ня ўсе ідэі Міколы Ермаловіча, скажам так, прайшлі выпрабаваньне часам. Напрыклад, лякалізацыі старажытнай Літвы, Літвы Міндоўга. Сучасныя археалягічныя матэрыялы зусім не супадаюць са сьцьвярджэньнямі Ермаловіча.

Ён выкарыстоўваў маргіналіі, шукаў тапонімы «Літва» і на базе іх акрэсьліваў тую Літву. Хаця мы ведаем, што тапонімы такога тыпу якраз характарызуюць памежжа — гэта выселкі, аддаленыя ад ядра.

Ну і самае галоўнае — ці была заваёва. Я мяркую, што пошук у катэгорыях «заваёва» — гэта на сёньня архаічны мэтад. Я кажу і пішу пра ўсталяваньне кантролю балцкай або літоўскай эліты над пэўнымі рэгіёнамі, пішу пра дзяржаватворчыя працэсы. Так што канцэпт заваёвы для мяне ўжо неактуальны.

Што вельмі важнага, як мне ўяўляецца, зрабіў Мікола Ермаловіч, пры ўсіх спрэчных момантах яго асобных ідэй? Ён, фактычна, «нацыяналізаваў», надаў нашай гісторыі нацыянальны кірунак. Я вось кажу, фактычна, цытатай зь ягонага тэксту, што старажытная Літва была адной з гістарычных тэрыторый старажытнай Беларусі.

І вось Ермаловіч зрабіў вельмі важную рэч — ён як бы пераключыў тумблер. Ён нашу гістарычную і інтэлектуальную пэрспэктыву перавёў ад занядбанасьці і падпарадкаванасьці і паказаў, што гісторыя старажытнай Літвы — гэта таксама частка нашай гісторыі.

Хаця, прызнаюся, у 90-я і пачатку 2000-х гадоў на канфэрэнцыях вельмі многія гісторыкі з акадэмічнага кола лічылі сваім абавязкам выказваць нават словы пагарды або насьмешкі над Міколам Ермаловічам…

Аднойчы я сказаў падчас дыскусіі, што мы можам зь ім не пагаджацца, але тое, што я цяпер чую вакол — крытыку Ермаловіча, часта справядлівую — гэта, для мяне, знак перамогі Ермаловіча. Ён увёў гэтую праблематыку ў масавую сьвядомасьць. Ён замацаваў гэтую тэму на ўзроўні прафэсійнага дыскурсу. Зь яго ідэямі і канцэпцыямі можна не пагаджацца, але ён так гэтую тэму паставіў, што гісторыкі былі вымушаныя да іх зьвяртацца і цяпер яшчэ зьвяртаюцца, апэрыруюць імі».

Помнік Міколу Ермаловічу

Помнік Міколу Ермаловічу

Адам Мальдзіс меў такую думку:

«У свой час «жару» ў беларуска-літоўскія адносіны паддаў Мікола Ермаловіч. Я яго вельмі паважаю, але ён змагаўся з аднымі мітамі, а ствараў другія: зрынуў міт пра тое, што Літва заваявала Беларусь, але культываваў іншы — пра тое, што мы былі заваёўнікамі літоўскіх земляў. Мой сябар Уладзімір Караткевіч казаў, што чалавек павінен абрастаць мітамі, як карабель ракушкамі. І на першым этапе нацыянальна-творчых працэсаў, як было ў нас на пачатку 90-х, міт сапраўды быў неабходны. Але гэта толькі часовая патрэба».

Гісторык Андрэй Катлярчук не згаджаўся з высновамі Міколы Ермаловіча: «Як аматар ён ня ведаў старажытных моваў, ён падганяў крыніцы пад сваю гіпотэзу». Спадар Катлярчук, спасылаўся ў тым ліку на працы Мікалая Ўлашчыка, зь якім, як вядома, у Ермаловіч быў ідэалягічны канфлікт праз выкарыстаньне Ўлашчыкам формаў «Міндаўгас, Вітаўтас» і гэтак далей замест сапраўдных – Міндоўг, Вітаўт.

Глядзіце таксама

Іншы знакаміты і сучасны нам гісторык Алесь Краўцэвіч, атрымаў праз словы гісторыка Дзярновіча наступную характарыстыку адносна Міколы Ермаловіча:

«Гэта таксама вельмі цікавы выпадак, калі дасьледчык адштурхоўвацца ад папярэдніка (у дадзеным выпадку ад Міколы Ермаловіча), публічна шмат што не прымае, але дэ факта нешта і паўтарае. Я якраз мог бы паспрачацца і зь Міколам Ермаловічам, і з Алесем Краўцэвічам.

Для Алеся Краўцэвіча вельмі важная біэтнічнасьць, на якую Мікола Ермаловіч, у прынцыпе, толькі намякаў. Краўцэвіч пісаў пра біэтнічнасьць з самага раньняга часу. Для мяне відавочна, што самы раньні пэрыяд — XIІІ — першая палова XІV стагодзьдзя — гэта час панаваньня балцкай эліты. Русінаў сярод іх мы амаль ня знойдзем.

Вячаслаў Насевіч, публікуючы ў 1999 годзе крытыку на гістарычную працу літоўскага гісторыка Эдвардаса Гудавічаса, што мела назву «Міндоўг знаёмы і незнаёмы», зьвяртаецца да асобы Міколы Ермаловіча:

«Беларускага чытача, зразумела, цікавіць у першую чаргу тое, як літоўскі гісторык асьвятляе пытаньне аб стасунках Міндоўга з землямі сучаснай Беларусі і акалічнасьці іх уваходу ў склад яго дзяржавы. На жаль, менавіта тут нас чакае самае моцнае расчараваньне. Гэтая тэма падкрэсьлена застаецца па-за ўвагай аўтара. Асабліва гэта кідаецца ў вочы ў гістарыяграфічным аглядзе, на фоне скрупулёзнасьці, зь якой пералічваюцца працы папярэднікаў Э. Гудавічуса. У недасьведчанага чытача можа скласьціся ўражаньне, што ў беларускай гістарыяграфіі (як мясцовай, так і эмігранцкай) пра эпоху Міндоўга не было напісана ні радка! Не прыгадваецца нават канцэпцыя М. Ермаловіча, хаця ў свой час сам Гудавічус прысьвяціў палеміцы зь ім падрабязную рэцэнзію, пазьней перавыдадзеную ў ангельскім перакладзе. Робіцца ўражаньне, што, выканаўшы цяжкі маральны абавязак – даць адпор Міколу Ермаловічу, Э. Гудавічус больш не жадае вяртацца да гэтай "агіднай" тэмы, пра якую культурнаму чалавеку быццам бы і не варта гаварыць уголас. Канцэпцыі Ермаловіча для Літвы больш не існуе, як у свой час у Савецкім Саюзе «не было сэксу».

Такая хваравітая рэакцыя сьведчыць не толькі пра тое, якую псыхалягічную траўму нанесла літоўскай інтэлігенцыі спроба беларускіх радыкалаў «адабраць» у іх гісторыю ВКЛ, але і пра глыбокую ўнутраную няўпэўненасьць. Падсьвядома нашы літоўскія калегі апасаюцца, што далейшае абмеркаваньне гэтай тэмы прымусіць іх скарэктаваць сваю сёньняшнюю пазыцыю, што можа пагражаць іх нацыянальным інтарэсам».

Што ж, Вячаслаў Насевіч як у ваду глядзеў чвэрць стагодзьдзя таму. Слухаць у 2024 годзе на літоўскія крыкі пра беларускае «ліцьвінства» – агідна і недарэчна.

І разам з тым, знакаміты гісторык і пісьменьнік Уладзімер Арлоў, дае, бадай што, найлепшую ацэнку Ермаловічу:

«Цяпер акадэмічная навука, прафэсійныя гісторыкі мяркуюць, што Ермаловіч быў рамантыкам у сваёй працы. Але тое, што ён спарадзіў дыскусію і актывізаваў акадэмічных гісторыкаў на новыя дасьледаваньні гісторыі Вялікага Княства з беларусацэнтрычных пазыцый, — гэта бясспрэчна.

Яго творы «Па сьлядах аднаго міта» і «Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае» былі ўважліва прачытаныя і ў Літве і, натуральна, выклікалі там вельмі вострую крытыку. Але, я думаю, што яны таксама паспрыялі таму, што частка літоўскіх гісторыкаў, прынамсі, сучаснай генэрацыі, глядзіць на гісторыю ВКЛ іначай, чым той самы спадар Гудавічус, які выдаў таўшчэзную «Гісторыю Літвы са старажытных часоў да 1569 года», прымудрыўшыся не згадаць ні Беларусь, ні беларусаў. Таму працы Ермаловіча спрыялі таму, каб частка літоўскіх гісторыкаў пачала больш узважана глядзець на супольнае мінулае. Выкліканыя ім навуковыя і грамадзкія дыскусіі цяжка пераацаніць».