Аўтографы Міколы Ермаловіча

Я ніколі не зблытаюся з часам нашага знаёмства з Міколам Ермаловіча. Дата прастаўлена ў аўтографах на яго кнігах. Надпісы простыя, але для мяне вельмі дарагія, кошт якіх з часам толькі ўзрастае.

Мікола Ермаловіч

Мікола Ермаловіч


У кнізе з цвёрдай белай вокладкай «Старажытная Беларусь. Полацкі і Новагародскі перыяд», якая выйшла ў «Мастацкай літаратуры» ў 1990 годзе, буйным почыркам напісана: «Шаноўнаму Уладзіміру Вікенцьевічу Марозу з падзякай за ўвагу да маёй працы. М. Ермаловіч 9.IV.1991. Маладзечна». Тое ж, толькі зусім коратка, у кнізе «Па слядах аднаго міфа» выдання 1991 года: «Шаноўнаму Уладзіміру Вікенцьевічу Марозу. М. Ермаловіч. 9.IV.1991. Маладзечна». У мяне было і першае выданне «Па слядах аднаго міфа» 1989 года, але для аўтографа даў пазнейшую кнігу. Потым, у 1994-м, з’явілася «Старажытная Беларусь. Віленскі перыяд». О, якія ў той час гэта былі кнігі! Яны сапраўды былі адкрыццём, мацавалі тваю беларускую існасць, рабілі Вялікае Княства Літоўскае ўжо назаўсёды неад’емна тваім.
Але што за падзяка «за ўвагу да маёй працы»? Рэч у тым, што ў тыя часы на нашай студыі «Летапіс» мы здымалі яшчэ, акром фільмаў, і кіначасопісы. Вось для «Навукі і тэхнікі» я і прапанаваў зняць сюжэт з Міколам Ермаловічам, назва якога «Адкуль Літва?» гаварыла сама за сябе. Сюжэт доўжыцца дзве з паловай хвіліны, але і за гэты час льга сказаць самае істотнае.
У Маладзечна, дзе тады жыў Мікола Іванавіч, мы выправіліся з рэжысёрам Вадзімам Сукманавым. Здымалі ў той невялікай двухпакаёўцы, дзе жыў герой. Жонкі Лідзіі Цімафееўны, вернай памочніцы амаль невідушчаму чалавеку праз усё іх сумеснае жыццё, памяці якой ён прысвяціў сваю «Старажытную Беларусь», ужо не было. Зразумела, адразу кідаліся ў вочы акуляры з выпуклымі шкельцамі, але энергія, якая ішла ад гэтага чалавека, вельмі хутка змушала не звяртаць увагі на тое, што чалавек вельмі кепска бачыць. Ён захоплена гаварыў аб тым, чаму прысвяціў жыццё. Памятаю, што мы папрасілі знайсці некалькі фотаздымкаў. Мікола Іванавіч стаў корпацца ў адной з картонных скрыняў, заўважыўшы пры гэтым, што вось такія ён рабіў на прадпрыемстве для людзей са слабым зрокам ці зусім без зроку. Трэба ж было зарабляць на жыццё.
Сюжэтам усе былі задаволеныя, таму практычна адразу прыйшла думка зняць фільм, што і запланавалі на наступны 1992 год.

Божа, якімі ўзнёслымі і плённымі былі тыя першыя гады незалежнай роднай Беларусі! Колькі новага адкрывалася — постаці, гісторыя. І аб усім можна было гаварыць, здымаць фільмы.


Рэжысёрам меркаваўся Валерый Кавалёў, па бацьку Паўлавіч, сын пісьменніка. Здаецца, якраз ён прапанаваў здымаць не толькі пра Міколу Іванавіча, але і яго братоў Валянціна і Лявона, тэатральнага рэжысёра і настаўніка роднай мовы, людзей цікавых, адметных.  Таму і сцэнар, і потым фільм называўся «Браты Ермаловічы». Па сцэнарыі мы з Валерыем Паўлавічам лічыліся суаўтарамі... Пісаў яго я ў вечаровай электрычцы, калі вяртаўся ад бацькоў з Даманава ў Мінск. Шлях пад перагрук колаў займае гадзіны чатыры, часу даволі. Тэкст ужо выспеліўся ў галаве, заставалася толькі пакласці яго на паперу. Так і напісаліся на каленях шэсць старонак... Мне падабаецца гіперрэалістычны стыль, але тэксты не вельмі паддаюцца гвалту формы над сэнсам. А тут гіперрэалізм выпісаўся арганічна. Гэтае кінаэсэ ў ліку васямнаццаці надрукавана ў маёй кнізе «За брамай забытых мелодый». Як і верш «Гісторыя», прысвечаны Міколу Ермаловічу і напісаны ў 1993 годзе.
Фільм выяўленча «гіпер» (акрамя некалькіх планаў) не атрымаўся, але і проста рэалізм глядзеўся нягорш, бо людзі на экране цікавыя самі па сабе без кінематаграфічных ці літаратурных выкрунтасаў. Цяпер шкадую толькі аб адным — што практычна не ездзіў на здымкі з рэжысёрам, адабраў у сябе магчымасць больш цесных зносін з Міколам Іванавічам, ды і з яго братамі. У час здымкаў сустракаліся толькі раз — у старой Нацыянальнай бібліятэцы, якая зусім нядаўна была Ленінскай. Наш герой сядзеў за сталом, дзе ляжалі стосы старых кніг, нешта выпісваў з іх, потым падносіў блізка да акуляраў аркуш паперы, спісаны буйнымі літарамі. Выйшлі ў калідор, да акна.
Мяне вельмі цікавіла пытанне — а хто ж ліцьвіны з гледзішча этнічнай прыналежнасці? Славяне, балты, фіна-угры? Мікола Іванавіч дадаў яшчэ адну нечаканую парадаксальную версію — гэта магло быць надэтнічным утварэннем кшталту казакоў. Але этнічны чыннік тут не галоўны, даводзіў ён мне сваю думку. Галоўнае і найважнае, што «летапісная» Літва, якая дала назоў нашай старадаўняй дзяржаве, месцілася ў самым цэнтры беларускіх земляў, што адсюль пайшло Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае…
Мы паказалі герою ўжо канчаткова гатовы (нешта цяжка даваўся мантаж, задоўжыўся) фільм, усё яму спадабалася. Але адчувалася, што настрой нейкі не такі, засмучэнне, ці што, адбівалася на твары, калі мы развітваліся ў холе кінастудыі. Пасля сваю здагадку выказаў рэжысёр, сказаў, што герой наш невясёлы, бо не ўставілі ў фільм кадры з жанчынай, якая на той час дапамагала расчытваць і друкаваць рукапісы. Для яго гэта было важна, а сказаць нам не дазваляла выхаванасць і сціпласць. Самае прыкрае, што не было ў тым аніякай праблемы, проста я не ведаў сітуацыі, а рэжысёр за мантажом прамаўчаў.
Пасля фільма больш мы з Міколам Іванавічам не сустракаліся. Я ведаў, што яму далі кватэру ў Мінску, што ён далей цягне гісторыю Вялікага Княства Літоўскага. Праўда, сваю галоўную кнігу «Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае» ў руках патрымаць не паспеў — яго жыццё трагічна абарвалася ў 2000-м годзе.
А фільм «Браты Ермаловічы» жыў сваім жыццём. У першай палове 90-х яго некалькі разоў паказалі па тэлебачанні. Дарэчы, у мяне ў самога як аўтара копія гэтай карціны запісаная якраз з тэлевізара, бо тады не было лічбавых тэхналогій, з кінаплёнкі мажліва было толькі перагнаць на відэа. Апошні  раз фільм быў на экране (сапраўдным кінаэкране!) у 2001 годзе. У кінатэатры «Змена», які тады яшчэ існаваў і дзе дырэктаркай была цудоўная жанчына Ніна Міхайлаўна Макрыцкая,  мы часта рабілі прэм’еры і прагляды нашых стужак, якія збіралі поўную залю. З яе ініцыятывы і зладзілі імпрэзу да 80-годдзя Міколы Ермаловіча. Ужо без яго, але  браты Валянцін і Лявон прыехалі. Зразумела, іхняя прысутнасць у фільме меншая, галоўным героем быў усё ж старэйшы брат Мікола, але яны адэкватна ўспрымалі такую сітуацыю. Заля зноў была поўная. Эфект прысутнасці — ці не найгалоўная выключнасць дакументальнага кіно. Сапраўды, ты быццам зноў сустракаешся з чалавекам, слухаеш яго голас, адгукаешся на яго эмоцыі. Якраз такі настрой быў у гледачоў, усім было цёпла на душы.
Мне здаецца, што і сёння, калі прайшло ўжо амаль чвэрць веку, стужка выклікала б такія ж эмоцыі. Толькі дзе ты цяпер яе ўбачыш?..