Выйшаў фотаальбом, прысвечаны Міколу Ермаловічу і Генадзю Каханоўскаму
У Маладзечне выйшаў з друку фотаальбом «З верай і любоўю», прысвечаны 100-годдзю нашага славутага гісторыка і педагога Міколы Ермаловіча (1921-2000) і 85-годдзю пісьменніка, музейшчыка і краязнаўца Генадзя Каханоўскага (1936-1994).

Альбом падрыхтаваў пісьменнік, краязнавец і літаратуразнавец з Маладзечна Міхась Казлоўскі. Фотаальбом пабачыў свет дзякуючы рупнасці супрацоўнікаў Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча, якія шмат робяць дзеля прапаганды творчасці сваіх знакамітых землякоў і ўшанавання іх памяці.
Альбом падзелены на дзве часткі: у першай ідзе знаёмства з Генадзем Каханоўскім, у другой – з Міколам Ермаловічам.

Альбом багата аздоблены не толькі фотаздымкамі, але і рознымі тэкстамі. У ім змешчаны біяграфіі пісьменнікаў, выказванні вядомых людзей пра іх творчасць, надрукаваны балады паэта Віктара Шніпа. Нарыклад, прафесар Анатоль Грыцкевіч некалі пра Міколу Ермаловіча сказаў, што ён “быў падзвіжнік, які адкрываў шырокаму колу чытачоў мінулае Беларусі, папулярызаваў яе даўнюю гісторыю, значна апярэдзіўшы нацыянальную канцэпцыю гісторыі Беларусі”.

А Міхась Казлоўскі ў прадмове адзначыў, што “з-пад пяра доктара гістарычных навук, пісьменніка і вучонага Генадзя Каханоўскага выйшлі ўнікальныя, насычаныя багатай краязнаўчай і гістарычнай фактурай, навукова вывераныя кнігі, якія ўвайшлі ў залаты фонд айчыннай гуманітарнай навукі”.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя