Якая спадчына Беларусі пацярпела ад радыяцыі, і ці ёсць магчымасць яе ўбачыць сёння?
Калі гаворка ідзе пра Чарнобыльскую зону, то першае, што прыходзіць у галаву – гэта гарады-прывіды, занядбаныя садочкі і лякарні, могілкі караблей і падобныя постапакаліптычныя відарысы з гульні «Сталкер». Але не ўсе ведаюць, што на забруджанай тэрыторыі знаходзяцца таксама і гістарычныя помнікі, пішуць «Моцныя Навіны».
Сядзіба Прозараў у Астраглядах
Вёска Астрагляды была расселеная ў 1986 годзе пасля аварыі на ЧАЭС. Цяпер гэта тэрыторыя Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка.
З канца XVIII стагоддзя ўласнікам Астраглядаў быў апошні абозны ВКЛ (калі на сучасныя рэаліі – гэта як намеснік міністра абароны краіны) Караль Прозар, які называў сябе «Графам на Хойніках і Астраглядавічах». Яго сын пабудаваў тут палац у стылі ампір.
Палац, судзячы па захаваных апісаннях, выглядаў шыкоўна як звонку, так і знутры. У інтэр’еры, напрыклад, былі кафельныя печы, вінтавая лесвіца, столь з выявай зорнага неба з месяцам, ляпніна, разныя мармуровыя коміны, шмат карцін і багатая мэбля. Была бібліятэка і раскошная гардэробная з сукенкамі і шляпкамі жонкі пана Соф’і Прозаравай.
За 101 год да аварыі, у 1885 годзе, унук Караля Канстанцін, змарнаваўшы ўсю сваю спадчыну, прадаў Астрагляды. Новым гаспадаром стаў нейкі Рыбнікаў, які прыдумаў зладзіць у будынку лазні. Авантура скончылася пажарам. У 1912 годзе палац у руінах выкупіў Альгерд Гардзялкоўскі. У яго былі планы адбудаваць палац, але Першая сусветная вайна гэтаму перашкодзіла. Пасля ён з’ехаў у Польшчу. Па словах мясцовых, «после рэвалюцыі пан спірт (у Астраглядах быў спіртзавод) выпусціў у канаву і хадзіли, гавораць, людзі ложками сабирали, паверху плаваў. Цыстэрны усе зліў у канаву».
Мясцовыя разабралі палац на будматэрыялы. Да нашых часоў захаваўся адзін з флігеляў з калонамі, дамы рабочых ды пруд. Да аварыі мясцовыя жыхары працягвалі карыстацца гаспадарчымі пабудовамі і збіралі яблыкі ў садзе.
Будынак «папоўскай» школы ў Бабчыне
Вёска Бабчын таксама была расселеная ў 1980-х гадах пасля аварыі на ЧАЭС і цяпер месціцца на тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка.
Тут у адносна добрым стане захваўся будынак царкоўна-прыходскай школы, пабудаваны прыкладна ў 1905 годзе. Гісторыкі мяркуюць, што фінансавалі будаўніцтва ўласнікі суседняга Рудакова Ваньковічы. Бо іх палац будавалі з той жа цэглы – з кляймом у выглядзе літары W.
У школы слаўная гісторыя. Да таго, як тут з’явіўся цагляны будынак, установа была драўляная. Тут вучылі дзяцей, каб тыя здавалі экзмен і атрымлівалі льготы пры адбыванні воінскай павіннасці. У Расійскай імперыі наяўнасць пачатковай адукацыі давала магчымасць скараціць службу на 2 гады (4 замест 6-ці). Захавалася інфармацыя, як праходзіў такі экзамен. З цікавага, на вусны іспыт прыехаў Ваньковіч з Рудакова, сам задаваў некаторыя пытанні і так быў задаволены выдатнымі адказамі, што самым выбітным вучням даў грашовыя ўзнагароды ад 2 да 3 рублёў, а аднаму нават свой гаманец.
Поспехі вучняў тлумачылі выдатнымі педагагічнымі здольнасцямі прыходскага святара Міхаіла Драздоўскага. Яго добрым словам успаміналі мясцовыя старажылы.
Руіны Троіцкай царквы ў Саматэвічах
Вёска Саматэвічы знаходзіцца ў Магілёўскай вобласці ў зоне далейшага адсялення. У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС жыхары паселішча ў 1991 годзе былі пераселены ў пасёлак Новыя Саматэвічы за 20 кіламетраў ад вёскі. 30 чэрвеня 2015 года паселішча было ліквідавана, зруйнаваны больш за 1,5 тысячы пабудоваў, акрамя царквы. Так яна выглядала за 6 гадоў да аварыі.
Версіі пра будаўніцтва розняцца, вось адна з іх. У пачатку 1840-х княгіня Анастасія Галынская, адчуваючы набліжэнне смерці, аддала распараджэнне аб будаўніцтве новага каменнага храма ў Саматэвічах. Па легендзе, архітэктарам стаў сябар Канстанціна Тона – архітэктара, па праекце якога быў узведзены Храм Хрыста Збавіцеля ў Маскве. Яшчэ адна з легенд абвяшчае, што архітэктару заплацілі столькі, колькі залатых манет змесціцца ў яго капелюшы.
У Анастасіі была дастаткова незвычайная перадсмяротная воля, тэкст прыкладны: «Я пражыла жыццё, поўнае граху. Пахавайце мяне ўнутры храма так, каб людзі па костках маіх хадзілі, а нада мною стаяў алтар». Увесну 1842 года яе не стала. Анастасію пахавалі ў склепе, які знаходзіўся практычна ў цэнтры храма.
У 1930-я гады савецкія ўлады зачынілі царкву, якую перарабілі пад зернесховішча, а пазней — пад лядоўню, дзе хавалі тушы забітых калгасных жывёл.
Сёння нават у такім занядбаным стане царква працягвае ўражваць. Яе вышыня ад падлогі да купала – 30 метраў (як 10-павярховы дом).
Саматэвічы таксама вядомыя як радзіма паэта Аркадзя Куляшова. Нягледзячы на тое, што вёску пасля трагедыі на ЧАЭС зраўнялі з зямлёй, там і цяпер можна знайсці зарослы мемарыяльны камень, на месцы якога некалі стаяў яго дом.
Сядзіба Герардаў у Дзям’янках
Дзям’янкі месцяцца ў Добрушскім раёне ў зоне далейшага адсялення. Масава жыхары адсюль з’ехалі ў 1993 годзе, акрамя адной сямейнай пары. 3 2013 года тут застаўся толькі адзін чалавек. А таксама – прыгожая сядзіба Мікалая Герарда, які валодаў гэтымі землямі да рэвалюцыі. Ён быў вядомым расійскім дзяржаўным дзеячам, які ў 1905-1908 гадах стаў генерал-губернатарам Фінляндыі. Сядзібны дом, разам з паркам і цагляным мастом унесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
Сядзібу пабудавалі ў другой палове XIX стагоддзя ў стылі мадэрн з элементамі псеўдарускага стылю.
Пасля рэвалюцыі ў будынку размясцілі псіханеўралагічны інтэрнат. Унутры захавалася каваная лесвіца, якой больш за 100 гадоў. А сапраўдным упрыгожваннем сядзібнага комплексу з’яўляецца чатырохарачны мост.
Да ўсіх гэтых аб’ектаў можна дабрацца і ўбачыць на ўласныя вочы.
Тыя, што месцяцца на тэрыторыі Палескага запаведніка, уваходзяць у экскурсію. Аднак знаходзяцца Астрагляды і Бабчын у розных баках і адпаведна – у праграме двух розных маршрутаў. То бок за адзін заезд можна будзе ўбачыць толькі адзін з гэтых аб’ектаў.
Кошт такой паслугі залежыць ад колькасці чалавек у групе і самога маршруту. Плюс варта ўлічваць, што трэба аформіць дазвол на наведванне забруджанай тэрыторыі, а на гэта можа сысці некалькі дзён.
Ёсць і іншая магчымасць наведаць любое месца ў зоне адчужэння або адсялення – падчас Радаўніцы. Сёлета гэта чатыры дні з 11 мая па 14 мая. У гэты перыяд дазвол не патрабуецца.
Калі ж у гэтыя дні не атрымліваецца, то можна звярнуцца да гідаў, якія ладзяць туры па забруджаных тэрыторыях – і ўжо з іх дапамогай выправіцца ў падарожжа.