Задача для Беларусі будучыні

Гісторык Аляксандр Фрыдман у сваёй калонцы на «Deutsche Welle» разважае пра аварыю на ЧАЭС, як наступствы для Беларусі і палітыку Лукашэнкі па «чарнобыльскім пытанні».

Ілюстрацыйнае фота: «Reuters»

Ілюстрацыйнае фота: «Reuters»

Чарнобыльская трагедыя стала самай жудаснай падзеяй у пасляваеннай гісторыі Беларусі і з'яўляецца калектыўнай траўмай для беларускага грамадства. Згубная савецкая практыка пераменшвання і замоўчвання наступстваў аварыі працягнулася і пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі, а сам Чарнобыль, у адрозненне ад Другой сусветнай вайны, мае ў афіцыйнай культуры памяці толькі маргінальнае значэнне. Крытычнае пераасэнсаванне трагедыі і стаўлення ўладаў не ўяўляецца магчымым ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму, але стане надзённай неабходнасцю ў Беларусі будучыні, лічыць гісторык Аляксандр Фрыдман.

«Брагінскія тэзісы»

26 красавіка 2021 года ва ўсім свеце адзначалася 35-годдзе аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У гэты дзень Аляксандр Лукашэнка адправіўся ў гарадскі пасёлак Брагін у Гомельскай вобласці — адзін з сімвалаў Чарнобыля ў Беларусі. У Брагіне Лукашэнка ўзяў удзел у спецыяльным мітынгу-рэквіеме ў памяць аб ахвярах аварыі, запатрабаваў развязаць «чарнобыльскую праблему» ў найбліжэйшыя гады, а таксама выступіў з праграмнай заявай: «Чаго б нам ні каштавала, мы павінны зрабіць усё, каб, адрадзіўшы гэтыя землі, удыхнуць у іх сапраўднае жыццё».

Фота і відэа, якія растыражавала дзяржагенцтва «БелТА», адлюстроўваюць спецыфічную атмасферу прапагандысцкага спектакля, які быў арганізаваны 26 красавіка 2021 года ў Брагіне. У разгар чарговай хвалі пандэміі COVID-19, якую Лукашэнка тады называў «карона-псіхозам», на мітынг былі сабраныя сотні людзей, у першую чаргу школьнікі. На фота ўдзельнікі мерапрыемства стаяць цесна побач адно з адным без ахоўных масак. Здароўе брагінцаў у гэты дзень вызначана не з'яўлялася прыярытэтам: ім была адведзена роля масоўкі для Аляксандра Лукашэнкі, які прадставіў «чарнобыльскі ўдар» выклікам, які нібыта толькі згуртаваў беларусаў. Прагучалі і развагі пра абарону прамежных тэрыторый, якія ўжо ў хуткім часе набылі актуальны характар: напрыканцы лютага 2022 года расійцы ўварваліся ва Украіну з Беларусі, вайна прыйшла ў чарнобыльскія раёны, а сама ЧАЭС нават на некаторы час была захоплена расійскімі войскамі.


Глядзіце таксама

«Брагінскія тэзісы» Аляксандра Лукашэнкі з'яўляюцца свайго роду квінтэсенцыяй чарнобыльскай палітыкі і рыторыкі беларускіх уладаў. Навошта іх навязваюць грамадству? І ці дамогся рэжым Лукашэнкі поспехаў на гэтай ніве?

«Чарнобыльскі шлях»

8 снежня 2016 года Генеральная Асамблея ААН абвясціла 26 красавіка Міжнародным днём памяці аб чарнобыльскай катастрофе. У Беларусі як рэспубліцы, найбольш пацярпелай ад трагедыі, гэты дзень яшчэ з канца 1980-х гадоў набыў асаблівае палітычнае значэнне. 

Злачынныя правалы камуністычных уладаў пры ліквідацыі наступстваў аварыі, адкрыта антыгуманнае стаўленне да ўласных грамадзян з боку партыйных функцыянераў і, перш за ўсё, наўмыснае ўтойванне маштабаў трагедыі сталі каталізатарамі для развіцця дэмакратычнага руху ў Беларусі, якая мела рэпутацыю «самай савецкай рэспублікі» СССР. Публічныя выступленні беларускіх інтэлектуалаў (у прыватнасці, пісьменніка Алеся Адамовіча) узбурылі грамадскасць і прыцягнулі дадатковую ўвагу да чарнобыльскай тэмы. Для заснаванага ў 1988 годзе Беларускага Народнага Фронту яна стала адной з ключавых. У 1989 годзе ў Мінску прайшлі першыя публічныя чарнобыльскія акцыі — «Гадзіна смутку і маўчання» 26 красавіка на плошчы Леніна, а затым і шэсце «Чарнобыльскі шлях» 30 верасня.


Глядзіце таксама

Менавіта «Чарнобыльскі шлях» стаў пазней сімвалам дэмакратычных пратэстаў супраць рэжыму Лукашэнкі. Прымеркаваны да дзясятай гадавіны трагедыі, «Чарнобыльскі шлях» сабраў 26 красавіка 1996 года каля 50.000 чалавек. Ён стаў галоўнай падзеяй пратэснага руху, які ўвайшоў у гісторыю пад назвай «Мінская вясна 1996 года». Справа дайшла да сутыкненняў паміж міліцыяй і пратэстоўцамі і масавых затрыманняў. «Чарнобыльскі шлях» 1996 года хоць і быў звязаны з дзесяцігоддзем аварыі, але нёс адначасова ярка выяўленую антыкрамлёўскую афарбоўку і быў накіраваны супраць усё больш відавочных аўтарытарных тэндэнцый у краіне. Праўленне Лукашэнкі дэманстранты ахрысцілі «новым Чарнобылем». Так з'явіўся вобраз, які на доўгія гады ўкараніўся ў свядомасці дэмакратычнай грамадскасці Беларусі.

«Чарнобыльскія шляхі», якія праводзіліся ў Беларусі ў другой палове 1990-х гг. і ў наступныя гады, былой масавасцю не адрозніваліся, а ўлады з году ў год мянялі сваю тактыку: часам шэсці дазваляліся і праходзілі мірна, часам забараняліся і заканчваліся разгонам. Пасля 2020 года «Чарнобыльскі шлях» праводзіцца па-за межамі краіны, у самой Беларусі любая апазіцыйная актыўнасць зведзеная на нішто.

«Адраджэнне» чарнобыльскіх раёнаў

У сваёй «чарнобыльскай палітыцы» рэжым Лукашэнкі зрабіў стаўку на аднаўленне забруджаных тэрыторыі, а пытанні здароўя людзей адышлі хутчэй на другі план. Нязручныя навуковыя даследаванні, якія ставілі пад пытанне абраны курс, адпрэчваліся, а навукоўцы, якія спрабавалі данесці праўду, падвяргаліся пераследу: вядучы беларускі спецыяліст у галіне радыяцыйнай медыцыны Юрый Бандажэўскі правёў за кратамі больш за шэсць гадоў.


Глядзіце таксама

Праграмы замежнай дапамогі дзецям і іншым людзям з «чарнобыльскіх раёнаў», а таксама паездкі на аздараўленне на Захад першапачаткова ўспрымаліся ўладамі з недаверам і былі пастаўленыя пад жорсткі кантроль. Яшчэ напрыканцы 1990-х і ў пачатку 2000-х у Мінску асцерагаліся, што такія паездкі могуць «негатыўна» адбіцца на светапоглядзе маладога пакалення. І ў гэтым выпадку яны сапраўды не памыліліся: самым, бадай, вядомым «дзіцем Чарнобыля» з Беларусі з'яўляецца ўраджэнка Мікашэвічаў Святлана Ціханоўская, якая ў 1990-я і 2000-я неаднаразова наведвала па гуманітарных праграмах Ірландыю і кінула ў 2020 годзе выклік аўтакрату Лукашэнку.

Другарадная роля Чарнобыля ў культуры памяці

Калі тэма Другой сусветнай вайны займае цэнтральнае месца ў афіцыйнай культуры памяці, то пра Чарнобыль улады Беларусі ўспамінаюць толькі ў кантэксце 26 красавіка, падкрэсліваючы гераізм ліквідатараў і канцэнтруючыся на ўсхваленні дасягненняў рэжыму.

Аптымістычны пафас аб паспяховым пераадоленні наступстваў катастрофы стаў за мінулыя гады абавязковым элементам афіцыйнага наратыву. Дзеянні партыйнага кіраўніцтва БССР другой паловы 1980-х не падвяргаюцца крытыцы, а тагачасныя высокапастаўленыя функцыянеры Аляксей Камай (першы сакратар Гомельскага абкама КПБ з 1985 па 1990 год) і Мікалай Слюнькоў (першы сакратар ЦК КПБ 1983 па 1987), наадварот, карысталіся добразычлівасцю Аляксандра Лукашэнкі.


Глядзіце таксама

У другой палове 2000-х, пасля прыняцця рашэння аб будаўніцтве АЭС у Беларусі, да тэмы Чарнобыля ўлады сталі ставіцца яшчэ больш акуратна, а развагі пра радыеактыўную небяспеку ў сувязі з трагічным досведам Беларусі не віталіся.

Абраная беларускімі ўладамі стратэгія мела поспех. Калі яшчэ ў 1990-я гады тэма Чарнобыля прысутнічала ў грамадскім дыскурсе, то ўжо на пачатку 21 стагоддзя яна мела асабліва перыферыйнае значэнне. Рашэнне ўладаў найбольш пацярпелай ад Чарнобыля рэспублікі пабудаваць АЭС на ўласнай тэрыторыі, ды яшчэ і даручыць яе будаўніцтва расійскай карпарацыі «Расатам», выклікала здзіўленнеў Еўропе, але было ў цэлым спакойна ўспрынята насельніцтвам у самой Беларусі. 

З моманту Чарнобыльскай трагедыі прайшло ўжо амаль 40 гадоў. Сама трагедыя і яе наступствы для будучыні Беларусі, аднак, толкам не асэнсаваныя і не ацэненыя. Гэтую задачу давядзецца вырашаць Беларусі будучыні.