Як Вялікае Княства Літоўскае назаўжды згубіла Валынь

Валынскае ваяводзтва ВКЛ утварылася ў выніку адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы ў 1566 годзе. Да гэтага часу рэгіён уваходзіў у нашую дзяржаву ў якасьці Валынскай зямлі. Але ўжо неўзабаве паўднёвыя землі Вялікага Княства зьмянілі сваю прыналежнасьць. 

Люблінская вунія 1569 года. Малюнак: instagram.com/belarus_minulaja

Люблінская вунія 1569 года. Малюнак: instagram.com/belarus_minulaja

А як Валынь трапіла ў склад Вялікага Княства Літоўскага?

Як вядома, назва «Валынь» для пазначэньня канкрэтнай тэрыторыі ўпершыню зьявілася ў летапісах у 1077 годзе, і была часткаю Кіеўскага княства. З 1170-х гадоў Валынь паўстае як незалежная дзяржава пад уладай князя Ізяслава Мсьціславіча.

У 1199 годзе ягоны брат Раман Мсьціславіч пасьля кароткага перыяду існаваньня асобных надзелаў гэтай зямлі, далучыў да яе Галіцкае княства і такім чынам на сусьветнай мапе зьявілася Галіцка-Валынскае княства, якому наканавана было граць цікавую, супярэчную, а таксама трагічную ролю ў дачыненьнях з нашай дзяржавай.

Справы гэтай слаўнай эпохі разгортваліся наступным чынам, пра што сьведчаць запісы, якія даволі старанна адлюстраваныя ў сапраўдным культурна-гістарычным помніку - Галіцка-Валынскім летапісу. Гэты шэдэўр падзяляецца на дзьве часткі: Галіцкі летапіс (1201—1261), складзены ў Галіччыне, які заснаваны на летапісах часоў князя Данілы Раманавіча Галіцкага, і Валынскі летапіс (1262—1291), складзены на Валыні, у якой больш дакладна адлюстраваны гістарычныя падзеі Валынскай зямлі ў княжаньне Васіля Раманавіча і яго сына Уладзімера.

У 1240 годзе, падчас мангольскага нашэсьця, сын князя Рамана Мсьціславіча Даніла Раманавіч Галіцкі таксама падпарадкаваў Кіеў. Разам з тым ён прызнаў васальскую залежнасьць ад татараў, і павінны быў сплачваць ім штогадовую даніну, як і іншыя ўладары дзяржаваў на тэрыторыі сучаснай Украіны. Аднак у адрозьненьні ад іх ён дамогся права не езьдзіць самастойна на паклон у Арду для пацьверджаньня ўлады. Гэта дазволіла сучасным украінскім дасьледчыкам казаць аб тым, што “затое Ўкраінская дзяржава фактычна захавала самастойнасьць ва ўнутранай і зьнешняй палітыцы, што дазволіла Данілу Раманавічу заняцца яе адбудовай”.

Гэтая выснова вядома спрэчная, бо Арду тады ніхто не адмяніў. Пасьля вяртаньня з Арды ў 1246 годзе да Данілы скіраваліся амбасадары ад Папы Рымскага з прапановай кароны ў абмен на царкоўную вунію, але той адмовіўся, бо хацеў антымангольскага хаўрусу з каталіцкімі дзяржавамі. Толькі калі ў 1253 годзе Папа Інакенцій IV зьвярнуўся да рыцараў некаторых народаў славянскага паходжаньня, якія былі каталікамі, з заклікам выступіць супраць татараў, Даніла згадзіўся прыняць карону. Каранацыя адбылася ў 1253 годзе ў Дарагічыне. У 1265 годзе Даніла Галіцкі заснаваў знакаміты да сёньня Львоў.

Сын Данілы – Леў Данілавіч, наступны галіцка-валынскі князь (ці кароль Русі, як яны сябе называлі) забіў дваіх нашых вялікіх князёў літоўскіх, а адбылося гэта наступным чынам:

Не прайшло і 6 гадоў пасьля забойства вялікага князя літоўскага Траняты ў 1264 годзе, як у нашай дзяржаве зьмянілася два князя, напачатку ім стаў Войшалк, сын Міндоўга, які дабраахвотна перадаў уладу ў рукі наступнага, Шварна, а сам пайшоў у кляштар.

Зрэшты і Войшалк быў забіты, але ўжо не ў якасьці вялікага князя літоўскага.

Шварн жа меў за жонку адну з дачок Міндоўга. Забойцам як Войшалка так і Шварна быў адзін і той жа чалавек – галіцкі князь Леў Данілавіч, які, у сваю чаргу, зьяўляўся родным братам Шварна. І менавіта Леў Данілавіч быў пакрыўджаным на тое, што пасьля Траняты вялікім князем стаў ня ён.

Леў Данілавіч уласнаруч засек манаха і былога князя Войшалка, а ў 1270 годзе па яго загадзе забойцы скончылі жыцьцё Шварна.

У складзе Вялікага Княства Літоўскага

Мапа Валыні 1665 года

Мапа Валыні 1665 года

Пасьля сьмерці Юрыя II Баляслава ў 1340 годзе (які быў сынам мазавецкага князя Трайдзена I і яго жонкі Марыі, праўнучкі караля Данілы) баяры абвесьцілі Любарта-Дзьмітрыя, зяця папярэдняга караля Льва Юр’евіча, і адначасова сына вялікага князя літоўскага Гедыміна, як кіраўніка Галіцка-Валынскай дзяржавы, караля Русі. Але палякі не пагадзіліся з гэтым і захапілі Галічыну, чым была распачатая шматгадовую спрэчку за галіцкую спадчыну.

Недзе з 1350 года можна казаць аб сфармаваным падзеле тэрыторыі Галіцка-Валынскай зямлі паміж Польскім каралеўствам, якое трымала Галіччыну і Вялікім Княствам Літоўскім, якое здолела ўзяць пад свой кантроль Валынь.

Украінскі гісторык Міхайла Грушэўскі сцьвярджаў, што пры Любарце Валынь была «зусім асобным сьветам», не падобным да Вялікага Княства Літоўскага.

Пасьля перамогі нашых войскаў пры Сініх Водах у 1362 годзе, левабярэжная Ўкраіна была вызваленая ад мангола-татарскага панаваньня, і трапіла пад непасрэдны кантроль Вялікага Княства Літоўскага.

Пасьля сьмерці Любарта валынскім князем стаў яго сын Фёдар. Але вялікі князь літоўскі Ягайла, а потым і яго стрыечны брат вялікі князь Вітаўт, паступова абмяжоўвалі ўладаньні князя Фёдара Любартавіча. У 1393 годзе Вітаўт ліквідаваў удзельныя княствы і ператварыў іх у правінцыі Вялікага Княства Літоўскага, якімі кіравалі ваяводы. Валынь увайшла ў склад ВКЛ.

Глядзіце таксама

Пасьля грамадзянскае вайны ў Вялікім Княстве Літоўскім, якая распачалася са сьмерцю Вітаўта ў 1430 годзе, і шэрагам паўстаньняў, новы вялікі князь Казімір Ягелёнчык вымушаны быў прызнаць аднаўленьне Кіеўскага і Валынскага княстваў. Сьвідрыгайла, былы вялікі князь, у 1440—1452 гадах кіраваў валынскім. Зь яго сьмерцю і гэтая ўмоўная аўтаномія валынскай зямлі была скончаная. Валынь станавілася звычайнай правінцыяй Вялікага Княства Літоўскага. Адміністрацыйна яна падзялялася на тры староствы: Уладзімерскае, Луцкае і Крамянецкае.

Тут рознымі спосабамі памнажалі свае багацьці княжацкія роды Астрожскіх, Чартарыйскіх, Сангушаў, Карэцкіх, Збаражскіх і іншых. Яны павялічылі свае маёнткі новымі зямельнымі надзеламі за кошт пакупак і наданьняў вялікага князя літоўскага. Для вырашэньня выключна валынскіх патрэбаў у Луцку адбываліся соймы пад кіраўніцтвам маршалка Валынскай зямлі з удзелам праваслаўных і каталіцкіх біскупаў, трох старостаў, князёў, буйных і дробных землеўладальнікаў.

Пры ўладзе Вялікага Княства Літоўскага ў 1556-1561 гадах у валынскім Пагорыні была створана славутасьць стараўкраінскай мовы, адзін з першых перакладаў Эвангельля — рукапіснае Перасопніцкае Эвангельле. Кніга стала адным з сымбаляў украінскай нацыі, на ёй цяпер прыносяць прысягу прэзідэнты Ўкраіны.

Бывай, Валынь

Невясёлы шляхціч з ВКЛ на Люблінскім сойме. Малюнак: instagram.com/belarus_minulaja

Невясёлы шляхціч з ВКЛ на Люблінскім сойме. Малюнак: instagram.com/belarus_minulaja

Як адзначае гісторык Мікола Ермаловіч, яшчэ ў 1551 годзе на сойме ў Вільні польскія паслы ўжо высоўвалі патрабаваньні далучэньня да Польшчы Падляшша, Валыні, Кіева і Северскай зямлі. Вось гэта і зьяўлялася галоўным, дзеля чаго патрэбна было заключэньне Вуніі. Пра тое ж самае, але яшчэ з большым імпэтам казалася і на Кракаўскім сойме 1553 года.

Пытаньне аб вуніі, якое навязвалася польскім бокам, непакоіла шырокія пласты грамадзтва, яно стала прадметам вострай палемікі сярод публіцыстаў Польшчы і ВКЛ. Калі першыя, напрыклад, сцьвярджалі, што Вялікае Княства Літоўскае зьяўляецца ўладаньнем Польшчы, падораным ёй у свой час Ягайлам, то другія, адстойваючы незалежнасьць сваёй дзяржавы, паказвалі небяспечнасьць аб’яднаньня з суседняй краінай, дзе пануюць свавольства і распушчанасьць нораваў.

Пасьля рэформы ў ВКЛ 1566 года зьявіліся ваяводзтвы. Першым ваяводам Валынскага ваяводзтва быў Аляксандар Чартарыйскі. А потым здарылася ці то ўратаваньне ВКЛ, ці тое яго вялізная трагедыя – Люблінская Вунія. Была створаная Рэч Паспалітая абодвух народаў – польскага і нашага.

10 студзеня 1569 года ў польскім Любліне пачаў працу агульны сойм ВКЛ і Кароны Польскай. Незадаволеная яго ходам дэлегацыя Вялікага Княства Літоўскага ў лютым пакінула Люблін. Кароль польскі асобнымі актамі далучыў да Польшчы Падляшша і амаль усю тэрыторыю сучаснай Ўкраіны.

26 красавіка 1569 года польскі кароль Жыгімонт Аўгуст зацьвердзіў рашэньне дэлегатаў Валынскага ваяводзтва пра далучэньне да Каралеўства Польскага.

Магчымасьцей весьці вайну з Польшчай у ВКЛ не было. Таму ўлетку 1569 года дэлегацыя Вялікага Княства Літоўскага зноў наведала Люблін і падпісала дамову аб вуніі.

І па выніках гэтага аб’яднаньня шматлікія землі Вялікага Княства Літоўскага, а менавіта Падляскае, Валынскае, Брацлаўскае, Кіеўскае ваяводзтвы адыходзілі пад кіраваньне польскага каралеўства.