Фабіян Шантыр. Да дня памяці першай ахвяры бальшавіцкага тэрору сярод беларускай інтэлігенцыі

104 гады таму быў расстраляны беларускі паэт, выбітны аратар, палітык Фабіян Шантыр, які палымяна заяўляў: «Нацыянальнае адраджэнне ніколі не загіне!». Пачытайце пра вечна маладога Фабіяна, пра яго бязмежную любоў да Беларусі і каханне да Зоські Верас. 

Фабіян Шантыр

Фабіян Шантыр

Нарадзіўся 4 лютага 1887 года ў Слуцку

«Я вырас у атмасферы поўнай незалежнасці і ніколі не прызнаваў якіх бы то ні было варункаў, што так ці іначай абмяжоўваюць волю індывідуума», – пісаў Фабіян Шантыр у лісце да сваёй каханай Зоські Верас.

За ўдзел у рэвалюцыйных падзеях быў зняволены ў царскай турме ў 1905-1907

«У Слуцку і Капылі ён удзельнічаў у мітынгах, дэманстрацыях, асветніцкай дзейнасці, выпуску лістовак.

Паліцэйскія заўважылі маладога палітычнага актывіста, і той амаль на два гады апынуўся ў слуцкай турме», – пісаў даследчык Анатоль Жук у артыкуле да 130-годдзя з дня нараджэння Фабіяна Шантыра.

«Я разумею левых сац.-рэвалюцыянераў, але калі нам кажуць забыць сваю радзіму — вось гэтага я ўжо не разумею»

Як дэлегат ад беларусаў горада Бабруйска, Фабян Шантыр прымаў удзел у рабоце 1-га Усебеларускага з'езду.

Як піша А. Жук, на ўрачыстым адкрыцці З’езду, паводле газеты «Беларуская Рада», Шантыр выступіў з «прыгожай, поўнай журбы і пяшчоты прамовай».

А 16 снежня 1917 года, калі дэлегаты абмяркоўвалі спрэчнае пытанне пра будучыню Беларусі, Ф. Шантыр звярнуўся да іх з наступнымі словамі:

«Я разумею левых сац.-рэвалюцыянераў, але калі нам кажуць забыць сваю радзіму – вось гэтага я ўжо не разумею. Асіміляцыя – гэта рабства.

Чаму вы сабраліся сюды? Вас прывяло сюды, браты, нацыянальнае пачуццё. Нацыянальнае адраджэнне ніколі не загіне».

У 1918 годзе ў Слуцку выдаў сваю галоўную працу «Патрэбнасць нацыянальнага жыцця для беларусаў і самаадзначэння народу»

Гэты твор – кладзезь для кожнага беларуса. Прывядзем некаторыя цытаты, каб заахвоціць чытачоў азнаёміцца з ім цалкам.

«Працаваць над абуджэннем свайго народа, працаваць над адбудовай вольнай бацькаўшчыны Беларусі, працаваць у карысць, каб яна не была пагардай іншым. А мы — не нявольнікамі сваёй цемры, а роўнымі сябрамі другім народам, — якая гэта вялікая доля для нас!».

«Калі хоць аднаго з беларусаў мне ўдасца прабудзіць да вялікага гарачага кахання к забытаму абяздоленаму краю, пазваць да працы шчырай на нацыянальнай раллі дзеля свету, дзеля лепшай будучыні гаротных братоў, – я буду шчаслівы…».

Сямён Пятровіч Герус (1925 – 1998, Мінск). “Партрэт Фабіяна Шантыра”. 1993. 

Сямён Пятровіч Герус (1925 – 1998, Мінск). “Партрэт Фабіяна Шантыра”. 1993. 

Абагаўляў беларускую мову

У той жа працы Фабіян Шантыр пісаў: «Беларуская мова. Зразумелая, ясная, поўная пекнаты і хараства родная мова. А сколькі пагарды і пляўкоў яна на сабе вынесла не толькі ад чужынцаў, але нават і ад тых здрайцаў, каторых маткі выгадавалі ў гэтай мове. І якіх толькі нападкаў, якіх толькі плётак яна на сабе не вынесла. Як ёй толькі не капалі і палянізатары, і русыфікатары магілу, а яна ўсё жывая, усё па-даўнейшаму злучвае дзесяцімільённы беларускі народ».

І яшчэ адна цытата нашага слаўнага суайчынніка:

«Беларуская мова, прыбраная ў светлую апратку, займе пачотнае месца ў сям'і славянскіх моў. У аснове сваёй наша мова мае столькі чароўнай прастаты і хараства, што ня пройдзе і колькі дзясяткаў год, як яна не толькі зраўнуецца з другімі цывілізаванымі мовамі, але пакажа і тую містычную глыбь беларускага народу, якая дасюль не зразумета ў Міцкевічу і Дастаеўскім».

Глядзіце таксама

Каханнем яго жыцця была Зоська Верас. Іх пачуцці былі палымянымі і ўзаемнымі

Яны пазнаёміліся ў «Беларускай Хатцы» (клуб беларускай інтэлігенцыі, які ў 1916-1920 гадах праводзіў асветніцкую працу) у Менску, куды Фабіян прыязджаў з Бабруйску. Фабіяну было 28, а Зосьцы (тады яшчэ Людвізе Сівіцкай) – 23.

Маладая Зоська Верас

Маладая Зоська Верас

Зоська Верас пайшла з жыцця ў 1991 годзе. Як прызнавалася дачка Зоські Верас, за два-тры дні да яе сыходу маці ўжо нічога ня памятала, толькі трызьніла, паўтарала, гукала: «Фабіян! Фабіян! Фабіян!»

Перад тварам смерці легендарная беларуска ўспамінала нават не свайго мужа, з якім пражыла 22 гады, а менавіта свайго Фабіяна, расстралянага бальшавікамі ў 1920-м, калі яму было ўсяго толькі 33.

За год да смерці Фабіяна ў іх нарадзіўся сын.

«А жылі мы па-ваеннаму, – згадвала Зоська Верас, – ня разам, а асобна, і «езьдзілі да сябе ў госьці» ды пісалі амаль кожны дзень. Што перажылося – гэтага не раскажаш, не апішаш. Было ўсяго: і добрага, і благога. То сходзіліся, то разыходзіліся… Бачыце, папала каса на камень. Я не была з тых мяккіх натураў, якімі можна кіраваць, мела сваю волю, свае погляды. Да таго ж вельмі рознае выхаваньне, рознае паходжаньне… Але гэта не перашкаджала: цанілі адзін аднаго. А я і шмат выбачала, калі было патрэбна…»

Зоська Верас

Зоська Верас

Толькі ўслухайцеся, якія пранікнёныя словы прысвячаў сваёй незабыўнай Людвізе закаханы Фабіян. Урывак з ліста:

«Душа ваша, вялікая хараством суму, поўная дзіўнага чарацвету, – гэта душа мусіць налеыаць да майго быту. Куды б ні ішлі Вы, дзе б ні былі, да каго б ні належалі, дух мой вечна будзе ісці ўслед вашай душы, агартаць яе сілай чуцця свайго і зваць да сябе... Я не бачыў Вас, а ўжо сніў аб вашай душы... насіў яе ў сабе, будаваў ёй алтары і маліўся, маліўся мукамі адзіноцтва... Не чыніце ж гвалту быту, аддайце ж мне сваю душу, бо яна нікому, апроч мяне, ня будзе належаць. Я чакаю яе».

І яшчэ адзін ліст за 1917 год:

«Мая родная, я з кожным днём пераконваюся, што болей без цябе жыць не магу. Ты мне патрэбна, як паветра, як хлеб для душы. Цяпер толькі, у хвілю адпачынку – хвілю суму, я бачу, як глыбока, як моцна я цябе кахаю. Кахаю ўсёй прастатой сваёй душы, шалёным жаданнем прошлага сіроцтва. Ты мая! Альбо ты, альбо ніхто і ніколі … Твой Фабіян»

Маладая жанчына была больш стрыманай. 4 студзеня 1916 года ва ўласным нататніку яна запісала:

«І што мне цяпер з гэтым фантам рабіць? Усё ж адпісаць на лісты трэба. Сколькі ў іх паэзіі і якая зычная і поўная эстэтыкі мова … Як бачу, Ш. - беларус з эстэтычнай душой, такіх дагэтуль не спатыкала».

Працаваў народным камісарам нацыянальных спраў першага ўрада Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі

«Але ўжо 16 студзеня Цэнтральны камітэт Расійскай камуністычнай партыі (бальшавікоў) прыняў рашэнне тры з пяці губерняў нядаўна абвешчанай рэспублікі далучыць да Расійскай Федэрацыі, Беларусь і Літву аб'яднаць у адну Літоўска-Беларускую ССР, — піша Анатоль Жук. 

— Восем народных камісараў беларускага ўрада (у тым ліку і Шантыр) накіравалі прадстаўніку ЦК РКП(б) А.А. Іофе пісьмо пратэсту супраць такога рашэння, якое крыху пазней само жыццё прызнала памылковым. Пратэст не дапамог, а беларускіх нацыянал-камуністаў абвінавацілі ледзь не ў палітычным злачынстве

У пачатку лютага Фабіяна Шантыра, Язэпа Дылу (наркам працы), Усевалада Фальскага (наркам замежных спраў) арыштавалі. Неўзабаве іх вызвалілі, але ў новым складзе ўрада для іх месца не знайшлося».

17 красавіка 1920 арыштаваны асобным аддзелам 16-й арміі

У лютым 1920 Фабіян Шантыр быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію. Яго апошняя пасада – кіраўнік спраў асобай харчовай камісіі па забеспячэнні 16-й арміі.

17 красавіка таго ж года ён быў арыштаваны па заяве адной з яго падначаленых. 

У заключнай пастанове па следству гаварылася: «… Факт подрыва авторитета Советской власти, дискритирование Коммунистической партии и преступление по должности доказаны, а посему гр. Фабиана Гиляровича Шантыра, как вредный и неисправимый элемент, подвергнуть высшей мере наказания» (цытата з афіцыйнага дакумента паводле даследчыка А. Жука).

Фабіян Шантыр быў расстраляны 29 мая 1920 года ў горадзе Навазыбкаў (Расія). Рэабілітаваны Пракуратурай Рэспублікі Беларусь 23 сакавіка 1992 года.

«Фабіян Шантыр стаўся першай ахвяраю бальшавіцкага тэрору як у беларускай палітыцы, так і ў беларускай літаратуры», – пісаў пра яго гісторык Уладзімер Арлоў