Сталініст Петрушэнка трапіў пад рэпрэсіі і ледзь не памёр — у няволі адкрылася прабадная язва

Чалавек, які патрабаваў рэпрэсіяў у дачыненні да іншых, ледзь не памёр калі рэпрэсіі крануліся яго.

preview_25.jpg

Гаворка ідзе пра Мікалая Петрушэнку — былога дэпутата Вярхоўнага Савета СССР, які, сыйшоўшы на пенсію, пасяліўся ў Коханаве, піша orsha.eu. Хаця Пертушэнка шмат гадоў быў сябрам апазіцыйнай партыі «Справядлівы свет» (былая камуністычная, цяпер зліквідаваная ўладамі), у 2020 годзе ён падтрымаў улады. Мала таго, што падтрымаў, — прозвішча Петрушэнкі можна было знайсці ў злітых базах даносаў МУС і КДБ. Ён спрабаваў падставіць пад палітычныя рэпрэсіі ўдзельнікаў пратэстаў.

Пару месяцаў таму стала вядома, што супраць Петрушэнкі завялі адміністратыўную палітычна матываваную справу — яго вінавацілі ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў.

На старонцы былога дэпутата знайшлі спасылку на старонку, якая ў момант размяшчэння не была прызнанай экстрэмісцкай. Тады ён ў сацыяльных сетках упэўнена пісаў, што справа разваліцца і нічога яму не будзе. Але калі ў краіне «часам не да законаў»... Пасля першага суда Петрушэнку адправілі дадому, а справу — на дапрацоўку. І справа была дапрацаваная.

У выніку пару тыдняў таму Петрушэнку асудзілі на 10 сутак адміністратыўнага арышту. Паводле наяўнай інфармацыі, на сёмыя суткі ў зняволенні з-за кепскіх умоваў утрымання ў Петрушэнкі адкрылася прабадная язва. Дарэчы, ад гэтай хваробы ў зняволенні загінуў палітзняволены мастак Алесь Пушкін. Петрушэнку, аднак, паспелі даставіць у лякарню і выратаваць яго жыццё.


Глядзіце таксама

Увогуле ў Беларусі пасля 2020 года памерлі ўжо мінімум шэсць палітвязняў.

9 красавіка ў брэсцкім СІЗА памёр 51-гадовы падпалкоўнік запасу Аляксандр Кулініч. Пры гэтам, як стала вядома, суд над ім, нябожчыкам, працягваецца. Мужчыну абвінавачваюць паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса (абраза прэзідэнта). У заключэнні аб смерці яе прычынай названая ішэмічная хвароба сэрца.

Таксама ў зняволенні памерлі 63-гадовы журналіст і грамадскі актывіст Ігар Леднік, які меў інваліднасць другой групы і праблемы з сэрцам, 50-гадовы Вадзім Храсько ў, 50-гадовы актывіст і грамадскі дзеяч Вітольд Ашурак, 61-гадовы блогер і актывіст з хворым сэрцам Мікалай Клімовіч.

57-гадовы мастак Алесь Пушкін памёр 11 ліпеня 2023 года. Яго прывезлі ў лякарню з гродзенскай турмы № 1, але выратаваць лекары яго не змаглі.