Хронікі рэпрэсій. Нават пасля смерці палітвязня з Брэста працягваюць судзіць

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 30 траўня.

hroniki_represij2_logo.png_logo_1_1.png

У брэсцкім судзе за «абразу Лукашэнкі» працягваюць судзіць Аляксандра Кулініча — мужчына памёр у СІЗА напачатку красавіка.

Падпалкоўніка запасу Аляксандра Кулініча затрымалі 29 лютага ў Брэсце. Яго абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі. З таго часу ён знаходзіўся ў СІЗА і чакаў суда, які меўся адбыцца 16 красавіка.

Аднак за тыдзень да яго, 9 красавіка, мужчына памёр. Нягледзячы на смерць, у электронным раскладзе судоў на сайце Вярхоўнага суда з'явілася інфармацыя пра тое, што справу Аляксандра разглядаюць 30 траўня ў судзе Маскоўскага раёна Брэста. Працэс была прызначана весці суддзя Марына Скалковіч.

Аляксандра Кулініча затрымлівалі з дзясятак сілавікоў у поўным абмундзіраванні за каментары ў тэлеграме. Беларус пісаў пра акупацыю Беларусі Расіяй і выказваў падтрымку Украіне.

Брэсцкі абласны суд вынес прысуд 32-гадоваму жыхару Пінска Артуру Радзівановічу. Ён быў абвінавачаны паводле ч. 1 арт 13 і ч. 1 арт. 361-3 (удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеянняў, вярбоўка альбо падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу).

Вядома, што мужчына быў затрыманы ў міжнародным пункце пропуску «Брэст», дзе збіраўся праз тэрыторыю Польшчы прыехаць ва Украіну.

Суддзя Дзмітрый Куроўскі прызначыў Радзівановічу два гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі са штрафам у памеры 500 базавых велічынь.


Глядзіце таксама

Гродзенскі абласны суд працягвае разгляд крымінальнай справы мясцовага жыхара Андрэя Бурдзені. Яго абвінавачваюць у абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК), паклёпе на яго (ч. 2 арт. 367 КК), абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) і распальванні іншай сацыяльнай варожасці (ч. 1 арт. 130 КК).

Судовы працэс пачаўся 27 траўня, суддзя — Мікалай Рачынскі.

Меркаваная дата затрымання Андрэя — 20 верасня 2023 года. У гэты дзень з’явілася відэа, дзе мужчына кажа, што нібыта пісаў негатыўныя каментары на адрас Лукашэнкі, службовых асоб, супрацоўнікаў міліцыі, расійскіхвайскоўцаў, а таксама пагражаў людзям, якія падтрымліваюць дзейную ўладу.

18-гадовую грамадзянку Украіны затрымалі на беларускай мяжы. 29 траўня Кацярына Гарсцючэнка вярталася з Польшчы ў Беларусь. На мяжы яе затрымалі за фотаздымак чатырохгадовай даўніны ў тэлефоне. Праз вайну ва Украіне дзяўчына атрымала ў Беларусі статус дадатковай аховы, дзе пражывала апошнія два гады.

На дадзены момант Кацярына знаходзіцца ў Брэсцкім ІЧУ. Ёй не даюць звязацца з роднымі. Далейшыя абставіны высвятляюцца.


Глядзіце таксама

У Брэсце затрымалі арганізатара мерапрыемстваў і вядучага святаў. На відэа затрыманы Юрась Капуцкі «прызнаецца» ў тым, што распаўсюджваў «экстрэмісцкія матэрыялы», прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце плана «Перамога» і ў сваім інстаграме размясціў пост, у якім быў вокліч «Слава Украіне! Героям Слава!».

Яго сябра — Руслана Данілковіча — затрымалі за тое, што ў яго інстаграме быў фотаздымак, дзе мужчына стаіць побач з нацыянальным сцягам. Разам з ім затрымалі і яго жонку.

Сілавікі затрымалі гродзенскага гукарэжысёра Аляксея Давідоўскага. Сцвярджаецца, што ён рабіў рэпосты паведамленняў, у якіх заклікаў «да аказання супраціву сілавікам, пашкоджання іх тэхнікі, счэпак».


Глядзіце таксама

Палітвязня Аляксандра Францкевіча будуць судзіць за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі».

Аляксандр — актывіст анархісцкага руху і фігурант справы «Рэвалюцыйнага дзеяння», асуджаны да 16 гадоў і 9 месяцаў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.

Адбываць тэрмін палітвязня спачатку накіравалі ў івацэвіцкую калонію № 5, але пазней перавялі ў ваўкавыскую ПК-11. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, з верасня 2023 года Аляксандра змясцілі ў ПКТ на паўгода, а таксама неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА.

Цяпер супраць палітвязня ўзбуджаная крымінальная справа паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабавання адміністрацыі калоніі). Аляксандр да гэта часу знаходзіцца ў ПКТ.