Чарговая перамога салідарнасці. Дзецям палітвязняў сабралі на вакацыі больш за 20 тысяч еўра
Беларуская салідарнасць трывае з 2020 года. Ад той пары, калі рэжым Лукашэнкі распачаў беспрэцэдэнтныя палітычныя рэпрэсіі супраць нязгодных з яго палітыкай, дзесяткі тысяч людзей прайшлі праз затрыманні, тысячы сталі палітвязнямі, а сотні тысяч пакінулі Беларусь. З таго часу беларусы дапамагаюць адно аднаму, збіраючы грошы тым, каму яны вельмі патрэбныя.
Фонд салідарнасці BySol — адна з найбуйнейшых пляцовак для дабрачынных збораў. Сярод іншага там цяпер працягваецца акцыя «Падорым дзецям палітвязняў летнія вакацыі!», назва якой гаворыць сама за сябе.
«Міжнародны дзень абароны дзяцей адзначаецца штогод 1 чэрвеня, ён прысвечаны абароне правоў дзяцей. Гэты дзень нагадвае пра неабходнасць падтрымання ўмоваў для шчаслівага і бяспечнага дзяцінства для кожнага дзіцяці. Цягам вось ужо чатырох гадоў напярэдадні гэтага дня стартуе акцыя для дзяцей палітвязняў. Штораз мы нагадваем грамадскасці, з якімі выклікамі і цяжкасцямі сутыкаюцца сем'і з дзецьмі. У многіх сем'ях сродкаў хапае толькі на тое, каб закрыць базавыя патрэбнасці», — гаворыцца на сайте фонда.
Падкрэсліваецца, што традыцыйная дзіцячая акцыя ладзіцца сёлета праектам «Хуткая гуманітарная дапамога», куды ўваходзяць фонды BySol, By_Help, «Краіна для Жыцця», Dissidentby, Association of Belarusians in America i Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой.
Гэта збор перад вакацыямі, ён накіраваны на тое, каб беларусы не пачуваліся пакінутымі. «Мы разам з вамі можам дапамагчы адчуць гэтым сем'ям і дзецям у іх, што яны не засталіся адны са сваімі праблемамі», — адзначаецца ў заяве.
Хто можа стаць атрымальнікамі дапамогі:
— сем'і палітвязняў, у якіх адзін з бацькоў ці абодва знаходзяцца ў зняволенні (у тым ліку на «хіміі» з накіраваннем ці без);
— былыя палітвязні, якія ўжо вызваліліся.
Сабраныя сродкі пойдуць на:
— экскурсіі, паездкі, падарожжы, дзіцячыя летнікі;
— адукацыйныя гурткі па шахматах, маляванні і інш.;
— спартовыя секцыі: басейн, тэніс, футбол;
— рыштунак для гульняў: мячы, красоўкі, самакат, ровар, ролікі, пэндзлі, ватман.
«Калі вы перажываеце за вашу бяспеку, вы можаце запоўніць форму не дасылаючы дакументы. Мы з вамі звяжамся і ўдакладнім неабходную інфармацыю ў ліставанні», — удакладняюць стравальнікі ініцыятывы.
Паведамляецца, што на кожнае дзіця да 16 гадоў будзе выплачаная дапамога ў памеры 100 еўра. Заяўкі будуць прымацца па 19 траўня ўключна. Каб атрымаць дапамогу трэба запоўніць форму.
А цяпер пра лічбы. Яшчэ да заканчэння вясны беларусы
сабралі дзецям палітвязняў больш за 20 тысяч еўра. Пры гэтым збор працягваецца,
канчатковая мэта — дасягнуць агульнай сымы ў памеры 23 тысячы 400 еўра.