Праект законапраект аб амністыі ўхвалены: “экстрэмістаў” і “тэрарыстаў” не закране?

Да «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў» амністыю прапануецца не ўжываць. Улада баіцца гэтых людзей, не можа ім дараваць, што падняліся супраць парушэнняў Лукашэнкам выбарчых законаў і Канстытуцыі, — пракаментаваў законапраект праваабаронца Леанід Судаленка.

img_3052_logo_2.jpg

Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 30 траўня прыняла адразу ў двух чытаннях законапраект “Аб амністыі ў сувязі з 80-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”, піша "Позірк".

Згодна з дакументам, амністыя будзе ўжытая да 7 850 асуджаных.

Зрэшты, деянне закона прапанавана не распаўсюджваць на “асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці”.

Судаленка пра новую амністыю: «Гэта дэманстрацыя няздольнасці ўлады да дыялогу з грамадствам»

Праваабаронца «Вясны», былы палітзняволены Леанід Судаленка ў інтэрв’ю Свабодзе сказаў, што расчараваны тым, што прыняты ў двух чытаннях закон аб амністыі дэманструе нежаданне ўладаў ісці на дыялог з вялікай часткай беларускага грамадства Беларусі, якая дамагаецца дэмакратычных зменаў.

«Галоўнае ў амністыі 2024 года — тое, што яна не распаўсюджваецца на палітычных вязняў і такім чынам пакідае нявырашаным пытанне аб вызваленні тысяч патрыётаў Беларусі», — кажа Леанід Судаленка.

А крокі ўладаў па вызваленні з-за кратаў некаторых асуджаных па крымінальных артыкулах беларусаў праваабаронца назваў «вельмі асцярожнымі і скупымі».

«З амаль 8 тысяч, да каго будзе ўжытая амністыя, на волю выйдуць толькі 300 тых, хто ўжо знаходзіцца за кратамі. Чаму так мала? Лічу, улада баіцца гэтых людзей, бо і яны нясуць зарад незадаволенасці. А палітычных не хочуць амніставаць, бо Лукашэнка іх баіцца яшчэ больш, не можа ім дараваць, што падняліся супраць парушэнняў ім выбарчых законаў і Канстытуцыі. Лічу, краіна знаходзіцца ў вельмі складаным становішчы, а Лукашэнка дэманструе няздольнасць ісці з грамадствам на дыялог. Для сябе ён, як сам казаў, „перагарнуў старонку“, а для людзей — не. Павесіў на тысячы лепшых ярлыкі экстрэмістаў ці нават тэрарыстаў, і нічога не хоча мяняць», — адзначыў праваабаронца.

Інфаграфіка "Вясны"

Інфаграфіка "Вясны"

Хто ў гуманітарным спісе

Па стане на 6 траўня 2024 года праваабаронцам вядома не менш як пра 254 палітвязняў, якія знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы.

Сярод іх 16 чалавек з інваліднасцю, 92 чалавекі ў цяжкім стане здароўя, 63 чалавекі, чый узрост перавышае 60 гадоў (шмат хто з іх мае вялікія праблемы са здароўем), а таксама 10 чалавек з ментальнымі разладамі. 23 маладых людзей затрымалі непаўналетнімі, сярод палітзняволеных 40 шматдзетных маці і бацькаў. Вядома мінімум пра пяць сямей, дзе абое бацькоў знаходзяцца за кратамі.

represii_2_1.webp

З 2020 года за барацьбу за грамадска-палітычныя правы і выказванне свайго меркавання ў Беларусі пераслед зазналі больш за 8000 жанчын, з якіх 1 154 былі асуджаныя па крымінальных справах. На сённяшні дзень у Беларусі налічваецца 173 палітзняволеных жанчын, 123 з іх на дадзены момант утрымліваюцца ў калоніях.

Самай старэйшай палітзняволенай беларускай застаецца 74-гадовая Наталля Таран, асуджаная да трох з паловай гадоў калоніі па дыфамацыйных артыкулах Крымінальнага кодэкса. 

А самая маладая палітзняволеная — 16-гадовая грамадзянка Украіна Марыя Місюк, якая паводле прапагандыстаў нібыта "стварыла анархісцкую ячэйку "Чорныя салаўі" пад кіраўніцтвам Нацыянальнай вызваленчай арміі Украіны", нагадваюць праваабаронцы.