Хронікі рэпрэсій за 29 траўня: 4 гады, як Сяргея Ціханоўскага пазбавілі волі
Затрыманне блогера папулярнага YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргея Ціханоўскага і іншых удзельнікаў выбарчага пікета ў Гродне 29 траўня 2020 года распачало хвалю масавых рэпрэсій у Беларусі, якая трывае да гэтага часу.
- Мінімум 5 133 асуджаных па крымінальных справах: чатыры гады рэпрэсій у лічбах
За чатыры гады з пачатку рэпрэсій тысячы людзей прайшлі праз затрыманні, збіванні і катаванні, «суткі» і зняволенне па палітычных матывах.
Чатыры гады рэпрэсій — гэта 1 461 дзень бесперапыннага пераследу грамадзянскай супольнасці за нязгоду з дзеяннямі ўладаў; гэта штодзённыя затрыманні людзей, якія чытаюць навіны ў незалежных СМІ, выказваюць салідарнасць з палітзняволенымі, падтрымліваюць Украіну ў вайне супраць Расіі; гэта тысячы беларусаў, якія вымушаны былі пакінуць свой дом праз пагрозу палітычнага пераследу; гэта шэсць памерлых у зняволенні беларусаў, якім не змаглі своечасова аказаць якасную медыцынскую дапамогу.
- 77 чалавек асудзілі за данаты
У Беларусі пераследуюць за салідарнасць. Як паведаміла МУС, толькі з пачатку 2024 года 260 чалавек зрабілі «дабраахвотных ахвяраванняў» на суму больш за 356 тысяч долараў. Некаторых данаціўшых адразу затрымліваюць у межах крымінальнай справы за «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці».
На сённяшні дзень вядома пра як мінімум 77 асуджаных за данаты паводле арт. 361-2 КК (фінансаванне экстрэмісцкага фармавання) і ў сукупнасці з арт. 290-1 КК (фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці). Гэта людзі розных прафесій, сфераў дзейнасці і сацыяльнага статусу: галоўны інжынер буйнога прадпрыемства і былы супрацоўнік банка, сын палітыка і выкладчыца англійскай мовы, псіхалагіня і прэс-сакратар.
- Чатыры гады таму быў затрыманы Сяргей Ціханоўскі
29 траўня 2020 года падчас правядзення пікету па зборы подпісаў грамадзян у падтрымку вылучэння ў якасці кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай у Гродне затрымалі кіраўніка ініцыятыўнай групы, блогера папулярнага YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргея Ціханоўскага і яшчэ прынамсі 15 грамадзян, якія бралі ўдзел у тым пікеце.
Праз два дні праваабаронцы прызналі блогера палітычным зняволеным. Сяргей Ціханоўскі — першы палітвязень Беларусі за падзеі 2020 года. Праз паўтара года яго асудзілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса да 18 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Пазней Ціханоўскаму прызначылі яшчэ паўтара года зняволення — яго абвінавацілі паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Больш за год ён утрымліваецца ў рэжыме інкамунікада без сувязі са знешнім светам.
- На прапаведніка евангельскай царквы распачалі крымінальную справу
Супраць евангельскага прапаведніка царквы «Дабравесце» Мікалая Хіло распачалі крымінальную справу, піша «Хрысціянская візія». Па якім артыкуле — невядома.
Яго затрымалі 24 красавіка. З Акрэсціна прапаведніка перавялі ў СІЗА ў Калядзічах. Прычыну затрымання і дэталі крымінальнай справы актывісты не ведаюць.
- За ўдзел у паслявыбарчай акцыі пратэсту САХР затрымаў адразу пяць сяброў
Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі відэа з затрыманымі мужчынамі.
На камеру мужчыны гавораць, нібыта ў 2020 годзе ўдзельнічалі ў пратэсце. У роліку паказваюць іх сумеснае фота на адной з вуліц у Мінску.
Па якім канкрэтна артыкуле іх абвінавачваюць, невядома.
- Сілавікі затрымалі акцёра аднаго з мінскіх тэатраў
Паводле інфармацыі @mediazona_by, затрыманы — акцёр Аляксандр Гладкі. Сцвярджаецца, што ён быў падпісаны на «экстрэмісцкія рэсурсы» і прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце плана «Перамога».
- Кватэру беларускага айцішніка арыштавалі пасля акцыі за мяжой
Сваёй гісторыяй з dev.bу падзяліўся адзін з чытачоў.
«Ад канца красавіка амаль кожны дзень у кватэру стаў хтосьці прыходзіць і стукаць у дзверы. Ані званка ў дамафон, ані званка ў дзверы. Мама (яна прапісаная ў кватэры) прынцыпова нікому не адчыняла і да дзвярэй не падыходзіла. Праз два тыдні ў дзверы ўжо не стукалі. Іх адразу вынеслі, вырашыўшы, мабыць, што ў кватэры нікога няма.
Выявілася, гэта былі супрацоўнікі КДБ. Іх прыход быў звязаны з маім удзелам у «экстрэмісцкай дзейнасці». Я быў пару разоў на замежных акцыях, бачыў людзей, якія вялі здымку, меркаваў, што гэта маглі быць як і мясцовыя спецслужбы, так і засланцы з Беларусі. Такім чынам зацікавіліся і маім знаёмым, які апошні раз быў на Дні Волі год таму.
Кватэру арыштавалі, апісалі маёмасць.
Усю апісаную маёмасць перадалі маме на адказнае захоўванне. Іншых падрабязнасцяў не ведаю, бо з мамы ўзялі падпіску аб неразгалошванні».
- На хірурга-стаматолага і двух яго сяброў «павесілі» цэлы шэраг крымінальных артыкулаў за чат, у якім яны перапісваліся між сабой
Эдуард Кашэцян — 32-гадовы мінчук з армянскімі каранямі. Па адукацыі ён урач, працаваў у 4-й гарадской стаматалагічнай паліклініцы. Яго затрымалі ў верасні 2023-га за чат, у якім яны з сябрамі абмяркоўвалі розныя падзеі. Імаверна, тады ж затрымалі і двух яго сяброў.
Сябры Эдуарда — 33-гадовы Уладзімір Алісіевіч і 34-гадовы Андрэй Валахановіч.
Іх абвінавачваюць паводле пяці артыкулаў. Гэта «распальванне варажнечы групай асобаў або з цяжкімі наступствамі» (ч. 3 арт. 130 КК), «дыскрэдытацыя Беларусі» (арт. 369-1 КК), «рэабілітацыя нацызму, здзейсненая групай асобаў або з цяжкімі наступствамі» (ч. 3 арт. 130-1 КК), «удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК) і «абраза Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК).
Сябрам пагражае ад 5 да 12 гадоў калоніі. Суд над мужчынамі пачнецца 7 чэрвеня ў Мінгарсудзе. Працэс будзе весці суддзя Любоў Сімахіна.