Патрэбнасць нацыянальнага жыцця для беларусаў і самаазначэння народа

Рана ці позна наш народ прабудзіцца з нацыянальнага сну, але які страшны суд зробіць над намі гісторыя, якім ашчэрным імем яна нас закляйміць, калі мы не прыложым цяпер працы да абуджэння нашага народа, да вываду яго з цемры несвядомасці да святла, — з агорнутай яго нядолі. Аб усім гэтым нам сведчаць гісторыі нацыянальнага абуджэння іншых народаў.

fabijan_szantyr.png


Фабіян Гіляравіч Шантыр нарадзіўся 135 гадоў назад 4 лютага ў Слуцку. За ўдзел у рэвалюцыйных падзеях зусім маладым быў зняволены ў Слуцкай турме (1905—1907). Працаваў мулярам, настаўнікам.
Пачаў друкавацца ў газеце «Наша ніва» (празаічныя абразкі-імпрэсіі, вершы). У 1914-м мабілізаваны ў расійскае войска. З 1917 года стаў адным з лідараў Беларускай сацыялістычнай грамады, у ліпені 1917-га быў абраны ў Цэнтральную раду беларускіх арганізацыяў і партыяў. Удзельнічаў у Першым Усебеларускім з’ездзе. З пачатку 1919 года — камісар (міністр) па нацыянальных справах Часовага ўрада БССР. У той жа год быў арыштаваны. У лютым 1920-га мабілізаваны ў Чырвоную Армію. А 17 красавіка 1920 года быў арыштаваны асобным аддзелам 16-й арміі і 29 траўня (у трыццаць тры гады) расстраляны.

f_szantyr__.jpg


Найбольш значная публікацыя Фабіяна Шантыра — кніга-брашура «Патрэбнасць нацыянальнага жыцця для беларусаў і самаазначэння народа», выдадзеная ў Слуцку ў 1918 годзе. У ёй аўтар дае кароткі абрыс гістарычнага шляху беларускага народа, найбольшую ўвагу засяродзіўшы на праблемах яго свядомаснага і нацыянальна-культурнага (мова, звычаі, светапогляд) развіцця, а таксама на пытанні новага беларускага нацыянальнага адраджэння.

4_kniha_iljustracyja.jpeg


Перачытайма гэтыя старонкі — поўныя рамантычнай узнёсласці, замілаванасці родным, веры ў будучыню Беларусі, якія — праз стагоддзе — маюць актуальнасць і ў нашыя дні.
*****
Як не горка і не смешна, але калі мы пачынаем гаварыць аб адражэнні Беларускага народа, аб патрэбе для яго нацыянальнага і палітычнага жыцця, нам задаюць пытанні, ці мы, Беларусы, сапраўды ёсць жывы народ, ці не маем мы намеру стварыць нейкую штучную нацыю і штучнае палітычнае ўладарства? Хоць кожны добра ведае, што нацыя — гэта не прадукт творчасці чалавечай, а прадукт творчасці прыроды, што штучных ані мовы, ані псіхафізічнага тыпу чалавека ніхто не можа стварыць і што нармальнае палітычнае ўладарства можа быць толькі там, дзе ёсць аднародная маса па сваім бытавым, культурным і грамадзянскім укладзе.
<…>Гісторычна-палітычнае мінулае беларускага народа настолькі багатае, што памры беларускі народ цяпер як нацыя, — па ім бы застаўся такі велізарны помнік, цень каторага яшчэ многа вякоў гаварыў бы аб сабе. Цяпер жа, калі мы пачалі прабуджацца, помнік мінулага будзе для нас нашым лепшым сведкам на права народа на самаазначэнне.
<…>Што мы разумеем пад нацыяй і пад той злучнасцю, каторая ёсць фундаментам існавання кожнай нацыі? Нацыя — гэта збор (сінтэз) праяў быту групы аднародных асоб, творачы з сябе так званую душу народа, каторая ў цэлым ёсць самабытная істота, маючая свае нязменныя законы быту, заснаваныя на цвёрдай падставе натуры. Законы гэтыя — мова, звычай, часткова гістарычнае мінулае і вера народа; прырода — краявід, клімат і ў некаторай частцы ўціск суседніх народаў. Першае выцякае з другога і творыць цэльнасць быту народа незалежна ад яго волі. Гэтая цэльнасць быту і ёсць вядомым нацыянальным інстынктам, які кіруе жыццём нацыі…
<…> Нацыянальнасць — гэта прырода быту народа, зусім незалежная ад яго волі і разумення.
<…> Як кожная часціна прыроды мае свае ўласные законы быту, таксама мае гэтыя законы і чалавек. Найгалоўнейшым з гэтых законаў і ёсць закон нацыянальнага жыцця. Нацыянальнае жыццё — гэта жыццё, якое мае для роста духу чалавечага праўдзівую дарогу. Па-за гэтай дарогай развіцця чалавечы дух вырасце калекам… Якая ж карысць жыць чалавеку нацыянальным жыццём свядома, з пераканання, і жыць, будучы несвядомым свайго нацыанальнага «я»? У першым — гэта пладатворчасць, прыносячая багаты ўраджай свету і культуры на роднай ніве, баронячая першаасновы свайго індывідуальнага «я» ад шкодных уплываў, у другім — замкнутая скрынка, поўная багацця, ключ ад каторай страчаны і ад каторай няма нікому карысці...
Патрэбнасць нацыянальна-свядомага жыцця не толькі ёсць патрэбнасцю, выцякаючаю з факту самога быту чалавечага, г. зн. патрэбнасцю, выцякаючаю з законаў прыроды, але, каб гэты быт быў дастойны свайго чалавечага імя, мусіць быць і патрэбнасцю, выцякаючаю са здаровага лагічнага разумення, — бо толькі народ, свядомы сваёй душы, свайго нацыянальнаго «я», свайго народнаго імя, становіцца раўнапраўным сябрам у сям’і народаў свету. Народ жа, несвядомы сябе, які не дбае аб павышэнні свайго духоўнага «я», такі народ ідзе на повадзе ў іншых народаў як нявольнік і часта становіцца крывавай арэнай змаганняў іншых народаў за яго нацыянальную вопратку — за яго зямлю, за яго працу. Гэткі народ, будучы слугою іншых, не толькі нічога не дае ў сусветную скарбніцу культуры, але, дбаючы сваім потам і крывёй для славы сваіх уладароў з аднаго боку, працуе над сваім вынішчэннем нацыанальным, ці, хутчэй, духоўным — з другога. Свядомасць свайго краю, усяго свайго роднага, свядомасць поступу свайго нацыянальнаго «я» — гэта найважнейшая патрэба ўсяго народа, гэта той штодзёны яго духоўны хлеб, без каторага ён як народ дастойна жыць не можа. Такая свядомасць вядзе да святла і дабрабыту народа не ў крыўду для другіх народаў. Усе вялікія людзі, усіх народаў і ўсіх часоў, у сваім жыцці кіраваліся адной нязменнай засадай нацыанальнай свядомасці — гэта праца над ростам паступовым нацыянальнай душы свайго народа, авеяная любоўю да ўсяго роднага.
<…>Патрэбнасць нацыянальнага жыцця цесна звязана з патрэбнасцю палітычнага самаадзначэння. Для нармальна-паступальнага развіцця свайго духу, чалавек, канечне, мусіць жыць нацыянальным жыццём. Каб уясніць, як неадлучна ідзе нацыянальнае жыццё з жыццём палітычным, звернем увагу на кардынальнейшыя бакі гэтага жыцця.
Уперш асвета: праўдзівая асвета, якая вядзе чалавека да вышэйшых ідэалаў, каб яна была карыснай для яго, мусіць праводзіцца ў роднай мове, мусіць быць зусім ад нікога незалежнай і вольнай і мець варункі эканамічнага існавання. Калі народ свядомы сябе і ад нікога незалежны, то і яго асвета не будзе слугою пануючых над народам, не будзе спрыяць закабаленню народа, а будзе ясным шляхам да праўды і хараства.
Далей: паступовы рост народа ў бок культуры і цывілізацыі залежыць ад эканамічнага багацця і сацыяльных парадкаў. <…> Пад якою культурнаю апекаю народ бы не быў, але калі гэта апека будзе чужою, то яна ніколі не дасць яму карысці і ў канцы канцоў прывядзе яго да поўнаго ўпадку.
Кінуты дэмакратыяй у час крывавай вайны лозунг самаазначэння кожнага народа, больш як калі патрэбны цяпер для правядзення яго ў жыццё. Гісторыя добра навучыла народы, што большая частка войн вядзецца і вялася за прымусовае далучэнне пад сваё ўладарства адным народам другога — і што народ, сілай прылучыўшы пад сваё ўладарства слабейшы народ, гэтым самым капа́е сабе магілу, бо ўсялякі народ можа развівацца ў кірунку к дабрабыту толькі тады, калі ён зложаны з аднародных гарманічных элементаў, а ўсялякая спрэчнасць рана ці поздна давядзе яго да поўнага развалу, чаму гісторыя не раз вучыла і што мы цяпер бачым з Расеяй. Ды і сілавое далучэнне адным народам другога не апраўдвае сваёй важнейшай мэты — эканамічнага ўзбагачэння, бо дасюль мы бачылі, што народ, насільна прылучыўшы пад сваё ўладарства другі народ, вялікую частку сваіх сіл траціць на тое, каб утрымаць сілай загорнутыя пад сваю ўладу народы ў пакоры, каторыя ніколі не перастаюць рвацца да волі, да самаазначэння.
Самаазначэнне кожнага народа не толькі карысна для яго аднаго, бо вядзе яго па праўдзівай дарозе цывілізацыі, культуры і дабрабыту ўсяго чалавецтва, але таксама карысная і для ўсіх народаў, бо сваім жыццём — не чынячы ніякіх перашкод на дарозе росту чалавечага духу, здабыцця эканамічных багаццяў і паляпшэння сацыяльных варункаў жыцця — прыбліжаючы ўсё чалавецтва да вялікіх ідэалаў волі, братэрства, любові.
Для нас, беларусаў, патрэбнасць нацыянальнаго жыцця і самаазначэння народа — гэта патрэбнасць усяго нашага быту. Ні адзін народ не стаіць на такім страшным бездарожжы і нацыянальна-духоўнага жыцця, і палітычнага бяспраўя, як мы, беларусы. Сотні гадоў наш бяздольны народ без свайго чалавечага імя блукае ў цемры нацыянальнай несвядомасці, а праз гэта служыць толькі ахвярай здзеку і пагарды. …Ён не можа выйсці на дарогу праўдзівага поступу да культуры, не можа ісці поруч з другімі нацыямі да агулова чалавечых ідэалаў, а стаіць адзінокі, сіратлівы, адгароджаны кітайскаю сцяною ад цывілізацыі, не могучы даць тых вялікіх скарбаў духу, якія носіць у сабе.
<…> Праз чужую мову, культуру, праз чужую народнасць ні адзін народ не можа прысці да агулова чалавечых ідэалаў раўнапраўным сябрам; калі ён страціць сваю мову, народнасць, сваю нацыянальную душу і пойдзе па дарозе культуры, то будзе толькі простым слугою таго, пад чыім імем ён будзе ісці, — ён прыйдзе не да культуры, а да сваёй нацыянальнай смерці, якая выльецца ў цяжкі векавы летаргічны сон.
<…> Найцяжэйшы час перажывае цяпер беларускі народ. Крывавымі слязьмі ён піша цяпер сваю гісторыю, стоячы над зруйнованай сваёй бацькаўшчынай...
Толькі цяпер, у час смерці і ўваскрашэння, каб наш народ зноў не астаўся на доўгія гады нявольнікам і ахвярай здзеку, мы павінны разбудзіць яго са сну несвядомасці да разумнага нацыянальнага быту, будовы сваёй бацькаўшчыны на падставе нашай народнасці і жаданняў народа.
Да працы нас павінна заахвочваць і гнаць разуменне наша, што шчасце ёсць толькі там, дзе ёсць святло, культура, воля. Усё ж гэта можна толькі здабыць на ніве грамадства, якое ўсведамляе сябе і сваё нацыянальнае імя.
Пры ўсім гэтым мы павінны памятаць, што разбудзіць народ да нацыянальнай свядомасці — гэта не значыць стварыць нейкую ідэю ўваскрашэння ўміраючай нацыі і даць яе народу як нешта новае, гэта — асвяціць толькі святлом нашага знання дарогу блудзячаму ў цемры гістарычнага бездарожжа народа беларускага, падзяліцца з ім, у імя справядлівасці, сваім знаннем; натуралізаваць скрытыя ў глыбі народа жаданні ў канкрэтныя формы, да каторых ён рана ці позна мусіць прыйсці сам.
Збудзіць беларускі народ — гэта значыць праявіць яго нацыянальную душу, яго нацыянальнае «я» да творчага свядомага самабыту на карысць вялікіх ідэалаў чалавецтва, даць ім можнасць карыстаць з скрытых багаццяў беларускай натуры.
Збудзіць беларуса да культурна-нацыянальнага жыцця — гэта значыць пачаць для яго новую эру гісторыі, эру не сну, здзеку, пагарды, адарванасці ад усяго светлага, а — вялікага грамадзянскага, мэтай каторага павінны быць шчырая злучнасць усіх народаў, абвенчаная праўдзіва чалавечай любоўю.
Мы павінны помніць, што жывы народ, маючы пад сабою нязменнымі асновы свайго нацыянальнага быту, не памрэ, а рана ці позна адродзіцца і сам адновіць сваё імя.
Не памрэ і беларускі народ.
Сотні гадоў ён знаходзіўся ў паўсне несвядомасці, а ўсё ж ён жывая нацыя, маючая свой уласны быт.
Рана ці позна наш народ прабудзіцца з нацыянальнага сну, але які страшны суд зробіць над намі гісторыя, якім ашчэрным імем яна нас закляйміць, калі мы не прыложым цяпер працы да абуджэння нашага народа, да вываду яго з цемры несвядомасці да святла, — з агорнутай яго нядолі. Аб усім гэтым нам сведчаць гісторыі нацыянальнага абуджэння іншых народаў.
Просты сэнс, простая рахуба здаровых разумаванняў кажуць нам, каб мы, усе тыя, хто свядомы свайго «я», хто жыве не толькі для сябе, але і для краю, для каго «народ», «бацькаўшчына» не пустыя словы, — каб усе гэтыя не былі безвалоднымі сведкамі ў гэты крывавы час разрухі і нядолі, сведкамі гора свайго народа; не глядзелі моўчкі, як сочыцца кроў з ран бацькаўшчыны, а былі шчырымі работнікамі на роднай ніве, праўдзівымі дзецьмі свайго бацькі народа, гатовымі прынесці яму ў ахвяру і розум, і душу, і нават, у патрэбе, жыццё.
Працаваць над абуджэннем свайго народа, працаваць над адбудовай вольнай бацькаўшчыны Беларусі, працаваць у карысць, каб яна не была пагардай іншым. А мы — не нявольнікамі сваёй цемры, а роўнымі сябрамі другім народам, — якая гэта вялікая доля для нас!