Рыхард Вагнер: Бог музыкі альбо «хросны бацька нацызму»?
10 студзеня 1833 года 20-гадовы Рыхард Вагнер выступіў у Лейпцыгу са сваёй першай сімфоніяй. Праз 100 гадоў, натхнёны спадчынай Вагнера, да ўлады ў Германіі прыйдзе Адольф Гітлер, і імя вялікага кампазітара назаўжды будзе звязанае з фашызмам. Пройдзе яшчэ 80 гадоў — і яго прозвішча возьме ў назву сумнавядомая ПВК. Ці справядліва з Рыхардам Вагнерам абыйшлася гісторыя?
Рыхард Вагнер нарадзіўся 22 траўня 1813 года ў Лейпцыгу. Дзяцінства маленькага Рыхарда прайшло за кулісамі тэатра — яго айчым быў акторам і часта браў хлопчыка на рэпетыцыі. Упершыню апынуўшыся ў чароўным свеце грыма і тэатральных дэкарацый, будучы найбуйнейшы рэфарматар і геній оперы пажадае застацца ў ім назаўжды.
Канчаткова вызначыўся з пакліканнем Вагнер ў 14 гадоў, натхніўшыся прыкладам нямецкага кампазітара, дырыжора Карла Марыі фон Вэбэра і ўзяўшы за свой ідэал дзявятую сімфонію Бетховена.
Маладому Вагнеру падабалася раскоша, ён імкнуўся да багемнага жыцця, хоць сціплыя фінансавыя магчымасці студэнта гэтага не дазвалялі. Пакуль яшчэ не прызнаны геній жыве не па сродках і заганяе сябе ў кіпцюры бясконцых пазыкаў.
Кампазітарская праца, скіраваная на рэалізацыю яго генія, была для Вагнера шчасцем, але проста працай дзеля працы ён пагарджаў.
Пазней Рыхард з жонкай Мінай паступяць у трупу музычнага тэатра Магдэбурга. Яна — актрыса, ён — дырыжор. Менавіта ў гэтым тэатры ўпершыню прагучаў твор, які пазней будзе вядомы, як опера Рыхарда Вагнера. Арыгінальная назва — «Забарона кахання». На жаль прэм’ера скончылася правалам — слухачы не зразумелі «што хацеў сказаць аўтар». Славалюбівы Вагнер не вытрымаў магдэбурскай паразы, звольніўся з тэатра і з’ехаў з горада.
Праўда, акрамя гонару была яшчэ адна прычына для ад’езду — Рыхарду і Міне давялося хавацца ад крэдытораў. У пошуках лепшага жыцця ці прынамсі пакою, у 1836 годзе маладыя адправіліся ў Кёнігсберг. Праз некаторы час Вагнер урэшце атрымаў там месца дырэктара тэатра, а Міна — акторкі, што, на жаль, ніяк не вырашыла іх фінансавых праблемаў. Пазыкі раслі, плаціць не было чым, Рыхард і Міна бясконца хаваліся — у Рызе, у Лондане, у Парыжы… Менавіта ў Парыжы Вагнер спадзяваўся нарэшце зацвердзіць сябе ў якасці Першага кампазітара ў свеце, але французская публіка не разглядзела маштаб яго таленту. Як кампазітар ён заставаўся незапатрабаваным, нягледзячы на ўсебаковую падтрымку і шчырыя рэкамендацыі ад нямецкага і французскага кампазітара габрэйскага паходжання Джакома Мэербера, тады суперзоркі парыжскай Grand Opera.
У Парыжы Рыхарду і
Міне жылося цяжка. Ён зарабляў на жыццё музычнымі аглядамі для мясцовай газеты і падпрацоўкамі. Грошаў не хапала нават на тое, каб
забяспечваць базавыя патрэбы. Аднак менавіта тут, у Парыжы, Вагнер піша оперы «Лятучы галандзец» і «Рыенцы»,
што сталі пазней прарывам, але пакуль былі нікому не патрэбнымі. Вагнер
ненавідзеў сваё становішча. Праз прызму асабістай галечы яму было невыносна глядзець
на раскошу тых, хто мог яе сабе дазволіць. Рыхар Вагнер заўжды ведаў — ён,
толькі ён і яго геній сапраўды вартыя падобных багаццяў, алё лёс уступаў з ім у
спрэчку.
Праз тры гады ў Парыжы пакуль яшчэ бясслаўны 29-гадовы Вагнер
вяртаецца ў Дрэздэн.
«Упершыню, — кажа ён у сваёй аўтабіяграфіі, — я ўбачыў Рэйн: вочы мае напоўніліся слязамі, і я, я, бедны артыст, пакляўся ў вечнай вернасці нямецкай айчыне».
У тым жа годзе Вагнер спазнаў трыўмф пасля першай пастаноўкі яго оперы «Рыенцы» і ў хуткім часе атрымаў пачэсную пасаду дырыжора Дрэздэнскай Каралеўскай Оперы, дзе збіраўся прасунуць свае рэформы ў драматычным мастацтве, але напаткаў супраціў сваім ідэям.
«Разважаючы аб няўдачы, аб сваёй рэфарматарскай спробе, Вагнер прыйшоў да высновы, што падставы ўсяго гэтага трэба шукаць не ў мясцовых, адзінкавых прычынах, але ў агульным становішчы сучаснага грамадства, і што рэформа тэатра павінна мець папярэдняй умовай пераварот у сацыяльных норавах, — піша французскі прафесар-філолаг, крытык Вагнера Анры Ліштанбержэ ў артыкуле «Рыхард Вагнер як паэт і філосаф», — І вось з гэтага часу Вагнер усе свае надзеі ўскладае на ўсеагульную Рэвалюцыю, на той сусветны патоп, які ў сваім нястрымным віры знясе буржуазны капіталізм разам з яго несправядлівымі законамі, з яго пыхлівым мастацтвам».
У 1849 годзе ў Дрэздэне адбылося паўстанне, што ставіла на мэту звяржэнне манарха і ўстанаўленне рэспублікі, якое Вагнер горача падтрымаў. Аднак рэвалюцыя пацярпела паразу, кароль вярнуўся на трон, а Рыхарда Вагнера абвясцілі ў вышук. Рыхард і Міна зноў былі вымушаныя бегчы. Наступныя 8 гадоў Вагнер правёў у Цюрыху.
Вагнера часта называюць сацыялістам, але адносна палітычнай арыентацыі Рыхарда Вагнера Анры Ліштанбержэ мяркуе наступнае: «Ён не быў сацыялістам, таму што калі і праклінаў каралеўства капіталізму і патрабаваў адмены ўласнасці, то глядзеў на камунізм, на раўнамернае размеркаванне сродкаў як на «самую смешную і самую недарэчную з усіх дактрын», як на небяспечную і нязбыўныю ўтопію. Ён не быў таксама ні рэспубліканцам, ні дэмакратам, таму што, застаючыся верным аднаму з найстаражытных інстынктаў германскай расы, жадаў бачыць на чале вольнага народа моцнага, магутнага караля, надзеленага даверам сваіх падданых, бачнага прадстаўніка нацыі і расы».
«Нельга не заўважыць таго, што адмоўнае, адштурхваючае ўражанне, якое ствараюць на нас габрэі, значна больш натуральнае і глыбока мацнейшае за наша свядомае імкненне пазбавіцца ад гэтага не гуманістычнага настрою», — піша Вагнер.
Ён настойвае на тым, што габрэі з’яўляюцца непрыязнымі для немцаў на нейкім
біялагічным узроўні і заклікае суайчыннікаў гэтага не саромецца. Так, напрыклад,
Рыхард Вагнер піша пра «гарбрэйскую знешнасць, якая ніколі не можа быць
прадметам чыстага выяўленчага мастацтва. А гэта — вельмі важна: чалавека,
знешнасць якога лічым няздольнай да перадачы прыгожага, мы павінны
прызнаць наогул няздольным да артыстычных праяў сваёй істоты». Чым не фашысцкая брашура пачатку саракавых
наступнага, XX стагодзя? «Тое, што адукаваны, знаёмы з мастацтвам габрэй хацеў выказаць у
сваіх спробах стварыць мастацкія творы, магло быць толькі нікчэмным і
трывіяльным», — настойвае вялікі кампазітар, верагодна, пад акампанемент
Мендэльсона, асоба якога мякка кажучы супярэчыла думкам Вагнера.
Аднак і для Мендэльсона Вагнер падабраў грэблівую танальнасць гаворкі: «Ён даказаў нам, што габрэй можа мець найбагацейшы спецыфічны талент, можа мець вытанчаную і ўсебаковую адукацыю, даведзеную да дасканаласці, тонкае пачуццё гонару, і ўсё ж, нягледзячы на ўсе гэтыя перавагі, ён не ў стане стварыць таго ўражання, што захапляе душу і сэрца, якога мы чакаем ад мастацтва, якое мы заўсёды адчувалі, як толькі хто-небудзь з прадстаўнікоў нашага мастацтва звяртаўся да нас, каб гаварыць з намі.
Пры гэтым варта прыняць да ўвагі, што кампазітар узяў сабе за ўзор музычны стыль нашага старога майстра — Баха, формамі якога ён карыстаўся наўзамен уласнай, няздольнай да выразнасці, мовы, — піша Вагнер і дадае, — Але акрамя Мендэльсона, ніякі іншы габрэйскі кампазітар не ў стане ўзбудзіць у нас нават падобны ўдзел».
Сканчвае ж Рыхард Вагнер свой артыкул зусім непрыкрытымі фармулёўкамі. «Для габрэя зрабіцца разам з намі чалавекам, значыць перш за ўсё перастаць быць габрэем, — піша ён, — Станавіцеся ж не саромеючыся, — скажам мы габрэям, — на правільны шлях, бо самазнішчэнне ўратуе вас!».
Пры ўсім пафасе і экстазе, з якім напісаны гэты артыкул,
Вагнер пакідае ў ім несуцяшальнае для сябе сцвярджэнне: «Габрэі пануюць і
будуць панаваць, пакуль за грашыма захаваецца сіла, перад якой бяссільныя ўсе
нашы памкненні і справы». Узгадаем жа, што Вагнер піша гэта сярод галечы і
патрэбы, страціўшы прэстыжную пасаду і перспектывы. Як тут не звярнуцца да ідэі
банальнасці зла, сфармуляванай Ханнай Арэндт праз больш за сотню гадоў пасля
апісаных падзеяў. Хутчэй за ўсё Рыхардам Вагнерам кіравала несхаваная, лютая
злосць і зайздрасць да тых, каму лёс дараваў большую матэрыяльную бяспеку і магчымасць
рэалізацыі таленту. Так сталася, што гэта былі габрэі.
Прасякнуты жалобай да
самога сябе, да сваёй пакуль яшчэ незавіднай долі, Вагнер фіксаваў на паперы
свае страшныя ідэі, наўрад ці ўяўляючы сабе жах XX стагоддзя, у якім яны
рэалізуюцца.
Тым не менш, звярнуўшыся да цытатаў Рыхарда Вагнера, чытач наўрад ці калісьці пагадзіцца са сцвярджэннем пра тое, што асобу кампазітара фашысты папросту «выкарысталі ў палітычных зацікаўленнасцях», бо сам ён даў для гэтага зашмат красамоўных падставаў. Пры гэтым варта адзначыць, што найбольш крыважэрлыя цытаты ў адносінах да габрэяў, якія прыпісваюць Рыхарду Вагнеру, хутчэй за ўсё ніколі не былі ім напісаныя, прынамсі на тое няма ніякіх пацверджанняў. Да таго ж іх лёгка можна адрозніць па стылістыцы — Вагнер быў майстрам слова ці не ў той жа ступені, што музыкі, і таму яго страшныя думкі насілі адзенне вытанчаных фармулёвак.
Калі ж вы занепакояныя далейшым лёсам Рыхарда Вагнера, пазначым, што ён, нечакана для самога сябе, дасягнуў мары пра жыццё сярод раскошы. Пасля бясконцага матляння па Еўропе ў надзеі збегчы ад крэдытораў, ён дабраўся да Мюнхена, дзе на трон узыйшоў 18-гадовы кароль Людвіг II — шчыры прыхільнік творчасці Вагнера. Між каралём і кампазітарам завязалася ліставанне, у якім абодва не шкадавалі самых высокіх эпітэтаў, каб выказаць адно аднаму захапленне.
Але каралю ўсё ж давялося прасіць Рыхарда пакінуць Баварыю — у адказ на раскошнае жыццё кампазітара за кошт падаткаплацельшчыкаў кабінет міністраў нават прыгразіў пайсці ў адстаўку.
Пазней Рыхард Вагнер пакахае жонку лепшага дырыжора сваіх твораў — Козіму фон Бюлоў, дачку Фэрэнца Ліста. Гэта будзе скандальнае, але ўзаемнае каханне, якое таксама стане праблемай у адносінах з каралём каталіцкай Баварыі. Рыхард і Козіма ўсё ж ажэняцца, дачка Фэрэнца ліста народзіць Вагнеру дзяцей. Рыхард Вагнер памрэ ў 1883 годзе у Венецыі, на руках у сваёй каханай.
Вагнера назавуць «ідэйным натхняльнікам Халакосту», «хросным бацькай нацызму» — верагодна, не беспадстаўна. У Ізраілі музыка Вагнера забароненая для выканання непрапісаным законам. Некаторыя выбітныя музыкі сёння сыходзяцца ў думках пра тое, што, калі б не крыважэрлыя выказванні, Вагнер цалкам мог бы прэтэндаваць на месца ў музычным пантэоне сярод геніяў Баха, Бетховена, Моцарта.
«Проста сядзець і атрымліваць асалоду ад яго музыкі не магу і дома ніколі яе не слухаю... Антысеміцкія выказванні прадзеда назаўжды азмрочылі маё жыццё, — кажа праўнук кампазітара Готфрыд Вагнер, — Не магу аддзяліць яго оперы ад яго трактатаў. Яго тэорыя і музыка — адзінае цэлае... Ён заўжды лічыў сябе найперш філосафам, і ўжо потым кампазітарам».
Так адзін геній, не здолеўшы стрымаць банальную зайздрасць і злобу, не вытрымаўшы выпрабаванняў лёсу, аддаў сваю асобу на патрэбу горшаму, што было і ёсць на нашай зямлі, нягледзячы на боскае паходжанне яго музыкі, якая дагэтуль змагаецца за права на існаванне разам з тымі, хто змагаўся супраць фашызму тады і змагаецца зараз.
Напрыканцы дадзім слова амерыканцу Філу Голдзінгу, аўтару папулярнай кнігі «Класічная музыка: 50 найвялікшых кампазітараў і іх 1000 найвялікшых твораў», які пакінуў наступную цытату пра Рыхарда Вагнера, чыю творчасць цаніў надзвычай высока:
«Рыхард Вагнер быў жудасны чалавек. Ён падманваў, здраджваў, краў чужых жонак, разбураў сем'і, чыніў здраду сябрам. Ён ненавідзеў габрэяў і каталікоў. Ён ненавідзеў усё французскае. Ён не меў аніякай маралі. Ніхто ў музычнай гісторыі не меў большага эгацэнтрызму, і калі б была створана кніга самых непрыемных людзей у гісторыі чалавецтва, тады ён безумоўна належаў бы да самых першых імёнаў гэтай кнігі. Але ён быў таксама фантастычным музычным геніем. Немагчыма любіць Вагнера, але гэтак жа немагчыма адмаўляць яго геній».